- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Наша памяць пра тую вайну

 

Асаблівая роля ў выхаванні грамадзяніна адводзіцца музейнай педагогіцы. Свой унёсак у гэту справу робіць і наш музейны куток. Ён быў адкрыты да 75-годдзя Перамогі савецкага народа над фашызмам.

Адкрыццё музейнага кутка баявой славы “Наша памяць пра тую вайну” ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе Ляхавіцкага раёна стала вынікам шматгадовай, карпатлівай пошукавай працы навучэнцаў, настойлівасці педагагічнага калектыву, мудрасці і дальназоркасці адміністрацыі ўстановы адукацыі.

Экспазіцыя складаецца з трох раздзелаў: “Вайна. Перамога. Памяць”, “Салдат Перамогі – Рыгор Фёдаравіч Нагорны”, “Па дарогах вайны ішлі нашы землякі”. У раздзеле “Вайна. Перамога. Памяць” прадстаўлена гісторыя баявых дзеянняў на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, вёсак Навасёлкаўскага сельсавета ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Размешчана інфармацыя пра настаўнікаў-ветэранаў, якія працавалі ў Навасёлкаўскай школе пасля вайны: Мікалая Цімафеевіча Каныгіна, настаўніка матэматыкі, фізікі, чарчэння, і Дзмітрыя Фёдаравіча Еўшаля, настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

Таксама ў раздзеле расказваецца і пра Мікалая Трафімавіча Стэцко, які ваяваў у Баранавіцкім партызанскім злучэнні паўднёвай зоны, што дзейнічала і на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Мікалай Трафімавіч быў камандзірам коннай разведкі, ваяваў у Налібоцкай пушчы. 2 мая 1943 года падчас “рэйкавай вайны” асабіста ўзарваў 16 рэек і быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені.

Матэрыялы раздзела расказваюць і пра чырвонаармейца Барыса Баранца, які вызваляў Навасёлкі і загінуў 7 ліпеня 1944 года. Барыс Баранец быў ураджэнцам Палтавы Украінскай ССР, цікавіўся тэхнікай, марыў стаць лётчыкам-знішчальнікам, ствараў мадэлі-планеры і з імі прымаў удзел у спаборніцтвах, добра маляваў. У музейным кутку захоўваюцца фотаздымкі, малюнкі, асабістыя рэчы Барыса, якія перадалі родзічы пасля перапахавання астанкаў салдата ў 1975 годзе.

Наступны раздзел прысвечаны нашаму земляку, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, поўнаму кавалеру ордэна Славы, кулямётчыку Рыгору Фёдаравічу Нагорнаму. Землякам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, якія здзейснілі подзвігі пры вызваленні краін Усходняй Еўропы, прысвечаны раздзел “Па дарогах вайны ішлі нашы землякі”.

Выраслі цэлыя пакаленні. Для іх Вялікая Айчынная вайна – далёкая гісторыя. Але сумленне і абавязак перад загінулымі і тымі, хто перажыў вайну, ніколі не дазволяць нам забыць гэты гераічна-трагічны перыяд.

Марына ГЛУШКО,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Навасёлкаўскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ