- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Лета з іскрынкай гумару

 

Лета2020 для выхаванцаў лагера працы і адпачынку “Пакаленне N” Нягневіцкай сярэдняй школы – гэта час актыўнасці і крэатыва.

Дзень усмешкі ў лагеры пачаўся з “Магіі вітаміннай раніцы”, накіраванай на ўмацаванне здароўя дзяцей і стварэнне атмасферы радасці і шчасця. А хіба ж гэта не шчасце – прачынацца рана ад спеву птушак, сустракацца ў школе з сябрамі і спяшацца насустрач адкрыццям! А гумар – найлепшая ўмова для сонечнага летняга дня.

 

У першай палове дня выхаванцы лагера працуюць у СВК “Нягневічы” на відавай праполцы зернавых, а пасля абеду, крыху адпачыўшы, дружна ўключаюцца ў розныя справы. Гэта і чэлендж “Паспрабуй не засмяяцца!”, калі дзеці стараюцца рассмяшыць сяброў вясёлай гісторыяй са школьнага жыцця, і хвілінкі-весялінкі з выкарыстаннем беларускіх прымавак, прыказак, баек. Іскрынка ў тым, што кожны ўдзельнік набірае ў рот вады. Так і смагу ўталіць можна ў спякоту, і павесяліцца.

Ролевую гульню “Спадары, да нас прыехаў…рэвізор!” дзеці правялі ў час няпростай санітарна-эпідэмічнай сітуацыі на свежым паветры амаль па-гогалеўску: “рэвізор” праверыў, як героі гульні захоўваюць сацыяльную дыстанцыю, ці правільна мыюць рукі, спытаў, як утылізаваць скарыстаную маску. Карысным для выхаванцаў быў майстар-клас “Ёга на дваіх” ад Надзеі Лаўнікевіч, юнай спартсменкі школы. Надзя запэўніла, што такое практыкаванне садзейнічае набыццю духоўнай гармоніі з партнёрам.

Пасля ўваходжання ў вобраз для ролевай гульні, прыдумванння тэатралізаваных сітуацый для хвілінак-весялінак у дзяцей хапіла яшчэ сіл і спартыўнага задору для “футбола навыварат”. Тут перамагла каманда дзяўчынак, таму што для іх была прыдумана адмысловая іскрынка: ім  дазвалялася браць мяч у рукі і імчацца да варот саперніка, каб забіць такі неабходны гол.

Такім чынам, Дзень усмешкі змясціў усё, што было запланавана: і працу, і адпачынак, і адчуванне шчасця і радасці.

М.І. СЯВЕЦ,
намеснік дырэктара лагера працы і адпачынку
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ