Родны край вачыма дашкалят

- 10:59МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

 

У цяперашні час ідэя патрыятычнага і грамадзянскага выхавання набывае ўсё большае грамадскае значэнне і становіцца задачай дзяржаўнай важнасці. Калі мы хочам, каб дзеці палюбілі сваю краіну, свой горад, нам трэба паказаць іх з лепшага боку. Менавіта ад таго, якім прадстане перад дашкольнікамі іх родны край, якія эмоцыі і пачуцці выклікае, у канчатковым выніку залежыць станаўленне іх грамадзянскага погляду і патрыятызму.

Азнаямленне з родным горадам мы пачалі са знаёмства з дзіцячым садам, яго тэрыторыяй. Дзеці атрымалі адказ на пытанне: “Што такое дзіцячы сад?” Малыя пазнаёміліся з унутранай арганізацыяй дашкольнай установы, наяўнасцю узроставых груп, з людзьмі розных прафесій, якія працуюць у садзе. Адной з асноўных форм работы сталі прагулкі-падарожжы па тэрыторыі дзіцячага сада. Пасля прагулак праводзіліся гутаркі, якія фарміравалі станоўчыя адносіны да таго, што бачылі дзеці, развівалі і ўзбагачалі мову выхаванцаў. Уяўленні замацоўваліся і ў творчай дзейнасці.

Праз выкарыстанне прэзентацый дзеці пазнаёміліся з гісторыяй горада Круглае, яго традыцыямі і звычаямі. У ходзе гутарак з бібліятэкарам выхаванцы даведаліся пра сімвал нашага гораду – “Падкову шчасця”. Падчас мастацкай дзейнасці дзеці зляпілі рэльеф “Падкова на шчасце”. Выніковым мерапрыемствам па гэтай тэме стала гульня-падарожжа “Гэта ён, гэта ён – родны мой мікрараён”, дзе дзеці з вялікай ахвотай расказвалі пра свае любімыя месцы для прагулак у мікрараёне, а таксама прадстаўлялі адукацыйныя праекты “Мая малая радзіма”, “Родны свой край – любі і ведай!” На аснове гэтых праектаў былі створаны лэпбук “Мая малая радзіма”, фотаальбом “Горад мой, любуюся табою”, дыдактычныя гульні “Назаві аб’ект”, “Знайдзі пару”, “Збяры малюнак”.

У рамках даследчага праекта ”Гісторыя нацыянальнага касцюма”, выхаванцы наведалі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, дзе пазнаёміліся з асаблівасцямі нацыянальнага касцюма магілёўскага строю. Дзеці змаглі ў рэальнасці ўбачыць касцюмы жыхароў Круглянскага раёна, даведацца пра асаблівасці фактуры тканіны, вышыўкі, каляровай гамы. У рамках пазнавальнага праекта “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва роднага краю”, выхаванцы даведаліся пра творчасць народнага майстра Круглянскага раёна Л.М.Лямцавай, якая правяла майстар-клас для дзяцей па вырабу лялек-абярэгаў “Куватка” і “Пелянашка”. Вынікам гэтага праекта стала афармленне тэматычнага альбома “Л.М.Лямцава – народны майстар Кругляншчыны”.

Работа па выхаванні патрыятызму становіцца больш эфектыўнай, калі ўстанавіць цесную сувязь з бацькамі. Падчас гутарак дарослым прапаноўваліся сумесныя з дзецьмі “маршруты выхаднога дня” да рэчкі, у лес, парк, пасля якіх трэба было расказаць, што бачылі, зрабіць фотаздымкі. На аснове гэтых фотаздымкаў была аформлена фотавыстава “Гэта ён, гэта ён – родны мой мікрараён” з апавяданнямі дзяцей пра славутасці нашага горада. Былі арганізаваны фотавыставы “Дом, у якім я жыву”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў нашай сям’і”.

Такая сумесная дзейнасць дзяцей, бацькоў і педагогаў выхоўвае такія важныя якасці, як любоў да роднага краю, узаемадапамога, добразычлівасць, працалюбства, што з’яўляецца адным з галоўных фактараў патрыятычнага выхавання.

Ірына ЦІТОВА,
выхавальнік ясляў-сада № 7 Круглагага

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий