- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Дарожная азбука ад інспектара ДАІ

 

З ранняга дзяцінства дзіця павінна атрымаць асновы дарожнай азбукі. Усё, што засвойваецца ў гэтым узросце, трывала застаецца ў памяці.

З першых дзён знаходжання малога ў дзіцячым садзе, мы, педагогі, імкнемся арганізаваць яго выхаванне і навучанне так, каб да моманту пераходу з дзіцячага саду ў школу выхаванец лёгка арыентаваўся ў асяроддзі, умеў назіраць і правільна ацэньваць дарожныя сітуацыі, валодаў навыкамі бяспечнага руху. Навучанне дзяцей бяспецы дарожнага руху – адна з асноўных задач дарослых.

У чэрвені адбылася сустрэча выхаванцаў санаторнага яслі-сада Брагіна з інспектарам ДПС АДАІ Брагінскага РАУС капітанам міліцыі Аляксеем Гардзейчыкам. Мэта – прафілактычная работа па выкананні выхаванцамі патрабаванняў бяспечнага знаходжання ля дарог, у час катання на самакатах і веласіпедах.

Падчас гутаркі інспектар распавёў дзецям пра тое, як трэба паводзіць сябе на дарозе, якія дарожныя знакі неабходна ведаць і што рабіць для прадухілення дарожна-транспартнага здарэння. Таксама дзеці замацавалі правілы пераходу праезнай часткі.

Праводзілася практычная адпрацоўка навыкаў перасоўвання на веласіпедах і самакатах па праезнай частцы дарогі, пешаходаў – па пешаходным пераходзе, выконваючы сігналы святлафора.

На тэрыторыі дзіцячага сада абсталявана пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху. Гэта дапамагае лепш засвоіць правілы паводзін на дарозе і быць уважлівымі да вулічнага руху. На сайце нашай установы ў рубрыцы “Бацькам” ёсць падборка вершаў і загадак па вывучэнні правіл дарожнага руху.

Дарэчы, самы лепшы спосаб навучання дзіцяці – гэта асабісты прыклад дарослых, бацькоў, тых, хто з’яўляецца для яго аўтарытэтам. Дзіця павінна гуляць толькі пад назіраннем дарослых і ведаць: на дарогу выходзіць нельга!

Назірайце за сітуацыямі на вуліцы, дарозе, за пешаходамі і транспартам, святлафорам і абавязкова абмяркоўвайце з дзіцем убачанае. Навучыць дзіця правільным паводзінам на вуліцы – значыць дапамагчы захаваць яго здароўе і жыццё.

Алена МАКАРАНКА,
кіраўнік фізічнага выхавання санаторнага яслі-сада Брагіна

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий