- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Гуляем – традыцыі народа вывучаем

 

 

Педагогі Гезгалаўскага ясляў-сада Дзятлаўскага раёна надаюць вялікую ўвагу стварэнню ўмоў для далучэння дзяцей да гісторыі, культуры, традыцый беларускага народа. Адна з такіх умоў – афармленне ценявога навеса ў выглядзе беларускай хаты.  

Тут і лавы з саматканымі посцілкамі, і ручнікі з нацыянальным арнаментам, і беларускі гліняны посуд. Ёсць і сапраўдныя гаспадары – бабуля Ганна і дзед Міхась, вялікія роставыя лялькі. Менавіта яны гасцінна запрасілі на “Пасядзелкі” выхаванцаў рознаўзроставай групы № 3.

У гасцях у бабулі і дзядулі дзеці пашырылі ўяўленні пра стравы беларускай кухні: даведаліся, як і з чаго гатуюць дранікі, калдуны, клёцкі, грыбны квас.

З цікавасцю слухалі яны аповед бабулі пра тое, як у часы яе дзяцінства дзяўчынкі рабілі лялькі сваімі рукамі з ільну ці саломы і рознакаляровых шматкоў тканіны. У сваю чаргу дзеці паказалі гаспадарам свае любімыя цацкі: робаты, канструктар Lego, лялькі L.О.L.

Потым выхаванцы паведамілі, што ведаюць і любяць беларускія рухомыя гульні. Яны навучылі бабулю і дзядулю гульням “Гарлачык”, “Міхасік”, “Кот і мышы”.

Але якія “Пасядзелкі” без музыкі і спеваў? Дзед Міхась узяў у рукі баян, і загучалі ў хатцы беларускія песні, закружыліся карагоды.

Сустрэча з бабуляй і дзядулем атрымалася эмацыянальна насычанай, цікавай і пазнавальнай.

Вось такім чынам, весела і гуляючы, нашы выхаванцы ў летні час далучаюцца да нацыянальнай культурнай спадчыны. Педагогі ўпэўнены, што пры такім падыходзе да выхавання дзеці вырастуць сапраўднымі беларусамі.

Алена ЛУКІЯНЕЦ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Гезгалаўскага ясляў-сада Дзятлаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ