- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Пятая чвэрць

 

З пачатку чэрвеня ў сярэдняй школе № 57 Гомеля адкрылася адразу некалькі летніх прышкольных лагераў – аздараўленчы для дзяцей з 1 па 7 класы і лагер працы і адпачынку для навучэнцаў старэйшых класаў.

Актыўны адпачынак, творчая дзейнасць, заняткі спортам – усё, што патрэбна дзецям. Але разам з тым, кожнаму з нас неабходна штодня чаму-небудзь вучыцца. Як гэта сумясціць, каб было весела, цікава і пазнавальна? Ва ўстанове адукацыі было прынята рашэнне адкрыць “Школу этыкету”.

Мэта праграмы “Школа этыкету” – азнаямленне вучняў з нормамі паводзін у грамадстве, фарміраванне ўмення выглядаць годна і адчуваць сябе ўпэўнена ў розных жыццёвых сітуацыях у адпаведнасці з нормамі паводзін, развіццё камунікатыўных здольнасцей школьнікаў.

Пры правядзенні заняткаў актыўна выкарыстоўваюцца матэрыялы энцыклапедый і даведнікаў, літаратурныя і музычныя творы. Хлопцы і дзяўчаты вывучаюць гісторыю роднага горада, народныя звычаі і традыцыі, наведваюць віртуальныя музеі, знаёмяцца з навакольнай прыродай. Гэта адпавядае асноўнай задачы курса – зрабіць этыкет як прадмет злучальным звяном усяго вучэбна-выхаваўчага працэсу.

У аснове работы школы ляжыць прынцып “вучымся гуляючы”. Для вучняў праводзяць ролевыя гульні, конкурсы, віктарыны, тэсты, гутаркі. Яны рашаюць праблемныя сітуацыі, малююць, спяваюць. Заняткі для дзяцей праводзяць не толькі педагогі школы, але і работнікі абласной бібліятэкі.

Па выніках работы лагера кожны атрымае пасведчанне аб заканчэнні “Школы этыкету”.

Акрамя таго, для дзяцей з профільнага атрада, які складаецца з вучняў 5–7 класаў, настаўнікі матэматыкі і рускай мовы і літаратуры прапануюць цікавыя і карысныя заняткі па сваіх прадметах. Для адных гэта будзе папаўненне прабелаў у ведах, а для другіх – дадатковы трэнінг, які надасць упэўненасці у сваіх сілах.

Варта адзначыць, што праца профільных атрадаў прышкольных лагераў ўжо стала добрай традыцыяй школы. Так, мінулым летам навучэнцы ўдасканальвалі свае веды па англійскай мове.

Што тычыцца хлопчыкаў і дзяўчынак старэйшага ўзросту, то навучэнцы 8-х класаў, якія наведваюць лагер працы і адпачынку, атрымалі магчымасць не толькі адпачыць пасля напружанага навучальнага года, але і афіцыйна зарабіць свае першыя грошы, займаючыся рамонтам школьнай мэблі.

Перад педагогамі, якія працуюць у прышкольных лагерах нашай школы, разам з іншымі стаіць задача прывіць дзецям такія навыкі, як мэтанакіраванасць, працавітасць, цярпенне і стараннасць. Прыкладаючы намаганні ў вучобе і працы хлопцы і дзяўчаты, несумненна, даб’юцца пастаўленых мэт.

Для захавання і ўмацавання здароўя вучняў арганізавана фізкультурна-аздараўленчая работа. Штодзённыя хвілінкі здароўя спрыяюць развіццю і пашырэнню поглядаў, уяўленняў вучняў пра здароўе чалавека як асобаснай і грамадскай каштоўнасці. Праз фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы фарміруецца адказнае стаўленне да здароўя як вышэйшай сацыяльнай каштоўнасці, навыкі здаровага ладу жыцця.

Дзмітрый ЦЫБІЗАЎ, Алена БАГУНОВА,
намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 57 Гомеля

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ