- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Праект “Вялікі рэспект малой радзіме” 

 

Аздараўленчы лагер “ Зялёны патруль”, які працуе пры Валеўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе, жыве цікавым і насычаным жыццём. Акрамя экалагічнай накіраванасці ў лагеры праводзіцца шмат мерапрыемстваў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні.

Напярэдадні Дня Незалежнасці дзяўчынкі і хлопчыкі ўсклалі кветкі да помніка загінулым пры вызваленні вёскі Валеўка. Аддалі даніну павагі ўсім жыхарам Валеўскага сельскага савета, жыццё якіх спыніла жудасная вайна.

У залах школьнага музея прайшоў урок памяці “Дзякуй за жыццё”.

У ходзе лагернай змены быў рэалізаваны гісторыка-патрыятычны праект “Вялікі рэспект малой радзіме”. Яго складнікам стала гульня-падарожжа ў ХІХ стагоддзе. Дзеці наведалі былы маёнтак Чамброў, дзе жыла і выхоўвалася Барбара Маеўская, маці Адама Міцкевіча. Наведалі мы і сямейную капліцу ўладальнікаў маёнтка, а потым атрымалі заданне размясціць фотаздымкі аб’ектаў тых часоў на мясцовасці, карыстаючыся гістарычнымі выданнямі.

Цікава прайшла квест-гульня “Праз стагоддзі” на Радагошчанскай гары. Менавіта тут было адно з першых пасяленняў славян.

У час “Гістарычнай рэтраспектывы” мы пазнаёміліся з гісторыяй царквы святых апосталаў Пятра і Паўла ў аграгарадку Валеўка. Гэта ўнікальны помнік гісторыі, архітэктуры і культуры не толькі Навагрудчыны, але і ўсёй Беларусі. Яна пабудавана з дрэва без адзінага цвіка 335 гадоў назад.

8 ліпеня 1944 года быў вызвалены горад Навагрудак і наша мясцовасць. Гэтай падзеі была прысвечана акцыя “Мы памятаем…”.

Педагогі нашай установы адукацыі бачаць сваю задачу не толькі ў тым, каб аздаравіць дзяцей у лагеры, але і каб моладзь ведала гісторыю сваёй малой Радзімы і пранясла любоў да яе праз усё дарослае жыццё.

Тамара СУРАГА,
выхавальнік лагера Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ