Алена АРЛОВА,
настаўнік-дэфектолаг
ясляў-сада № 142 Мінска
Працуючы з дзецьмі ў спецыяльнай групе для дзяцей з ЦПМ, разумееш, што ў іх існуе не толькі моўная паталогія. Дзеці маюць вельмі абмежаваныя звесткі аб рэчаіснасці: слаба арыентуюцца ў часе і прасторы, не разумеюць і не выкарыстоўваюць у актыве прасторавыя прыназоўнікі, не ведаюць элементарных прызначэнняў бытавых прадметаў, а часта слаба валодаюць навыкамі прыёму ежы (выкарыстанне відэльца, нажа і г.д.).
Карэкцыйныя хвілінкі, якія я праводжу штодня, дапамагаюць папоўніць прабелы ў розных кірунках карэкцыйна-развіццёвай работы, бо не заўсёды на карэкцыйных занятках паспяваеш сфарміраваць і замацаваць цэлы шэраг вельмі важных для дзяцей паняццяў, уменняў і навыкаў. Мае карэкцыйныя хвілінкі дапамагаюць актывізаваць, папаўняць, замацоўваць веды дзяцей па цэлым шэрагу кірункаў: поры года і іх чарговасць, месяцы і іх чарговасць, часткі сутак і іх чарговасць, дні тыдня і іх чарговасць, прыём ежы і іх чарговасць, разуменне і актывізацыя ў маўленні простых і складаных прыназоўнікаў (практычны паказ), утварэнне адносных прыметнікаў (харчовая тэматыка: грэцкая каша, грыбны суп і г.д.).
Я праводжу карэкцыйныя хвілінкі ў групавым пакоі, калі з’явіцца вольная хвілінка: пасля зарадкі, перад сняданкам, пасля прагулкі, перад абедам, перад падгрупавымі заняткамі, пасля падгрупавых заняткаў, перад прагулкай, паміж індывідуальнымі заняткамі. (Педагог выбірае сам вольны для гэтага час на працягу працоўнага дня).
У якой форме праводзіць карэкцыйныя хвілінкі? Я гэта раблю франтальна: дзеці стаяць вакол педагога (можна выкарыстоўваць мяч ці іншы спартыўны інвентар); дзеці сядзяць вакол педагога на дыванку (можна выкарыстоўваць мяч або іншы спартыўны інвентар); дзеці стаяць шарэнгай перад педагогам. (Педагог выбірае сам форму правядзення карэкцыйных хвілінак).
Падчас адпрацоўкі матэрыялу заданні з зорачкай даюцца толькі пасля засваення дзецьмі прамой паслядоўнасці падзей.
- Поры года і іх чарговасць.
Дзеці называюць іх у прамой і ў *зваротнай паслядоўнасці, напрыклад:
– Цяпер восень. Потым наступіць зіма, потым – вясна, а потым – лета. Назавем поры года ў зваротнай паслядоўнасці: лета, вясна, зіма, восень.
- Месяцы і іх чарговасць.
Дзеці называюць іх у прамой і *зваротнай паслядоўнасці, напрыклад:
– Цяпер восень. У восені тры месяцы: верасень, кастрычнік, лістапад. Назавем месяцы ў зваротнай паслядоўнасці*: лістапад, кастрычнік, верасень.
- Часткі сутак і іх чарговасць.
Дзеці называюць у прамой і зваротнай паслядоўнасці, напрыклад:
– Цяпер раніца. Потым наступіць дзень, потым – вечар, а затым – ноч. А цяпер, назад: ноч, затым вечар, затым дзень і раніца.
- Дні тыдня і іх чарговасць.
Дзеці называюць у прамой і зваротнай паслядоўнасці. Тут, таксама, актуальна задаць пытанні:
– Назавіце па парадку дні тыдня: панядзелак, аўторак, серада, чацвер, пятніца, субота, нядзеля.
– Назавіце толькі будні.
– Назавіце толькі выходныя дні.
– Як правільна называецца сёмы дзень тыдня?
– Як правільна называецца другі дзень тыдня?
– Як правільна называецца чацвёрты дзень тыдня?
– Як правільна называецца шосты дзень тыдня?
– Як правільна называецца першы дзень тыдня?
– Як правільна называецца трэці дзень тыдня?
– Як правільна называецца пяты дзень тыдня?
– Калі сёння серада, то заўтра наступіць …, а ўчора была ….
- Прыёмы ежы і іх чарговасць.
Дзеці называюць прыём ежы, адпаведны частцы сутак: сняданак, абед, падвячорак, вячэру. *Затым назад: вячэра, падвячорак, абед, сняданак.
- Простыя і складаныя прыназоўнікі адпрацоўваем з практычным паказам (самім педагогам або дзецьмі), з выкарыстаннем цацак.
Напрыклад:
– Куды схаваўся Нязнайка?
– За шафу.
– Адкуль ён выглядае?
– З-за шафы.
– Куды заехала машына?
– Пад шафу.
– Адкуль яна выехала?
– З-пад шафы і г. д.
- Утварэнне адносных прыметнікаў прымеркавана да прыёму ежы.
Абавязкова кантралюецца ўменне карыстацца лыжкай, відэльцам, нажом – для дзяцей-логапатаў гэта вельмі актуальна.
Дзеці правільна называюць: кашу, суп, кампот г.д. (напрыклад: грэцкая каша, фасолевы суп, яблычны кампот). Абмяркоўваюць, з якіх прадуктаў прыгатавалі ежу.
Самае галоўнае, падчас правядзення карэкцыйных хвілінак – сістэмнасць, паэтапнасць і шматразовае паўтарэнне навучальнага матэрыялу.
Я штодня праводжу з дзецьмі такія развіццёвыя карэкцыйныя хвілінкі і, хачу адзначыць, што вынікам вельмі задаволеная. Ужо да канца года дзеці з АПФР засвойваюць паняцці: заўтра, учора, сёння; называюць поры года і іх чарговасць; называюць месяцы і іх чарговасць; называюць часткі сутак і іх чарговасць; называюць дні тыдня і іх чарговасць; ведаюць прыёмы ежы і іх чарговасць; разумеюць і прамаўляюць простыя і складаныя прыназоўнікі; правільна ўтвараюць адносныя прыметнікі (грэцкая каша, грыбны суп і г.д.).