- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Азбука дарожнай бяспекі

 

 

Навучанне дзяцей правілам дарожнага руху – гэта жыццёвая неабходнасць, таму розныя мерапрыемствы па фарміраванні ўяўленняў пра небяспечныя паводзіны на вуліцы заўсёды актуальныя ў дашкольных установах.

У яслях-садзе № 3 Навагрудка праводзіўся тэматычны тыдзень “Дарожная бяспека”. На працягу гэтага часу з дзецьмі старшай “А” групы праводзіліся гутаркі пра правілы дарожнага руху на тэмы “Каб не здарылася бяда”, “Правілы паводзін на дарозе”, “Правілы паводзін у транспарце”, тэматычныя заняткі “Азбука пешаходаў”, “Дарожныя знакі – нашы верныя сябры”, “Падарожжа ў краіну Святлафорыя”.

Шырока прымяняўся гульнявы куток “Дарожная бяспека”, які напоўнены разнастайнымі па выглядзе і зместу дыдактычнымі гульнямі: “Увага, дарога!”, “Дарожныя знакі”, “Збяры дарожны знак”, “Як пазбегнуць непрыемнасцей на дарозе?”, “Дарожнае лато”, “Што няправільна?”, парнымі малюнкамі “Транспарт”, “Дзеці і дарога”, загадкамі і вершамі па правілах дарожнага руху. Для абыгрывання з дзецьмі розных дарожных сітуацый выкарыстоўваўся макет “Вуліца”, у якім дзеці свабодна маніпулявалі атрыбутамі.

Выхаванцы з задавальненнем гулялі ў розныя гульні па ПДР падчас прагулкі. Для гэтага на тэрыторыі дзіцячага сада на адной з веранд выкарыстоўваліся атрыбуты розных сюжэтна-ролевых гульняў, дзе выхаванцы штодня мелі магчымасць практыкавацца ў выкананні правіл дарожнага руху, арыентаванні ў дарожных абставінах, правільным рэагаванні на іх змяненне. Напрыклад, у сюжэтна-ролевых гульнях “Вадзіцелі”, ”Паездка ў аўтобусе”, “Мы – юныя пешаходы”, “Падарожжа па горадзе”, “Падарожжа на аўтобусе” развіваліся і замацоўваліся ўменні правільна рэагаваць на сігналы святлафора, правільна ўваходзіць у транспарт і выходзіць з яго, выконваць правілы бяспечных паводзін у якасці пешахода і пасажыра.

Падчас гульняў выхавальнік стварала розныя праблемныя сітуацыі: напрыклад, на праезнай частцы не было пешаходнага пераходу, святлафора ці няправільна былі выстаўленыя ўжо знаёмыя дзецям знакі, а дзеці павінны былі дзейнічаць у адпаведнасці са створанымі сітуацыямі, вырашаць пастаўленыя перад імі задачы.

Падчас рухомых гульняў на прагулках у выхаванцаў фарміраваліся рухальныя навыкі, дзеці вучыліся каардынаваць свае рухі, суадносіць іх з рухамі іншых дзяцей, правільна рухацца ў адпаведнасці з атрыманымі заданнямі. Напрыклад, падчас гульні “Стоп!” у дзяцей развівалася ўвага, хуткасць рэакцыі, уменне дзейнічаць у адпаведнасці з каляровымі сігналамі вядучага.

Важную ролю ў прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму адыгрывае цеснае ўзаемадзеянне нашай дашкольнай установы з бацькамі. У рамках тэматычнага тыдня і рэспубліканскай акцыі “Увага, дзеці!” выхавальнікі правялі з бацькамі індывідуальныя гутаркі, накіраваныя на забеспячэнне бяспекі перавозкі дзяцей, нагадалі пра неабходнасць сачыць за выкарыстаннем рамянёў бяспекі, за ўключэннем блізкага святла фар, у тым ліку і ў светлы час сутак. Бацькам былі прапанаваны памятка “Правілы перавозкі дзяцей у аўтамабілі”, інфармацыйны лісток “Бяспека. Правілы дарожнага руху”, кансультацыя “Як зберагчы дзіця ад няшчасцяў на дарогах”.

Важна не толькі ўзбагачаць і пашыраць ўяўленні дзяцей пра правілы бяспекі на дарозе, фарміраваць практычныя навыкі паводзін на вуліцах , але і пераканаць іх у тым, што кожны ўдзельнік дарожнага руху, і дзіця, і дарослы, павінен выконваць устаноўленыя правілы для захавання жыцця і здароўя.

Надзея ЕРЧЫК,
выхавальнік ясляў-сада № 3 Навагрудка

   

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ