- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Вольны час для развіцця

 

Лета – самая любімая пара ўсіх дзяцей, бо ў цёплае надвор’е можна практычна цэлы дзень праводзіць на вуліцы. Для таго каб мерапрыемствы і святы не станавіліся самамэтай, а арганічна ўваходзілі ў жыццё дашкольнай установы, нашы педагогі знаходзяць баланс паміж самастойнай актыўнасцю дзяцей і педагагічна арганізаваным вольным часам.

У сваёй працы яны выкарыстоўваюць такія формы арганізацыі выхаванцаў, якія не патрабуюць значнай падрыхтоўкі з боку дзяцей і педагогаў. Падчас гульнявой гадзіны дзеці знаёмяцца з народнымі і сучаснымі гульнямі. Як паказвае практыка, дзеці часта не ведаюць народных гульняў. У дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту цікавасць выклікаюць лато, шашкі, шахматы і г.д. Развучванне гэтых гульняў з дзецьмі і далейшае замацаванне іх у паўсядзённай гульнявой дзейнасці значна ўзбагачаюць дзіцячы вольны час.

Педагогі выкарыстоўваюць гульні-падарожжы па экалагічнай сцежцы. Перад дзецьмі выхавальнік ставіць задачу, якая мае гульнявы характар. На маршруце арганізоўваюць прыпынкі, дзе прапануюцца розныя гульні і заданні.

Дзеці вельмі любяць гуляць з пяском, для гэтага выхавальнікі падабралі практыкаванні і гульні на пяску: “пахадзіць” далонькамі па пяску, пакідаючы свае сляды; “паездзіць” далонькамі або рабром далоні, выконваючы зігзагападобныя і кругавыя рухі; стварыць адбіткамі далоняў, кулачкоў разнастайныя малюнкі (кветкі, дрэвы, траву, сонейка, дождж); прасеяць пясочак паміж пальцамі; зрабіць адбіткі розных прадметаў формачкамі; “пагуляць” на паверхні пяску, як на клавіятуры піяніна і іншыя.

З мэтай стварэння эмацыйнага камфорту дзяцей у летні аздараўленчы перыяд мы ўключаем выяўленчую дзейнасць у дзіцячыя святы. Для замацавання ўяўленняў пра віды, жанры мастацтва, сродкі мастацкай выразнасці педагогі праводзяць забавы, якія ўключаюць эксперыментаванне дзяцей з выяўленчымі і прыроднымі матэрыяламі.

Пры арганізацыі музычнай дзейнасці з выхаванцамі музычны кіраўнік Святлана Аркадзьеўна Мінчук праводзіць музычна-дыдактычныя гульні, музычныя віктарыны, ўключае ў адукацыйны працэс музычныя творы, якія ўвасабляюць летнія вобразы (творы А.Вівальдзі, П.Чайкоўскага і інш.), арганізуе самастойную музычную дзейнасць дзяцей (выкананне песень і танцаў, сюжэтна-ролевыя гульні з музычнымі сюжэтамі).

Лета ў дзіцячым садзе – гэта насычаная пара, напоўненая смехам, радасцю і весялосцю. Усе намаганні работнікаў дашкольнай установы накіраваны на аздараўленне і загартоўванне дзяцей.

Таццяна ТРАЦЦЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Зэльвы

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ