- Дашкольная адукацыя. Iдэi, Метадычка

Лета як спрыяльная пара для выхавання і навучання

 

 

Вольга ХАМЯНКОВА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 5 Кармы,
Гомельская вобласць

 

Летні сезон – спрыяльны перыяд для аздараўлення дзяцей дашкольнага ўзросту. Яркае сонейка, свежае паветра, цёплая вада – гэта нашы лепшыя сябры і памочнікі ў аздараўленні. Хочацца падзяліцца з калегамі назапашаным вопытам па фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці выхаванцаў у летні перыяд.

Кожную раніцу мы пачынаем з прыёму дзяцей на вуліцы і, вядома, гімнастыкі на свежым паветры. Дзякуючы гэтаму дзеці актыўна ўключаюцца ў жыццядзейнасць групы і атрымліваюць зарад бадзёрасці на цэлы дзень.

Комплексы ранішняй гімнастыкі суправаджаюцца дыхальнай гімнастыкай, актыўна выкарыстоўваем у працы гімнастычныя палкі, кубікі, абручы і іншае фізкультурнае абсталяванне.

Адпаведна раскладу дня летняга перыяду мы значную частку часу праводзім на вуліцы. Прагулкі насычаны рухомымі і маларухомымі гульнямі, пальчыкавымі гульнямі, народнымі карагоднымі гульнямі, спартыўнымі эстафетамі і спаборніцтвамі, пазнавальна-даследчай дзейнасцю, гульнямі з прыродным матэрыялам, сюжэтна-ролевымі гульнямі, працоўнай дзейнасцю па догляду за аб’ектамі прыроды, гаспадарча-бытавой працай і працай па самаабслугоўванню , мастацка-эстэтычнай, тэатральна-гульнявой дзейнасцю.

Штодня праводзіцца індывідуальная і падгрупавая праца з дзецьмі, накіраваная на замацаванне, удасканаленне ўяўленняў выхаванцаў па змесце вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і на развіццё асноўных рухаў, рухальных уменняў і навыкаў, павышэнне рухальнай актыўнасці.

У летні перыяд, калі дазваляюць ўмовы надвор’я, арганізаваную мастацка-эстэтычную і фізкультурна-аздараўленчую дзейнасць мы таксама арганізуем на свежым паветры. Планаванне адукацыйнага працэсу пабудавана па прынцыпе тэматычных тыдняў, кожны дзень тыдня мае сваю назву. Напрыклад, “Тыдзень вясёлых гульняў і забаў” уключае такія тэматычныя дні як “Дзень ветлівасці”, “Дзень мяча”, “Дзень Здароўя”, “Дзень турыста”, “Дзень цацкі”. Тыдзень “Зялёны агеньчык” – “Дзень гульні”, “Дзень транспарту”, ​​“Дзень пешахода”, “Дзень дарогі”, “Дзень святлафора і дарожных знакаў”. “Тыдзень добрага настрою” – “Дзень рыбака”, “Дзень казкі”, “Дзень шакаладу”, “Дзень радасных сустрэч”, “Дзень дружбы” і г.д.

Усе ведаюць пра карысць загартоўвання для дзіцячага здароўя. І вядома, самы лепшы час для гэтага – цёплае лета. Выкарыстанне ў поўнай меры такіх натуральных фактараў прыроды, як сонца, паветра, вада, ўзбагачэнне харчавання свежай садавінай, павышэнне рухальнай актыўнасці – усё гэта спрыяльна ўплывае на здароўе дзяцей. Дзеці павінны ведаць, што гэта галоўныя фактары, якія дапамагаюць захаваць і ўмацаваць здароўе.
Адным з самых любімых відаў загартоўвання дзяцей з’яўляецца загартоўванне вадой. Дзеці актыўна вывучаюць ўласцівасці вады, любяць гульні з вадой “Чый караблік?”, “Прынясі ваду ў губцы”, “Дождик, лей-лей и воды не жалей!”, “Пералі, ды не пралі”, “Рыбалка”, “Шоў мыльных бурбалак”, гульні з вадзянымі пісталетамі і пырскаўкамі.

У нашай установе ўжо другі год функцыянуе цяпліца, у якой мы вырошчваем агуркі, памідоры, пятрушку, кроп, цыбулю. На кветнік высаджваем кветкі. Дзеці даглядаюць за раслінамі: праполваюць клумбы ад пустазелля, паліваюць, збіраюць старыя лісцікі. Так на практыцы дзеці далучаюцца да працы, набываюць вопыт арганізацыі працоўнай дзейнасці. Акрамя таго, яны вучацца заўважаць прыгожае ў навакольным свеце і шанаваць прыгажосць і багацце прыроды.

Цікава арганізаваная даследча-эксперыментальная дзейнасць узбагачае ўяўленні дзяцей аб нежывых аб’ектах прыроды, ўласцівасці вады, пяску, гліны, паветра, камянёў.

З мэтай папярэджання дзіцячага траўматызму і захавання здароўя з выхаванцамі праводзяцца такія мерапрыемствы як “Падарожжа ў краіну Святлафор”, “У гасцях у Спорціка”, “Нязнайка на дарозе”, “У гасцях у цёткі Коткі”, “Сябры лесу”, “Пірат Джэк ў гасцях у рабят” і іншыя.

Лета ў дзіцячым садзе – гэта насычаная пара, напоўненая смехам, радасцю і весялосцю. А гуляючы педагогі маюць магчымасць прывіць выхаванцам шмат карыснага.

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ