- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Час адпачынку, сацыяльна-значных спраў і асобаснага самаўдасканалення

 

З мэтай арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў у летні перыяд 2020 года у Вялікабераставіцкай сярэдняй школе імя С.В.Прытыцкага распрацаваны план мерапрыемстваў па рэалізацыі раённага праекта “Лета – 2020: час адпачынку, сацыяльна-значных спраў, асобаснага самаўдасканалення”.

З 15 па 26 чэрвеня навучэнцы школы разам з педагогамі А.В. Клімчук і Г.Г. Караваем актыўна працавалі ў студэнцкім атрадзе раённага камітэта ГА “БРСМ”. Працоўныя месцы падлеткам дало СВП “Аграмір”.

Пакуль вучні старшых класаў працуюць, малодшыя ўдасканальваюць камп’ютарную дасведчанасць. Штодзень з 10:00 да 13:00 пад кіраўніцтвам педагога С.І.Хілюты дзеці вывучаюць асноўныя элементы камп’ютара і стандартнае праграмнае забеспячэнне.

Далучыць дзяцей да здаровага ладу жыцця дапамагаюць дваровыя спартыўныя гульні. Кожны дзень з 18:00 да 22:00 школьнікі збіраюцца разам на спартыўных пляцоўках і гуляюць у “Класікі”, “Квадрат”, “Выбівалы”, “Футбол”, “Валейбол”, “Стрытбол”, “Скіпінг”.

Навучэнцы школы – актыўныя ўдзельнікі цікавых і займальных мерапрыемстваў Бераставіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Літаратурная карусель “Вясёлыя заданні ад Малыша і Карлсана”, віктарына “Акадэмія спорту”, фотакалаж “Прырода ў кадры”, фотамарафон “Падарожжа з Аганьком”, фотагалерэя “Пухнаты кацячы пазітыўчык” дапамаглі праявіць веды ў галіне літаратуры і спорту, уменне бачыць прыгажосць навакольнага свету.

У рамках святкавання 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 22 чэрвеня школьнікі прынялі ўдзел у віквізе “Мінулых гадоў жывая памяць”.

Асаблівая ўвага ў перыяд летніх канікул адводзіцца мерапрыемствам, накіраваным на супрацьдзеянне тытунекурэнню, ужыванню алкаголю, распаўсюджванню наркотыкаў сярод дзяцей і моладзі. У рамках Міжнароднага дня барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам былі праведзены мерапрыемствы: спартыўныя спаборніцтвы па футболе, валейболе, велапрабег “Цана залежнасці – жыццё”, конкурс малюнкаў на асфальце “Мы супраць наркотыкаў”, прагляд відэаролікаў “Наркаманія – трагедыя асобы”.

У вядомай дзіцячай песні спяваецца “Лета – гэта маленькае жыццё”. І галоўная задача – зрабіць лета-2020 займальным, бяспечным і незабыўным.

Надзея КРАСОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага Бераставіцкага раёна

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий