Гуляць у шахматы цікава

- 9:59ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Што такое шахматны клуб Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гродзенскага раёна? Гэта сям’я. Моцная і дружная сям’я. А яшчэ гэта трэніроўкі, адпачынак, спаборніцтвы, сустрэчы, вандроўкі і радасць ад усяго шахматнага жыцця.

У Гродзенскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі клуб “Шахматы” дзейнічае на працягу сямі гадоў За гэты час выявіліся заўзятыя аматары пагуляць у шахматы, паспаборнічаць адін з другім. Клуб у мінулым навучальным годзе наведвалі 24 навучэнцы, з іх 12 – вучні пачатковай школы. На выхадных прыходзяць у родныя сцены выхаванцы трэнера, якія ўжо адвучыліся.

Навучанне шахматам прыносіць у жыццё дзяцей шмат карыснага. Пра гэта можна доўга гаварыць. Але з чаго пачаць навучанне? Гэта пытанне задаюць часта. Адказ на яго ведае кіраўнік клуба “Шахматы” Раман Аляксандравіч Палтарыцкі. Шахматы – гэта гульня. Дзеці павінны пастаянна гуляць – каб навучыцца арыентавацца на плоскасці, запамінаць, параўноўваць, абагульняць, прадбачыць вынікі сваёй дзейнасці; каб развіць такія каштоўныя якасці, як уседлівасць, уважлівасць, самастойнасць, цярплівасць і вынаходлівасць. Значыць навучанне – гэта гульня. А гэтую справу дзеці ўмеюць рабіць лепш за ўсё на свеце.

У некаторых шахматных школах дзяцей адразу пачынюць вучыць правілам гульні і хадам фігур. Раман Аляксандравіч жа ўсімі сіламі стараецца развіць любоў да шахмат. Каб дзеці самі хацелі імі займацца, вучыцца, каб яны самі прасілі – давай пагуляем! Трэнер нацэлены на тое, каб шахматы дарылі дзецям радасць, узбагачалі іх духоўны свет. Пры ўмелым кіраўніцтве Рамана Аляксандравіча гэта гульня становіцца сродкам навучання і выхавання. Навучанне пачанаецца на ўзроўні, даступным для дзяцей, праз выкарыстанне дыдактычных прынцыпаў: ад лёгкага да складанага, ад вядомага да невядомага, уносячы элемент займальнасці і навізны.

Раман Аляксандравіч на занятках практыкуе адначасовую гульню. Гэта дапамагае развіваць увагу і мысленне. Бо кожная гульня – гэта своеасаблівая бітва са сваім сцэнарыем. Сістэматычна праводзяцца індывідуальныя і групавыя заняткі. Арганізаваны і кансультацыі для бацькоў па пытаннях “Як гуляць у шахматы з дзецьмі”, “Сям’я і шахматы”. Вядома, што добры вынік у спорце – гэта работа трэнера, вучня і бацькоў, і калі хаця б адзін элемент адняць, знікнуць дасягненні.

Асноўны ўпор у дзейнасці клуба робіцца на практыку. Як мага часцей выхаванцы выязджаюць на спаборніцтвы, каб набрацца вопыту. Спаборніцтвы – адна з самых важных частак у любым спорце. Яны правяраюць здольнасці, паказваюць на недахопы, даюць стымул. Штогод каманда Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прымае ўдзел у Абласных Алімпійскіх днях моладзі па шахматах. У 2020 годзе яна заняла другое месца.

Раман Аляксандравіч ніколі не спыняецца на дасягнутым і пастаянна штосьці змяняе, дапаўняе ў сваёй працы з дзецьмі, вар’іруе заданні, практыкаванні, гульні. А ў адказ атрымлівае ад дзяцей зарад бадзёрасці, станоўчыя эмоцыі, а таксама добрыя вынікі.

Марына ШАНДРОХА,
загадчык аддзела па спорце, турызме і краязнаўстве
Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий