Святлана ШВАЧЫЧ,
намеснік дырэктара
Кармянскага раённага ЦКРНіР
Кармянскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі функцыянуе з 2004 года. ЦКРНіР з’яўляецца ўстановай спецыяльнай адукацыі, у якой у бягучым навучальным годзе арганізавана работа аднаго спецыяльнага класа для 6 навучэнцаў з цяжкімі множнымі парушэннямі ў развіцці. Навучанне дзяцей ажыццяўляецца на працягу дзевяці гадоў. За перыяд працы Кармянскі раённы ЦКРНіР скончылі трынаццаць выпускнікоў.
Выпускнікі ЦКРНіР па аб’ектыўных прычынах не навучаюцца ў прафесійных установах адукацыі і не працаўладкоўваюцца. Таму далейшая занятасць маладых людзей ажыццяўляецца ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў дзяржаўнай установы “Кармянскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.
Пераход выпускнікоў у ТЦСАН ажыццяўляецца з дапамогай сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай падтрымкі педагагічных работнікаў Кармянскага раённага ЦКРНіР. Суправаджаючы выпускнікоў, спецыялісты папярэджваюць або зніжаюць у іх псіхалагічны дыскамфорт, ствараюць спрыяльныя ўмовы для адаптацыі маладых людзей у новай жыццёвай сітуацыі.
Пры пераходзе выпускнікоў ЦКРНіР у цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва кіруемся “Метадычнымі рэкамендацыямі па арганізацыі працэсу пераходу выпускнікоў цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Аднак, за гады існавання ЦКРНіР, у нашым раёне выпрацавалася свая сістэма суправаджэння выпускнікоў. Так, калі, згодна з Метадычнымі рэкамендацыямі, мерапрыемствы па суправаджэнні выпускнікоў рэалізуюцца на працягу 1–2 гадоў, то мы пачынаем ўзаемадзеянне з ТЦСАН з першых дзён з’яўлення дзіцяці ў ЦКРНіР. З гэтай мэтай арганізуем Дні адчыненых дзвярэй, дзіцячыя святы і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, праводзім адкрытыя ўрокі, на якія запрашаем як бацькоў, так і супрацоўнікаў ТЦСАН. Арганізуем з імі міжведамасныя сустрэчы, навучальныя семінары.
У апошні час былі праведзены сумесныя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню інвалідаў, навагодняму святу, Дню здароўя, Міжнароднаму дню абароны дзяцей і інш. На гэтых мерапрыемствах навучэнцы і нашы былыя выпускнікі з аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадстаўлялі сумесныя музычныя нумары, танцы “Мы на прагулцы”, “Джэнтльмены”, “З парасонамі”. Для падрыхтоўкі танцавальных нумароў былі задзейнічаны спецыялісты ЦКРНіР: музычны кіраўнік і выхавальнік.
Нам пашанцавала, што на працягу пяці гадоў Кармянскі раён з’яўляецца пілотнай пляцоўкай па рэалізацыі сумеснага праекта ЮНЕСКА і Еўрапейскага агенцтва развіцця спецыяльнай адукацыі «Інтэграцыйныя методыкі сацыялізацыі ў грамадстве людзей з асаблівасцямі развіцця». У рамках гэтага праекта італьянскія псіхатэрапеўты праводзяць у нас заняткі па танцавальна-рухальнай псіхатэрапіі. Новаўвядзеннем нашага раёна стаў сумесны удзел у іх маладых інвалідаў аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН, навучэнцаў ЦКРНіР, іх бацькоў і спецыялістаў ЦКРНіР. Нашы педагогі пераймаюць вопыт і паспяхова ўжываюць яго на практыцы ў сваёй працы.
Мы ўбачылі, што сумесныя заняткі аб’ядноўваюць навучэнцаў цэнтра і маладых інвалідаў ТЦСАН. Дзякуючы гэтаму стымулююцца і падтрымліваюцца сацыяльныя сувязі навучэнцаў і выпускнікоў ЦКРНіР: яны знаёмяцца адзін з адным, узаемадзейнічаюць, у іх узнікаюць агульныя інтарэсы. І гэта прыводзіць у далейшым да лёгкага пераходу выпускнікоў у ТЦСАН.
Для таго каб адаптацыя ў ТЦСАН прайшла найбольш паспяхова, выкарыстоўваем для выпускнікоў, з улікам іх патрэбаў, сацыяльныя гісторыі: “Я ў ТЦСАН”, “Асцярожна, прыступкі!”, “Мой класс», “Як пазнаёміцца”, “Новы распарадак дня”, “Як прайсці дадому”, “Як запрасіць сябра пагуляць”, “Як далучыцца да размовы”, “Як павітаць сябра, калі бачыш яго ў першы раз” і інш. Для сацыяльнай гісторыі падбіраем ілюстрацыйныя матэрыялы: фатаграфіі людзей у абставінах, адпаведных тэксту, каляровыя малюнкі або схематычныя абазначэнні; пры неабходнасці ўплятаем у апавяданне ўпамінанне пра блізкіх людзей выпускніка.
На кожнага выпускніка складаем профілі авалодання сацыяльна-бытавымі і элементарнымі працоўнымі навыкамі, якія ўключаюць такія раздзелы, як “Гігіена і чысціня», “Прыём ежы”, “Апрананне і распрананне”, “Камунікацыя”. З улікам гэтых звестак у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання інвалідаў ствараюцца ўмовы для навучання выпускнікоў навыкам самастойных паводзін у побыце, на вуліцы і г. д. У выніку адбываецца ўключэнне маладых людзей у сацыяльнае ўзаемадзеянне. У профіль авалодання элементарнымі працоўнымі навыкамі ўключаем раздзелы: “Прадуктыўная праца”, “Гаспадарча-бытавая праца”, “Працоўная дзейнасць”. Кіруючыся дадзеным профілем, спецыялісты ТЦСАН прадумваюць і рэалізуюць віды працоўнай занятасці з улікам магчымасцяў выпускніка. Дзякуючы гэтаму захоўваюцца набытыя навыкі, веды, уменні, ажыццяўляецца бесперапыннае развіццё маладога чалавека. Вынікі працоўнай дзейнасці прадстаўляюць на творчых выставах.
Да мерапрыемстваў па пераходзе выпускнікоў ЦКРНіР ў ТЦСАН прыцягваем бацькоў, бо іх турбуе пытанне аб перспектывах свайго дзіцяці. На бацькоўскіх сходах, у індывідуальных гутарках інфармуем аб магчымых варыянтах далейшага жыццеўладкавання выпускніка. Запрашаем законных прадстаўнікоў навучэнцаў на ўсе мерапрыемствы, якія праводзім у ЦКРНіР і ТЦСАН. У канцы навучальнага года праводзім Дзень сям’і. З мэтай больш дэталёвага азнаямлення спецыялістаў ТЦСАН з выпускніком у рамках гэтага мерапрыемства праводзім такія конкурсы, як “Сямейныя традыцыі”, “Гісторыя маёй сям’і”, “Сямейная Кніга рэкордаў”, “Доўгажыхар сям’і” і др. Бацькі загадзя пішуць міні-сачыненне “Маё дзіця”, дзе апісваюць яго інтарэсы, уменні і навыкі, набытыя ў працэсе навучання, бачанне сям’ёй перспектыў яго сацыялізацыі і жыццеўладкавання.
У выніку правядзення такой работы пераход выпускнікоў з ЦКРНіР ў ТЦСАН праходзіць паспяхова, маладыя людзі без асаблівых цяжкасцяў адаптуюцца да новых умоў. Выпускнікі ЦКРНіР працягваюць весці актыўнае жыццё: пашыраюцца іх сацыяльныя кантакты, арганізоўвываецца прадуктыўная працоўная занятасць маладых людзей.