- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Час адпачынку і асалоды

 

Фарміраванне здаровага ладу жыцця – адзін з найважнейшых кірункаў работы з дзецьмі ў летні перыяд. Сёлета лагер “Алімпіец” з дзённым знаходжаннем дзяцей Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна прыняў 28 хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту.

У лагеры “Алімпіец” пануе радасная і бадзёрая атмасфера. Тут не хварэюць, таму што наладжаны правільны збалансаваны рэжым харчавання, рэжым загартоўвання, арганізуюцца хвілінкі здароўя і усе любяць спорт.

Арганізацыя змястоўнага вольнага часу выхаванцаў ажыццяўляецца праз спартыўныя гульні, конкурсы, спаборніцтвы. І кожнае спартыўнае мерапрыемства праходзіць незабыўна: з медалямі, узнагароджаннем пераможцаў. Надоўга дзецям запомняцца спартландыя “У краіне алімпіёнікаў”, спартыўная гульня “Я, ты, он, она – мы здоровая страна”, эстафета “Паласа перашкод”, спартыўная праграма “Я самы…, я самая…” і інш.

Летні перыяд валодае велізарным патэнцыялам, які дазваляе стварыць дадатковыя ўмовы для выхаваўчага ўздзеяння на дзяцей. Праводзяцца гутаркі пра правілы дарожнага руху, пра бяспечны шлях у лагер і дадому, пра правілы паводзін на вуліцы, у грамадскіх месцах, гутаркі пра сяброўства і ўзаемадапамогу. Цікава прайшла сустрэча з супрацоўнікамі МНС. Дзеці ў форме гульні прайшлі важныя правілы паводзін у экстрэмальных сітуацыях, пазнаёміліся з прафесіяй выратавальніка. Выхаванцы ў чарговы раз зразумелі, што выратавальнік МНС – першы, хто прыходзіць на дапамогу ў надзвычайных сітуацыях.

У лагеры “Алімпіец” вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню. Дзеці прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Мы малюем свет”. Усе вельмі стараліся, і малюнкі атрымаліся цікавыя. Яны гаварылі пра вялікую любоў да свайго роднага краю, які з’яўляецца часцінкай вялікай Радзімы. Пра сваю малую радзіму з гонарам апавядалі на тэматычнай гадзіне “Родны край – Гудзевіцкая зямля” . Для малодшых школьнікаў было арганізавана падарожжа-экспедыцыя “Аграгарадок Гудзевічы – знаёмы незнаёмец”. Дзеці з захапленнем бачылі штосьці ўжо знаёмае, а штосьці і незнаёмае.

Дзень за днём у нашым лагеры праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, якія дапамагаюць дзецям адчуць смак творчасці.

Лета – гэта цудоўная пара года, калі свет становіцца больш яркім, маляўнічым і шчаслівым. Я спадзяюся, такім яно і запомніцца выхаванцам нашага лагера – добрым, светлым і бяспечным!

Марына БАТВІНОЎСКАЯ,
выхавальнік лагера “Алімпіец” з дзённым знаходжаннем дзяцей
Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ