- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Падарожжа па планетах талентаў

 

 

На працягу дзесяці дзён аздаравіліся і весела правялі час дзеці ў прышкольным аздараўленчым лагеры “Краіна здароўя”, які быў адкрыты ў вучэбна-педагагічным комплексе Ялуцэвіцкі дзіцячы сад – пачатковая школа Зэльвенскага раёна.

Нікому сумаваць не прыйшлося. Час знаходжання ў лагеры быў насычаным і займальным. Кожны дзень, праведзены ў “Краіне здароўя”, быў прысвечаны асобнай планеце, на якой пабывалі ўдзельнікі змены “Вясёлыя вандроўнікі”. Гульнявыя праграмы, спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы: “Планета вясёлых дзяцей”, “Планета ўтульнасці і прыгажосці”, “Планета рухомых гульняў”, “Планета інтэлектуалаў”, “Планета казак”, “Планета тэатра, музыкі і танца”, “Планета герояў”, “Планета экалогіі”, “Планета патрыётаў”, “Планета рэкордаў”, “Планета мульціманаў”, “Планета талентаў”, “Планета прыколаў”, “Планета добрых спраў”, “Планета Нехварэйка”, “Планета нечаканасцей”, “Планета Зямля” – далі магчымасць рабятам праявіць свае здольнасці, раскрыць таленты, даведацца шмат новага і проста весела правесці час.

А якія выдатныя мерапрыемствы прайшлі ў “Краіне здароўя”! Колькі выдумкі, творчасці, фантазіі праявілі дзеці разам са сваімі выхавальнікамі. Конкурс малюнкаў “Добры дзень, лета” і малюнкаў на асфальце “З чаго пачынаецца Радзіма” у рамках акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”, спартландыя, рухомыя гульні і забавы, конкурс рэкламы “Бяспечнае лета”, конкурсная танцавальна-гульнявая праграма, гульня “Экалагічнае асарці”, спартыўны марафон і скок-шоу… Пералічваць можна бясконца. Дзеці сталі ўдзельнікамі гульнявой праграмы “Школа Шапакляк” і забаўляльнай праграмы “Выдатны настрой”, за што асобную падзяку хочацца выказаць загадчыцы сектарам па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці клуба аграгарадка Князева Л.А.Вановіч

Шмат уражанняў атрымалі хлопчыкі ад сустрэчы з прадстаўнікамі Зэльвенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Гэта было не толькі пазнавальна, але і карысна – паўтарыць вядомыя ісціны па супрацьпажарнай бяспецы, правілах паводзін у экстрэмальных сітуацыях. Убачыць і патрымаць спецінструменты пажарных, пабываць у пажарнай машыне – такое надоўга запомніцца дзецям. Вялікая ўвага надавалася не толькі прапагандзе здаровага ладу жыцця, але і вывучэнню правіл пажарнай бяспекі, бяспечных паводзін у інтэрнэце, крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці непаўналетніх за правапарушэнні. Пра гэта і не толькі гаварыў з выхаванцамі ўчастковы інспектар ІСН АУС Зэльвенскага райвыканкама Д.С.Амяльянчык.

Адбыўся анлайн-дзень установы дадатковай адукацыі: марафон творчых спраў і актыўнага адпачынку “Лета з пазітывам”, анлайн-квэст “Сябры раслін”, майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Насычаным і змястоўным быў турысцкі квэст “Шлях да Перамогі”, прысвечаны дню памяці 22 чэрвеня. Пазнаёміліся рабяты і з гісторыяй Сусветнага дня бежанцаў.

Работа прышкольнага лагера немагчымая без зладжанай і добра арганізаванай працы ўсіх структур. Кожны дзень дзеці атрымлівалі паўнавартаснае харчаванне. У рацыёне прысутнічалі садавіна, сокі, ёгурты, свежая гародніна.

Вядома ж, гатовага рэцэпту летняга адпачынку не існуе, але настаўнікі нашай школы перакананыя, што паразуменне і добры настрой – залог поспеху ў вырашэнні гэтай задачы. Дарослыя пастараліся, каб дзецям было весела, і каб кожны дзень быў для іх незабыўны.

Данута СУШКО,
дырэктар лагера

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий