- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Неразгаданыя з’явы прыводзяць да цікавых адкрыццяў

 

Каб дасягнуць высокіх вынікаў, павысіць якасць навучання, навучыць дзіця валодаць метадам даследчага стылю мыслення, неабходна доўгая, руплівая і сумесная праца настаўніка і вучня.

Навуковай дзейнасцю з вучнямі я займаюся на працягу 12 гадоў і  ўзначальваю навуковае аб’яднанне вучняў па біялогіі “Даследчык”, куды ўваходзяць навучэнцы 2-8 класаў. Развіццё даследчых уменняў і навыкаў школьнікаў дапамагае падняць іх цікавасць да вучобы, матываваць на дасягненне найбольш высокіх вынікаў. На пасяджаннях навуковага аб’яднання “Даследчык” з вучнямі пачатковых класаў  праводзім “Марафон пытанняў і адказаў”, а ў канцы занятка выбіраем самую цікавую навіну.

У гэтым навучальным годзе мы прачыталі ў часопісе цікавы артыкул аб Дэвідзе Латымеры з Англіі, які  40 гадоў таму пасадзіў традэсканцыю, паліў свой маленькі сад у бутэльцы і закаркаваў яе. Расліна выдатна сябе адчувае ўсе гэтыя гады.

Юныя даследчыкі зразумелі, што такой навінай змогуць здзівіць сваіх аднакласнікаў.

Ім захацелася паспрабаваць вырасціць падобны сад і праверыць, як доўга ён будзе існаваць.

Так у іх узнікла ідэя напісаць даследчую работу “Цуды за шклом”, у якой трымаўся б адказ на іх пытанне. Дзякуючы гэтай даследчай рабоце ўсе навучэнцы нашай установы даведаліся што такое экасістэма, яны разам з бацькамі чыталі пазнавальную літаратуру аб розных экасістэмах, у інтэрнэце знаходзілі цікавыя звесткі аб раслінах, а затым ва ўстанове дзяліліся сваімі ведамі.

На працягу некалькіх месяцаў хлопчыкі і дзяўчынкі  стварылі 7 экасістэм, за якімі назіраюць, дзеляцца ўсім, што заўважаюць. Цяпер кожны вучань пачатковых класаў можа арыгінальным і незвычайным спосабам упрыгожыць кватэру, ствараючы ўнікальныя кампазіцыі. Садзік у закрытай ёмістасці – гэта  эфектыўны прыём дэкарыравання свайго пакоя, за якім хочацца назіраць кожны дзень.

Правёўшы даследаванні, мы ўстанавілі патрэбны баланс і вызначылі рэкамендацыі пачынаючым кветкаводам-аматарам, падрыхтавалі буклет “Кавалачак прыроды ў нашым доме” і правялі акцыю “Паспрабуйце – і ў вас атрымаецца”.  Сваімі ведамі дзелімся з вучнямі і настаўнікамі і жадаем у новым навучальным годзе стварыць клуб аматараў прыроды. За малы прамежак часу мы стварылі міні-садзік, які ўпрыгожыў класны пакой і стаў выдатным падарункам для блізкіх і сяброў.

 Для сябе мы зразумелі, што ў свеце ёсць шмат неразгаданых з’яў, а назіранні за прыродай прыводзяць да цікавых адкрыццяў. Цяпер у навучэнцаў нашай установы з’явілася яшчэ адно захапленне – мы ствараем цуды за шклом. А ў раённым конкурсе даследчых работ “Я – даследчык” мы атрымалі дыплом другой ступені.

Таццяна ДАМУЦЬ,
настаўнік біялогіі і хіміі Вераб’евіцкага дзіцячага сада-базавай школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ