#ЗаставайсяЗнамі

- 7:59ВИТЕБЩИНА, Регионы

 

 

Эпідэміялагічная сітуацыя, якая склалася апошнім часам у свеце, унесла свае карэктывы ў дзейнасць усіх устаноў адукацыі, у тым ліку і Палаца дзяцей і моладзі горада Наваполацка. Колькасць навучэнцаў значна скарацілася, і актуальным стала пытанне арганізацыі заняткаў на адлегласці.

Палац дзяцей і моладзі Наваполацка запусціў маштабны анлайн-праект #ЗаставайсяЗнамі, які штодзённа папаўняецца цікавым і займальным матэрыялам. Асаблівая ўвага надаецца арганізатарамі праекта адной з важных падзей у гісторыі Беларусі – 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Метадыстам Таццянай Бальс распрацаваны пазнавальныя завочныя экскурсіі, якія дазваляюць прайсціся па месцах баявой славы Полацкай зямлі, наведаць мемарыяльны комплекс “Прарыў” і Віцебск у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры дапамозе анлайн-тэстаў можна не толькі праверыць свае веды па гісторыі краіны ў гады вайны, але і прагледзець вынік, памылкі і нават атрымаць сертыфікат удзельніка.

Юныя робататэхнікі, знаходзячыся дома, таксама актыўна рыхтуюцца да Дня Перамогі, мадэлюючы з лега-канструктара тэхніку часоў Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцамі створаны сапраўдныя лега-шэдэўры: ваенныя гарадкі, базы і ДАКі (ДОТы). Уся калекцыя прадстаўлена ў групоўцы “УКантакце” “Школа ЮТіК і Лега-майстар у гасцях у Робуса”.

Для арганізацыі аддаленага навучання педагогам рэкамендавана выкарыстоўваць сэрвіс Schools.by, але ў залежнасці ад магчымасцей і пажаданняў навучэнцаў, можна карыстацца рознымі сацыяльнымі сеткамі, электроннай поштай і іншымі інтэрнэт-рэсурсамі. Кожны педагог валодае неабходнымі ўменнямі, і ў кожнага выпрацавана свая сістэма работы з дзецьмі, якія знаходзяцца дома.

Так, навучэнцы ізастудый, знаходзячыся дома, не толькі працягваюць займацца жывапісам, але і анлайн знаёмяцца з гісторыяй мастацтва, жанрамі, накірункамі і нетрадыцыйнымі тэхнікамі ў мастацтве. Як адзначае педагог ізастудыі “Вясёлка” Таццяна Уладзіміраўна Антановіч, яе выхаванцы, выяўляюць неверагодную творчую ініцыятыву і самастойнасць. Акрамя заданняў педагога яны шмат малююць і па ўласным жаданні. Усе работы прадстаўлены на віртуальных выставах.

Пераход на дыстанцыйнае навучанне выклікаў адназначныя цяжкасці ў харэографаў: на адлегласці элементы танца не адпрацуеш і харэаграфічны нумар не паставіш. Але, як лічаць кіраўнік узорнага харэаграфічнага калектыву “Мадэрн” Юлія Русяева і кіраўнік студыі эстраднага танца Лізавета Пушнёва, галоўнае зараз – гэта падтрымка фізічнай формы дзяцей, развіццё гібкасці і расцяжкі, што пры дапамозе анлайн-трэніровак выканаць нескладана. З боку навучэнцаў важна толькі рэгулярна і сістэматычна выконваць практыкаванні, з чым яны паспяхова і спраўляюцца. Шматлікія фотаздымкі, што дасылаюцца на гаджэты педагогаў, пацвярджаюць дысцыплінаванасць дзяцей.

Навучэнцы аддзела экалогіі, краязнаўства і турызму не ўяўляюць свой дзень без актыўнага адпачынку, і хатні рэжым не для іх. Так, каманда аб’яднання па інтарэсах “Турысцка-прыкладнога мнагаборства” з мэтай азнаямлення са спадчынай Вялікай Айчыннай вайны і замацавання турысцкага вопыту на практыцы, здзейснілі чатырохдзённы паход па Верхнядзвінскаму і Расонскаму раёнам. А навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Спартыўны турызм” тым часам, дзякуючы добраму надвор’ю, адпрацоўваюць навыкі скалалажання на свежым паветры, што садзейнічае добраму здароўю і выдатнаму настрою.

Такім чынам, пры правільным падыходзе, выкарыстоўваючы магчымасці анлайн-рэсурсаў, можна не толькі арганізаваць адукацыйны працэс дыстанцыйна, але і зрабіць яго не менш пазнавальным і цікавым, чым у кабінеце.

Вольга ПУЗЫРОВА,
метадыст аддзела арганізацыйна-масавай работы
Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий