Класны кіраўнік і яго месца ў станаўленні асобы вучня

- 14:40Классный час

 

Ала ПАНАСІК,
класны кіраўнік 8-га класа, настаўнік нямецкай мовы Галынкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна

 

Перад кожным настаўнікам, выхавальнікам і бацькам нязменна паўстаюць пытанні: якім павінен быць працэс выхавання? Якую атмасферу павінен стварыць выхавальнік, у якой дзіцяці было б утульна жыць?

Для таго каб працэс выхавання праходзіў паспяхова, лёгка для дзіцяці, вакол яго павінна быць створана такая атмасфера, дзе яму будзе гэтак жа добра і ўтульна, як у сям’і, дзе яго любяць, цэняць, дзе пра яго будуць клапаціцца настолькі, што ён стане цікавым сабе і іншым. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб вучань, пераступаючы парог школы, адчуў, што ў школе яго чакаюць.

Стварэнню такой атмасферы спрыяе ўзаемасувязь паміж усімі ўдзельнікамі вучэбна-адукацыйнага працэсу, дзе класны кіраўнік адыгрывае адну з галоўных роляў.

Класны кіраўнік – самы неабходны чалавек для дзіцяці ў сучаснай школе. У яго незвычайная місія ў жыцці: не толькі кіраваць, накіроўваць, але і выхоўваць. Яго прызначэнне – прасачыць за станаўленнем асобы дзіцяці, якое ўваходзіць у сучасны свет, выхаваць чалавека, здольнага годна заняць сваё месца ў жыцці.  

Але работа класнага кіраўніка ніколі не будзе па-сапраўднаму паспяховай, калі ён не ўзаемадзейнічае з сям’ёй, так як толькі ва ўзаемасувязі з сям’ёй можна вырашыць пастаўленыя школай, грамадствам і дзяржавай задачы – выхаваць сапраўднага чалавека, які ўмее думаць і аналізаваць, прыстасаванага да рэалій жыцця выпускніка.

Лічу, што бацькам неабходна дапамагаць станавіцца добрымі бацькамі. Ролю класнага кіраўніка ў гэтым працэсе на ўсіх этапах навучання нельга недаацэньваць. Таму галоўны накірунак у супрацоўніцтве класнага кіраўніка і бацькоў, я лічу, – іх асвета па пытаннях псіхалогіі і педагогікі. Да псіхолага-педагагічнай асветы бацькоў я прыцягваю спецыялістаў розных напрамкаў: лекараў, служыцеля царквы, сацыяльнага педагога, педагога-псіхолага, настаўнікаў-прадметнікаў, інспектара па справах непаўналетніх, людзей розных прафесій.

Для таго каб псіхолага-педагагічная асвета бацькоў выклікала ў іх цікавасць, не толькі прапаную тэмы для абмеркавання ў ходзе бацькоўскіх сходаў, але і ўлічваю пажаданні бацькоў пры выбары тэм для іх асветы. Для гэтага на першым бацькоўскім сходзе ў пачатку навучальнага года праводжу анкетаванне бацькоў з мэтай выяўлення пераваг у дачыненні да тэматыкі бацькоўскіх сходаў і формаў правядзення, прапаную пералік з 15–20 тэм і прашу выбраць і падкрэсліць тыя, якія найбольш значныя для іх.

Так, па жаданні бацькоў былі абраныя тэмы для сумеснага абмеркавання і асветы: асаблівасці падлеткавага перыяду, як навучыць дзіцяці вучыцца, кніга ў жыцці сям’і і дзіцяці, традыцыі і звычаі сям’і ў выхаванні маральнасці, узроставыя асаблівасці школьнікаў на сярэднім этапе навучання, камп’ютар – сябар ці вораг, праблемы камп’ютарнай залежнасці, як прадухіліць праблемы ў выхаванні ўласных дзяцей, прычыны дзіцячай агрэсіі, як дапамагчы падлетку здабыць упэўненасць у сабе, маральныя прыярытэты сям’і, як дапамагчы дзіцяці пераадолець цяжкасці ў вучобе.

Як правіла, любы аспект псіхолага-педагагічнай асветы заканчваецца рознага роду рэкамендацыямі і кансультацыямі па пытаннях. Нельга пакідаць ні адно пытанне бацькоў без увагі: калі яны задаюць пытанне, значыць, праблема ўжо наспела.

Галоўнымі формамі майго ўзаемадзеяння з сям’ёй з’яўляюцца індывідуальныя і групавыя формы работы. Групавыя: бацькоўскія сходы, канферэнцыя, лекторый, анкетаванне. Індывідуальныя: індывідуальныя кансультацыі, запрашэнне бацькоў на класныя гадзіны, індывідуальныя гутаркі, наведванне на даму, размова пры дзіцяці.

Самай распаўсюджанай формай групавой работы з бацькамі з’яўляецца бацькоўскі сход. Да кожнага бацькоўскага сходу стараюся падрыхтаваць дыягнастычны матэрыял для бацькоў або статыстычны матэрыял, звязаны з вывучэннем асобных бакоў жыцця навучэнцаў класа. Каб сход быў карысным бацькам і ім хацелася ў ім удзельнічаць, кожны павінен атрымаць тое, што для яго асабліва актуальна.

У залежнасці ад тэмы бацькоўскага сходу стараюся падрыхтаваць памяткі, у якіх змешчаны рэкамендацыі для бацькоў. На кожным сходзе бацькам уручаюцца памяткі, прадпісанні, алгарытмы дзеянняў, парады – так папаўняецца метадычная папка кожнай сям’і.

Нашы сходы праводзяцца ў форме дыспуту, абмену ўласным вопытам. Часта я прапаную бацькам анкеты, якія яны тут жа запаўняюць, апрацоўваюць і робяць высновы пра свае поспехі або няўдачы.

Існуе ў класе традыцыя бацькоўскага сходу: заахвочванне бацькоў, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці класа. Гэта ўзнагароджанне граматамі і падзячнымі лістамі, вуснае заахвочванне.

Пазакласныя мерапрыемствы, якія праводзяцца разам з бацькамі, заўсёды праходзяць “на ўра”, дзецям вельмі падабаецца, калі бацькі разам з імі выконваюць якую-небудзь працу і адчуваецца іх падтрымка. Такія мерапрыемствы спрыяюць, несумненна, захаванню і паляпшэнню фізічнага, псіхічнага і духоўна-маральнага здароўя, а ў цэлым, выхаванню і станаўленню асобы. Дзіця радуецца, што мама ці тата не толькі прыйшлі на свята, а разам з ім з’яўляюцца яго ўдзельнікамі, а то і арганізатарамі. А радасць – гэта ёсць здароўезберагальнае пачуццё.

Наведваю сем’і, дзеці ў якіх патрабуюць асаблівай увагі. Знаёмства з побытам сям’і ў нязмушаных абставінах – адна з формаў працы з сям’ёй, якая дае каштоўную інфармацыю пра дзіця і яго бацькоў. Вывучэнне сям’і вучня дазваляе мне пазнаёміцца з дзецьмі бліжэй, убачыць іх у звыклым для іх становішчы, дапамагае зразумець стыль жыцця сям’і, яе ўклад. Атрымаўшы неабходную інфармацыю, я маю магчымасць пагутарыць з дзецьмі пра кнігі, якія яны чытаюць, абмеркаваць гульні, у якія яны гуляюць, высветліць, ці любяць яны дапамагаць бацькам у хатніх справах, што ўмеюць рабіць самі. Імкнучыся зразумець душэўны свет дзіцяці і яго сям’і, выяўляючы дабрыню і чуласць да яго, я тым самым абуджаю гэтыя ж якасці і давер да мяне ў дзяцей і іх бацькоў, якія пачынаюць бачыць ува мне саюзніка, чалавека, які імкнецца зразумець, палюбіць і навучыць добраму іх дзіця.

Як выхаваць у дзіцяці добрыя якасці? Як навучыць яго прыёмам захавання здароўя, павагі да ўласнай годнасці і павагі да іншых? Як выхаваць сапраўдную асобу? Над гэтай праблемай працую таксама ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі навучэнцаў.

Усе мы ведаем, якую ролю нясе сям’я ва ўсебаковым і гарманічным развіцці асобы дзіцяці, бо менавіта ў сям’і дзеці атрымліваюць першыя ўрокі маральнасці, фарміруецца іх характар.

Праца з бацькамі займае важнае месца ў дзейнасці класнага кіраўніка. Я стараюся зрабіць бацькоў саўдзельнікамі ўсяго педагагічнага працэсу, зыходзячы з цвёрдага пераканання ў тым, што наўрад ці можна знайсці бацькоў, якія не хочуць, каб іх дзеці раслі здаровымі, паспяховымі і шчаслівымі. І гэта жаданне бацькоў – асноўны ключ да паспяховай сумеснай дзейнасці. Трэба толькі яго падабраць. А каб выхаваць менавіта такіх дзяцей, якімі хочацца іх бачыць і мне, і бацькам, неабходна, па-маім перакананні, прытрымлівацца ў працы з бацькамі наступных правіл: паважаць, давяраць, дапамагаць, вучыцца, дзякаваць, тлумачыць, пытацца.

Дасягнуць якога б ні было поспеху ў выхаванні вучня магчыма толькі пры індывідуальным падыходзе да яго бацькоў, толькі пры наяўнасці кантакту з яго сям’ёй.

Многія бацькі часта наракаюць на недахоп часу ў справе выхавання сваіх дзяцей, але нельга праблемы, якія ўзнікаюць, тлумачыць толькі гэтым, бо дзіця выхоўвае ўсё: стаўленне бацькоў да сваёй працы, адзін да аднаго, іх знешні выгляд, адзенне, манера гаварыць. І таму класны кіраўнік арганізоўвае індывідуальныя гутаркі, выступленні, на якіх даюцца парады і рэкамендацыі бацькам, як з мінімальным вольным часам правільна арганізаваць выхаванне дзіцяці.

Робячы крок з другога тысячагоддзя ў трэцяе, мы разумеем, што прыходзіць новая эпоха, эпоха новага пакалення, новай свядомасці. Яна будзе дыктаваць свае ўмовы жыцця, прапаведаваць іншыя каштоўнасці, прад’яўляць новыя патрабаванні да чалавека. Гэтая эпоха пераменаў, эпоха інавацый, эпоха хуткага вырашэння розных пытанняў, эпоха новага інтэлекту. Хутчэй за ўсё, наступіць час іншых жыццёвых каштоўнасцей. Што менавіта будзе галоўным, вызначальным у жыцці чалавека, сказаць цяжка, але сапраўдная каштоўнасць і прыгажосць чалавечых узаемаадносін будуць вечныя заўсёды. Менавіта па гэтай прычыне – Чалавек, Сям’я, Бацькаўшчына, Праца, Веды, Культура, Мір, Зямля – гэтыя паняцці павінны стаць асновай выхаваўчай сістэмы сучаснай школы.

А што ж класны кіраўнік? Якім ён павінен быць? Якімі павінны быць яго адносіны з дзіцем? Лічу, што выхавальнік павінен быць перш за ўсё прафесіяналам і ўмець ставіць сябе побач з дзіцем – а не насупраць яго. Па-другое, менавіта ён павінен дапамагчы дзіцяці зразумець сябе, паверыць у свае сілы, стварыць сітуацыю поспеху. А выхаванне паспяховае, калі яно сістэмнае. Па-трэцяе, вышэйшым сэнсам і мэтай выхавання і развіцця з’яўляецца чалавек. Упэўненая, што я і мае выхаванцы знаходзімся на шляху, які прывядзе нас да новых вышынь. Хай кожны мой вучань з задавальненнем вучыцца, любіць сваю сям’ю, імкнецца да ўсяго новага і цікавага, і паважае ў сабе чалавека і ў іншых.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий