Адшукалі папараць-кветку

- 7:41ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 

Адно з самых старажытных народных святаў Купалле адсвяткавалі ў яслях-садзе № 12 Навагрудка. Усё было па старых звычаях: народныя песні, карагоды, гульні, нават пераскокванне праз “вогнішча” і “Папараць-кветка” – гэтую цудоўную кветку знайсці хацелася кожнаму.

Фальклорнае музычна-спартыўнае свята Купалле ладзілася з мэтай далучэння выхаванцаў да беларускай культуры, да нашых старадаўніх традыцый і самае галоўнае – хацелі падарыць дзецям радасны святочны настрой.

Купалле – свята росквіту зямлі, свята народнай творчасці, было арганізавана кіраўнікамі музычнага выхавання і выхавальнікамі груп. У пачатку свята да дзяцей завітаў Лясун. Ён паведаў дзецям пра лекавыя уласцівасці раслін. Дзеці адгадвалі загадкі Лясуна, гулялі ў беларускія народныя гульні.

Затым на ўпрыгожаную пляцоўку з’явілася прыгажуня Купалінка, якая расказала дзецям пра гісторыю ўзнікнення Купалля, паведала, адкуль пайшло гэтае свята, пазнаёміла дзяцей з традыцыямі святкавання, а таксама навучыла ўсіх прысутных плесці з кветак прыгожыя вянкі.

Свята прайшло ў форме квэст-гульні. Выхаванцы шукалі цудадзейную папараць-кветку, выконваючы розныя заданні, удзельнічалі ў конкурсах і эстафетах, нават пераскоквалі праз імправізаванае кастрышча.

Асобную радасць і азарт выклікалі народныя гульні-эстафеты. Дзеці весела і з радасцю ўдзельнічалі ва ўсіх конкурсах. Прыемна было назіраць, як старанна бегалі навыперадкі, як імкнуліся перадаць эстафету іншым удзельнікам. Кульмінацыяй свята стала знаходжанне “папараць-кветкі”.

Педагогі зрабілі ўсё, каб падараваць сваім выхаванцам добры настрой, радасць, весялосць, бадзёрасць, а галоўнае – пазнаёмілі дзяцей з фальклорнымі традыцыямі беларускага народа.

Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 12 Навагрудка

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий