- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Пераводзім дзяцей на “босы” рэжым

 

 

Лета – самы зручны момант для аздараўлення і загартоўвання дзяцей. Загартоўванне не патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі і пачынаць яго можна ў любым узросце; абсалютных супрацьпаказанняў да загартоўвання няма, важныя толькі правільная дазіроўка і сістэматычнасць.

Вывучыўшы ўсе метады загартоўвання, мы абралі тыя, якія можна ажыццявіць у дашкольнай ўстанове: загартоўванне сонцам, загартоўванне паветрам, загартоўванне вадой, паласканне горла, басаножжа.

Гульні з вадой – адна з любімых дзіцячых забаў і нядзіўна, таму што гульні з вадой карысныя не толькі для развіцця тактыльных адчуванняў і развіцця дробнай маторыкі. Вада развівае розныя рэцэптары, супакойвае, даруе станоўчыя эмоцыі. А што можа быць лепш, чым шчаслівы твар дзіцяці, калі яно плёскаецца ў вынасным басейне?!

Калі зямля праграваецца, мы пераводзім дзяцей на “босы” рэжым – яны ходзяць па ўчастку без абутку. Навошта? Прагулкі па каменьчыках, вільготным пяску, свежаскошанай траве, расе і нават лужынах трэніруюць мышцы ступні. Да таго ж на ступнях знаходзяцца рефлексагенныя кропкі, і так яны атрымліваюць стымуляцыю. Яшчэ адзін важны плюс – мяккае загартоўванне: нават кароткія забегі па ранішняй расе павышаюць ахоўныя магчымасці арганізма. Пасля басаножжа абавязкова праводзім нажныя абліванні.

Летнія прагулкі не менш чым 3–4 гадзіны раніцай і ўвечары за выключэннем абедзеннай спякоты ўваходзяць у абавязковы распарадак дня. Актыўныя рухі на паветры аказваюць гартавальнае ўздзеянне на дзяцей, забяспечваюць насычэнне крыві кіслародам, паляпшаюць абмен рэчываў. Дзеці гуляюць і не думаюць, што яны загартоўваюцца, затое гэта ведаем мы, дарослыя.

Правядзенне гартавальных мерапрыемстваў дашкалятам заўсёды ў радасць, важна працягваць іх і ў паўсядзённым жыцці. Таму асабісты прыклад дарослых, якім дзеці безумоўна вераць, вельмі важны.

Святлана КАСЦЮШЭЎСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 6 Смаргоні

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ