- Педагагiчны лайфхак

Супрацоўніцтва дзіцячага сада і школы – шлях да паспяховай адаптацыі першакласнікаў

 

 


Вікторыя ЮРУСАВА,
настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 Жодзіна

 

Школьнае навучанне ніколі не пачынаецца
з пустога месца, а заўсёды абапіраецца
на пэўную стадыю развіцця, праведзеную дзіцём.
Л.С.Выгоцкі.

 

Напэўна, няма такога выхавальніка, які не разважаў бы пра тое, што чакае яго выхаванца за сценамі дзіцячага сада. Несумненна, і настаўніку хочацца ведаць, якімі ўменнямі авалодалі будучыя першакласнікі ў дашкольны перыяд. Гэтыя разважанні выклікаюць ва ўсіх шэраг хваляванняў, перажыванняў, засцеражэнняў. А ці можна абысціся без гэтых негатыўных эмоцый? Аказваецца, можна!

Пазбегнуць непрадбачаных абставін і нярвовых чаканняў, зберагчы бесперапыннасць і пераемнасць выхавання і адукацыі падрастаючага пакалення дапамагае арганізацыя дзелавога супрацоўніцтва паміж педагогамі дзіцячых садоў і пачатковай школы.

З’яўляючыся шэсць гадоў кіраўніком творчай групы “Педагагічнае забеспячэнне пераемнасці паміж дашкольнымі ўстановамі і пачатковай школай дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 5 г. Жодзіна”, хачу падзяліцца вопытам арганізацыі прафесійнага ўзаемадзеяння выхавальнікаў і настаўнікаў пачатковых класаў.

Як і любы доўгатэрміновы праект, работа творчай групы плануецца загадзя. У канцы жніўня праводзіцца пасяджэнне прадстаўнікоў адміністрацыі дашкольных устаноў і школы, на якім абмяркоўваецца праект гадавога плана мерапрыемстваў і тэрміны іх правядзення, тэматыка пасяджэнняў і кансультыцый, напрамкі работы і г.д. Пры гэтым улічваюцца актуальныя пытанні, якія хвалююць педагогаў, выклікаюць цікавасць выхавальнікаў і настаўнікаў, з’яўляюцца надзённымі для ўсіх удзельнікаў. Гадавы план складаецца з трох блокаў: работа з педагагічнымі кадрамі, работа з дзецьмі і работа з бацькамі (Пампуйце і глядзіце план па спасылцы ўнізе).

Формы правядзення работы з педагагічнымі кадрамі могуць быць разнастайнымі:

  • пасяджэнне членаў творчай групы;
  • педагагічная гасцёўня;
  • прагляд адкрытых урокаў (заняткаў);
  • майстар-клас;
  • семінар-практыкум;
  • круглы стол;
  • педагагічны кансіліум;
  • дыскусійная сустрэча і інш.

Тэматыка такіх сустрэч вызначаецца актуальнымі тэндэнцыямі ў выхаваўчым і адукацыйным працэсе. Так, з укараненнем у працу інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, на базе нашай школы быў праведзены семінар-практыкум “Выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе”. У сувязі з актыўнай арганізацыяй даследчай дзейнасці выхаванцаў дзіцячых садоў і навучэнцаў пачатковай школы быў арганізаваны майстар-клас “Фарміраванне навыкаў даследчай дзейнасці ў дашкольным і малодшым школьным узросце”. На ім педагогі падзяліліся сваім вопытам, паведамілі пра вынікі працы ў гэтым кірунку, прадэманстравалі даследчыя праекты дзяцей. Не засталіся без увагі і здароўезберагальныя тэхналогіі. Да іх звярнуліся за круглым сталом “Сістэма ўмацавання здароўя дзяцей ва ўмовах дашкольных устаноў адукацыі і школы”. Пытанні, якія цікавяць і выхавальнікаў, і настаўнікаў, закраналіся ў абмеркаванні шэрагу іншых тэм: “Сучасныя падыходы да арганізыцыі працы з бацькамі будучых першакласнікаў: праблемы і шляхі іх вырашэння”, “Пераемнасць у выбары форм і метадаў работы пры правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы”, “Развіццё маўлення і выхаванне камунікатыўнай культуры дашкольнікаў як адна з умоў стварэння аднолькавых стартавых магчымасцей для паступлення дзяцей у школу” і інш.

Плённа праходзяць наведванні ўрокаў у школе і заняткаў у дзіцячых садах. Выхавальнікі чакаюць сустрэч са сваімі былымі выхаванцамі, а настаўнікам хочацца ўбачыць тых, хто хутка стане іх вучнямі. Нецярпенне перапаўняе і дзяцей: першакласнікі імкнуцца паказаць, як яны пасталелі і зрабіліся стараннымі вучнямі, а дашкольнікам цікава ўбачыць будучых настаўнікаў і прадэманстраваць свае лепшыя дасягненні. Такія мерапрыемствы заўсёды праходзяць эмацыйна, творча, станоўча ўплываюць на характар узаемаадносін дарослых і дзяцей.

Праца творчай групы па пераемнасці дае магчымасць абодвум бакам напрамую задаць актуальныя пытанні, выявіць магчымыя прычыны ўзнікаючых цяжкасцей, знайсці шляхі іх вырашэння, звярнуцца з просьбай да калег, даведацца і ацаніць вынікі сваёй працы праз поспехі выхаванцаў, папоўніць багаж педагагічных ведаў і г. д. Сустрэўшыся тварам да твару, настаўнікі і выхавальнікі могуць лепш даведацца пра праблемы сваіх калег, даць параду і выказаць пажаданне, а галоўнае – пачуць і зразумець адно аднаго.

Вынікам такога ўзаемадзеяння часта становяцца практычныя матэрыялы для арганізацыі работы з бацькамі і дзецьмі: анкеты, памяткі, рэкамендацыі, метадычныя распрацоўкі і інш.

Адной з асноўных задач работы па арганізацыі пераемнасці з’яўляецца забеспячэнне паспяховай адаптацыі дзяцей шасцігадовага ўзросту да навучання ў школе. Менавіта таму гэты аспект займае важнае месца ў рабоце творчай групы.

Асноўнымі формамі арганізацыі работы з дзецьмі з’яўляюцца:

  • арганізацыя заняткаў з педагогам-псіхолагам;
  • дыягностыка адаптацыі навучэнцаў першых класаў;
  • карэкцыйныя заняткі па выніках псіхадыягнастычных даследаванняў з дэзадаптаванымі навучэнцамі 1-х класаў;
  • арганізацыя заняткаў па падрыхтоўцы дашкольнікаў да навучання ў школе;
  • тэатральныя выступленні навучэнцаў пачатковай школы перад выхаванцамі ДУ;
  • правядзенне музычных лекторыяў для выхаванцаў старэйшых груп;
  • арганізацыя завочных экскурсій па школе з выкарыстаннем ІКТ;
  • арганізацыя мэтавых прагулак і экскурсій дзяцей у школу;
  • арганізацыя выстаў малюнкаў і творчых работ першакласнікаў «Мая школа» і інш.

Трэба адзначыць, што такая работа дае станоўчыя вынікі: дзеці ўпэўнена ідуць у першы клас, авалодваюць шэрагам неабходных навучальных навыкаў, лягчэй прывыкаюць да новага рэжыму дня, а сама адаптацыя працякае плаўна і бязбольна.

Наступны кірунак работы творчай групы – праца з бацькамі. Праблемы, якія падымаюцца на сустрэчах, знаёмыя і педагогам-дашкольнікам, і настаўнікам. Гутаркі і дыспуты пра сучаснае пакаленне бацькоў, абмен вопытам арганізацыі працы з імі, абмеркаванне праблем сямейнага выхавання – вось тэматыка такіх сустрэч. Нярэдка ў ходзе такіх зносін становяцца зразумелымі прычыны паводзін некаторых навучэнцаў, ствараецца аптымальная мадэль зносін з некаторымі сем’ямі, адкрываюцца нечаканыя (не толькі негатыўныя, але і станоўчыя) рысы асобы навучэнцаў. У такіх мерапрыемствах часта прымаюць удзел педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі дашкольных устаноў і школы.

На працягу ўсяго навучальнага года настаўнікі і выхавальнікі, падтрымліваючы сувязь адно з адным, маюць магчымасць кансультаваць бацькоў па пытаннях падрыхтоўкі да школы. Настаўнікі і адміністрацыя школы могуць сустрэцца з законнымі прадстаўнікамі будучых першакласнікаў на бацькоўскіх сходах ў дзіцячых садах, а таксама на арганізацыйных сходах у школе.

Ажыццяўленню ўзаемасувязі паміж бацькамі і педагогамі садзейнічаюць і сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. На сайтах устаноў адукацыі абнаўляецца і дапаўняецца інфармацыя, якая тычыцца старэйшых дашкольнікаў і іх бацькоў: размяшчаюцца памяткі, рэкамендацыі, артыкулы, якія пашыраюць адукацыйны ўзровень бацькоў.

Такім чынам, усе кірункі работы па арганізацыі пераемнасці паміж дашкольнымі ўстановамі і пачатковай школай дазваляюць выхавальнікам, бацькам і старэйшым дашкольнікам стварыць больш поўную карціну базавага узроўню ведаў і ўменняў будучых першакласнікаў, арганізацыі выхаваўча-адукацыйнага працэсу ў першым класе, а значыць – пазбегнуць хваляванняў пры паступленні ў школу. Для настаўнікаў гэта зручная магчымасць пазнаць будучых навучэнцаў, іх сем’і, прадбачыць нюансы зносін, а значыць – правільна пабудаваць і аптымізаваць працэс адаптацыі, выхавання і навучання на пачатковым этапе.

На працягу апошніх гадоў сваёй работы ў якасці кіраўніка творчай групы па пераемнасці, я ўпэўнілася: дзелавыя сустрэчы педагогаў дзіцячых садоў і настаўнікаў пачатковай школы – шлях да паспяховай адаптацыі першакласнікаў.

Жадаю ўсім калегам плённага прафесійнага супрацоўніцтва.

План 

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ