Адаптацыя і выхаванне праз гульню

- 22:56ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы пачала працаваць група Я + Мама.

“Я + Мама” – гэта адаптацыйная група для дзяцей 2–3 гадоў, якія не наведваюць установу дашкольнай адукацыі. Асноўная ідэя адкрыцця групы – стварыць спрыяльныя псіхалагічныя ўмовы адаптацыі дзяцей да ўстановы дашкольнай адукацыі, павысіць і замацаваць прэстыж установы, зрабіць яе прывабнай для сем’яў, якія маюць дзяцей дашкольнага ўзросту.

Адаптацыйная група “Я + Мама” – група сацыялізацыі: дзіця само выбірае, чым яму займацца. Выхавальнік В.І.Літвіновіч выкарыстоўвае сітуацыі, якія ўзнікаюць натуральным шляхам і мякка накіроўвае ўвагу дзіцяці да абласцей, якія актуальныя для яго развіцця. Педагог рыхтуе прадметнае развіваючае асяроддзе, якое стымулюе развіццё пазнавальнай актыўнасці дзіцяці і спрыяе з’яўленню розных сітуацый зносін паміж дзецьмі і дарослымі. Працуе педагог як з групай, так і індывідуальна.

Усе цацкі даступныя для дзяцей, яны самі робяць выбар. Ступень канцэнтрацыі ўвагі дзяцей паступова павялічваецца, і яны ўключаюцца ў сумесную дзейнасць. У малых узнікае больш магчымасцей для развіцця навыкаў зносін, таму хутчэй развіваецца мова і пазнавальная актыўнасць.

Мама – актыўны ўдзельнік зносін, узаемаадносіны мамы і дзіцяці аптымізуюцца.

Навыкі, набытыя на сустрэчах, дзіця лёгка пераносіць у паўсядзённае жыццё. У групе адны і тыя ж гульні паўтараюцца на кожнай сустрэчы. Гэта невыпадкова, паўтаральнасць гульняў неабходная для стварэння камфортнай прадказальнай абстаноўкі, вельмі важнай для дзяцей ранняга ўзросту. Малышы радуюцца, калі загадзя ведаюць, што будзе далей, гэта спрыяе павышэнню ўзроўню самастойнай гульні. Прапанаваныя гульні адны і тыя ж, але яны паступова ўскладняюцца. Дзеці даведваюцца, як можна па-рознаму гуляць з адной і той жа цацкай. Гэта вельмі важна для сацыялізацыі. Толькі тады, калі дзіця добра ведае гульню, яно можа пачаць звяртаць увагу на тое, як гуляюць іншыя дзеці.

У гульнявым пакоі (“астравок сэнсорыкі”) гульня не рэгулюецца педагогам. Педагог не кажа дзецям і бацькам, што трэба рабіць. Але гэта зусім не азначае, што дзеці нічому не вучацца. Наадварот, менавіта падчас вольнай гульні дзеці набываюць навыкі зносін, якія стануць падмуркам для ўсяго далейшага навучання. Падчас вольнай гульні самі сабой узнікаюць розныя сітуацыі, у якіх дзеці вымушаны ўзаемадзейнічаць, а бацькі і педагог могуць дапамагчы ў тых выпадках, калі малы не ў стане справіцца сам.

Валянціна Іванаўна часам ўключаецца ў сітуацыі, калі гэта дае магчымасць бацькам убачыць іншую мадэль вырашэння канфлікту. А таксама далучаецца да гульні дзіцяці і ўскладняе яе сюжэт, або прапаноўвае гульню, у якой могуць узяць удзел усе дзеці. У гульнявым пакоі бацькі могуць убачыць, якім цацкам аддае перавагу іх дзіця, як яно ў іх гуляе, як паводзіць сябе ў канфліктных сітуацыях, напрыклад, калі іншае дзіця паспрабуе адабраць упадабаную рэч і г.д.

Назіраючы за паводзінамі дзіцяці падчас гульні, бацькі пазнаюць пра яго значна больш, чым у звычайных бытавых сітуацыях. Гульня пакажа ім усе грані характару іх малога – яго дабрыню, фантазію, адкрытасць або агрэсіўнасць, хітрасць, свавольства. Дзякуючы гульні, бацькі атрымаюць інструмент выхавання і развіцця свайго дзіцяці. Гуляючы з дзіцём, можна навучыць яго быць добрым, уважлівым і спагадлівым.

Вынікам працы зўяўляецца станоўчая дынаміка ў развіцці дзіцячых відаў дзейнасці, мяккая адаптацыя да ўмоў установы дашкольнай адукацыі.

Таццяна КАРАВАЙЧЫК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД № 1 Зэльвы

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий