- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Мы ўсе розныя, але мы заўсёды разам

 

      

Гэта асноўны дэвіз валанцёраў Глускай гімназіі, якія кожны дзень ідуць дарогай дабрыні і дапамогі. Валанцёры гімназіі актыўна супрацоўнічаюць з выхаванцамі і настаўнікамі Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і Цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г.п. Глуск.

“Мы ўсе дзеці, якія маюць роўнае права на жыццё і на сапраўднае чалавечае шчасце без абмежаванняў. Мы ўсе розныя, але мы заўсёды разам”, – да такой высновы прыйшлі валанцёры гімназіі, якія ўпэўнены, што не павінна існаваць мяжы паміж здаровымі дзецьмі і дзецьмі з захворваннямі.

Вучні гімназіі ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях: “Дзеці – дзецям”, “Цуды на Каляды”, “Шчодры аўторак”. А ў рамках праекта “Дарога ў свет роўных магчымасцей” гімназісты імкнуліся стварыць умовы для інтэграцыі дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў соцыум праз правядзенне сумесных мерапрыемстваў: спартландыі “Спорт – тое, што нас аб’ядноўвае”, інтэрактыўнага шоу “Падарожжа ў краіну Мыльных бурбалак”, КТС “Падарункі для чэмпіёнаў”, спаборніцтваў па плаванні. Падобныя акцыі – гэта заўсёды працэс абмену творчымі ідэямі і думкамі паміж дзецьмі, які ідзе на карысць усім удзельнікам.

Падчас акцыі “Падарункі для чэмпіёнаў” выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната правялі для вучняў гімназіі майстар-клас па вырабе сувеніраў “Анёлы”, пазнаёміліся з творчымі работамі выхаванцаў. Анёлы сталі падарункамі ўсім удзельнікам спартландыі “Спорт – тое, што нас аб’ядноўвае”. Пасля было арганізавана чаяванне, падчас якога ўдзельнікі праекта падзяліліся сваімі ўражаннямі і абмяняліся вопытам і меркаваннямі.

Калі асноўная мэта такіх дабрачынных акцый – дарыць радасць, надзею і цяпло, то валанцёрскі рух Глускай гімназіі робіць менавіта гэта.  

Кацярына ПАТАПЕНКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Глускай гімназіі Магілёўскай вобласці

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ