- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Мы з “Зорачкі”

 

“Зорачка” – гэта рознаўзроставы атрад аздараўленчага лагера “Сонейка” з дзённым знаходжаннем дзяцей пры гімназіі № 1 Свіслачы.

Гэта дружныя, вясёлыя, клапатлівыя, творчыя і ініцыятыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ўпэўнены, што ў будучым стануць сапраўднымі зоркамі. Гэта дзеці, якія штораніцы прачынаюцца і бягуць у лагер з асаблівым задавальненнем, таму што там весела, цікава і чакаюць сябры.

Свае дзверы школьны лагер адчыняе ў восем гадзін раніцы. Спачатку выхавальнік праводзіць хвілінку здароўя, прычым кожны дзень новую, вельмі цікавую і павучальную, а потым на гімназічным двары праходзіць лінейка. Пасля гэтага ўсе разам ідуць на зарадку. Затым усе выхаванцы адпраўляюцца на вельмі сытны і смачны сняданак. Харчаванне ў лагеры – асаблівая тэма! На ўсю моц імкнуцца дагадзіць і здзівіць кухары. Галоўная ўзнагарода для іх – пустыя талеркі. Тут ужо і дзеці імкнуцца не падвесці. Прымушаць нікога не даводзіцца!

Кожны дзень у атрадзе запланавана мерапрыемства. За час знаходжання ў лагеры члены нашай “Зорачкі” пабывалі на практычным занятку па турызме, сустрэліся з цікавымі людзьмі і наведалі цікавыя мясціны, паспелі ўстанавіць рэкорды лагера ў розных намінацыях, дапамагчы казачным жыхарам перамагчы зло (для гэтага неабходна было зрабіць як мага больш добрых учынкаў), а жыхарам нашага горада дапамаглі ўпарадкаваць магілы загінулых воінаў, правялі разбіральніцтва над шкоднымі звычкамі людзей і з дапамогай малюнкаў паказалі сваё негатыўнае стаўленне да ўжывання тытуню і алкаголю. У бібліятэцы, на прыкладзе герояў кніг, яны вялі размову пра прыгажосць слова і высакароднасць учынкаў, удзельнічалі ў спартакіядзе, нават кармілі вавёрачку, якая жыве ў гарадскім скверы. Я ўжо не кажу пра песні, танцы і разнастайныя гульні!

Увесь вольны ад мерапрыемстваў час дзеці гуляюць на свежым паветры ў рухомыя гульні.

Пасля ранішняй праграмы ўсе дружна адпраўляюцца на абед, не менш смачны, чым сняданак. Потым, трохі стаміўшыся (самую драбніцу), дзеці адпраўляюцца ў свае спальні. Надыходзіць ціхая гадзіна з абавязковым чытаннем любімай казкі, а па яе завяршэнні, аднавіўшы сілы і з’еўшы падвячорак, дзеці адпраўляюцца на вячэрнюю лінейку.

Вось так самы звычайны дзень можа змяніцца ў нашым лагеры – звыкла пачынаючыся, скончыцца сюрпрызамі і прыемнымі нечаканасцямі! Кожны дзень, праведзены ў лагеры, прыносіць членам “Зорачкі” зарад бадзёрасці і вясёлага настрою!

Марыя ДЗЯМЯНЧЫК,
выхавальнік аздараўленчага лагера пры гімназіі № 1 Свіслачы

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ