- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Шлях да прэзідэнцкай стыпендыі

 

 

Здараецца так, што маленькія перамогі нараджаюць вялікае жаданне развіваць свае здольнасці, рухацца насустрач новым дасягненням. І тады ўжо зусім няважна, дзе ты жывеш – у вялікім горадзе, ці ў маленькай вёсцы. Гэта даказала на сваім прыкладзе 11-гадовая вучаніца Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Лізавета Гірыновіч, якая стала пераможцам міжнароднага фестывалю-конкурсу вакальнай і інструментальнай музыкі Fen Flower International – 2020 сярод навучэнцаў 9–11 гадоў.

Ліза займаецца ў музычнай школе па класе цымбалаў усяго 4 гады, але яе поспехі радуюць бацькоў і педагогаў.

– За мінулы год мы прынялі ўдзел у некалькіх рэгіянальных і абласных конкурсах творчасці. Апошнім часам мы сур’ёзна рыхтаваліся да фестывалю-конкурсу “Шанс”, але яго па вядомых прычынах перанеслі на восень. Мы вырашылі не траціць час і паспрабаваць свае сілы на міжнародным узроўні, прыняць удзел у фестывалі-конкурсе вакальнай і інструментальнай музыкі Fen Flower International – 2020, які праходзіў з 1 па 7 чэрвеня, – расказвае педагог Лізы, настаўнік Валеўскай музычнай школы Наталля Будзіловіч. – Па ўмовах конкурсу неабходна было адправіць відэа з музычным нумарам працягласцю не менш 4 мінут. У нас якраз быў гатовы знакаміты твор Ігара Лучанка “Вяртанне да спадчыны”. Мы рызыкнулі, падалі заяўку і адправілі відэа. Вельмі ўдзячныя за дапамогу ў здымках нумару дырэктару Навагрудскай школы мастацтваў Людміле Аніскінай.

Добрыя навіны не прымусілі сябе чакаць. У канцы чэрвеня па пошце атрымалі медаль і дыплом першай ступені. Перамога стала нечаканасцю і цудоўным заканчэннем навучальнага года. Наступным крокам стала падача заяўкі на атрыманне прэзідэнцкай стыпендыі па падтрымцы таленавітай моладзі. Перамога Лізы на конкурсе міжнароднага ўзроўню першая, але, я ўпэўнена, не апошняя. Ліза – таленавітая дзяўчынка, яна як быццам нарадзілася з цымбальнымі палачкамі ў руках і пры гэтым яшчэ вельмі працавітая. Маючы талент і працавітасць можна дабіцца многага.

– Мы будзем працягваць займацца і пакараць новыя вяршыні. Магчыма, у бліжэйшым будучым Ліза сыграе дуэтам са сваёй малодшай сястрычкай Насцяй, якая таксама займаецца музыкай па класе цымбалаў, – дзеліцца далейшымі планамі педагог дзяўчынкі.

Ліза – старэйшая дачка ў мнагадзетнай сям’і. У яе дзве малодшыя сястрычкі, Настасся і Злата, і брацік Сцёпа. Маці, Вольга Юр’еўна, і тата, Дзмітрый Мікалаевіч, з любоўю выхоўваюць сваіх дзяцей, цікавяцца іх поспехамі, стараюцца развіваць іх таленты, падтрымліваюць ва ўсім і ганарацца дасягненнямі.

– З самага маленства Лізе падабалася музыка, – расказвае Вольга Юр’еўна. – Як толькі Ліза пайшла ў першы клас, мы адразу запісалі яе ў музычную школу і купілі цымбалы. Ёй так падабалася іграць, што здаралася, на ўроках яна забывалася пра ўсё і пачынала рукамі вадзіць у паветры, як быццам іграе на цымбалах. Я рада, што мая дачка знайшла любімы занятак, які прыносіць ёй задавальненне.

А што думае пра гэта сама Ліза? Ці збіраецца яна звязаць свой лёс з музыкай? Дзяўчынка кажа, што насамрэч і не спадзявалася, што выйграе гэты конкурс, таму вельмі рада.

– Я люблю іграць і буду далей займацца, мне вельмі хочацца стаць музыкантам, – крышачку саромяючыся, але з цвёрдасцю дзеліцца Лізавета.

Хто ведае, можа некалі з гэтай маленькай сціплай дзяўчынкі вырасце сапраўдная музычная зорка.

Ірына ДУХОЎНІК,
настаўнік Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ