Пазнавальная сустрэча

- 10:08МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

Летнік “Новы свет – Аква” абласнога цэнтра творчасці наведалі прадстаўнікі Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “Віккру”.

Яўген Балбераў і Віталь Дракін прыехалі на сустрэчу з рабятамі прама з месца, дзе цяпер праходзіць пошукавая экспедыцыя ўдзельнікаў клуба “Віккру” і 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны, а менавіта з Буйніцкага поля – святога месца для кожнага беларуса. Абарону Магілёва тут улетку 1941-га гісторыкі пазней назавуць другой Брэсцкай крэпасцю, бо капаць супрацьтанкавыя равы выйшаў увесь горад, а затым 23 дні гераічна стрымліваў ворага.

Новыя месцы баёў і брацкія магілы працягваюць знаходзіць праз 75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Пошукавікі клуба “Віккру” распавялі, што ў першы дзень экспедыцыі былі паднятыя астанкі чатырох салдат. Выхаванцы лагера атрымалі ўнікальную магчымасць не толькі на свае вочы ўбачыць і патрымаць у руках асабістыя рэчы, сапёрныя рыдлёўкі салдат, але і задаць пытанні. А пытанняў у сучасных хлапчукоў і дзяўчынак было нямала: як патрапіць у пошукавы атрад, якая тэхніка выкарыстоўваецца пры раскопках, ці ёсць жанчыны ў атрадзе і чым яны займаюцца, якія небяспекі ёсць у пошукавай працы. Ні адно з пытанняў не засталося без адказу. Для асабліва дапытлівых дзяцей, якія цікавяцца ваеннай гісторыяй, неабыякавых да тэмы ўвекавечання памяці абаронцаў роднага краю, у пошукавага клуба “Віккру” маецца старонка ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. Акрамя таго, рабяты даведаліся, што знайсці інфармацыю пра сваіх прадзедаў, якія ваявалі, можна на расійскіх сайтах “Мемарыял”, “Подзвіг народа” і “Памяць народа”.

Сустрэча з магілёўскімі пошукавікамі атрымалася душэўнай і пазнавальнай. Увесь тыдзень пошукавікі правядуць з вайскоўцамі на раскопках пад Буйнічамі. А гэта значыць, будзе нямала знаходак-сведчанняў гераічнай абароны Магілёва ўлетку 1941-га.

А ў нашых дзяцей наперадзе лета. Лета – 2020. Пазітыўнае і мірнае!

Аліна КЛАЧКОВА,
начальнік летніка “Новы свет – Аква” абласнога цэнтра творчасці Магілёва

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий