Пясок для эмацыйнага выхавання

- 0:47Дошкольное образование. Идеи, Методичка

 

Алена КАЛЕЦІНСКАЯ,
загадчык Лунненскага дзіцячага сада
Мастоўскага раёна

 

Практыка паказала, што адным з эфектыўных метадаў вырашэння праблем эмацыянальнага характару ў выхаванцаў-дашкольнікаў з’яўляецца “пясочная тэрапія”.

Пазнанне навакольнага свету ў дашкольным узросце адбываецца праз гульню, праз гульню дзіця пазнае сябе і навакольны свет. Таму пясочную тэрапію, як адну з разнавіднасцяў гульнявой тэрапіі, педагог-псіхолаг Ганна Казіміраўна Грэцкая актыўна выкарыстоўвае ў сваёй практыцы для зняцця псіхаэмацыянальнага напружання ў выхаванцаў.

Пясочная тэрапія – гэта шматбаковы працэс, які дазваляе педагогу адначасова рашаць задачы дыягностыкі, прафілактыкі, кансультавання і карэкцыі ў адукацыйным асяроддзі. Ён таксама спрыяе развіццю фантазіі, камунікатыўных навыкаў. Перанос традыцыйных навучальных і развіваючых заданняў у пясочніцу дае магчымасць педагогу вырашаць пастаўленыя задачы.

Ганна Казіміраўна стварыла скарбонку з мноствам гульняў і практыкаванняў у пяску і з пяском, якія актыўна выкарыстоўвае ў рабоце з дзецьмі. На занятках з выкарыстаннем метада “пясочнай тэрапіі” педагог прайгравае хвалюючыя дзяцей сітуацыі з дапамогай цацачных фігурак, сумесна з дзецьмі стварае з пяску карціны ўласнага свету.

У працэсе такой дзейнасці дзіця вызваляецца ад напружання, трывогі, агрэсіі. Пясочныя формы дзіцячай экспрэсіі з’яўляюцца выразам душы дзіцяці, яго ўнутранага стану. Пясок дае магчымасць выхаванцам для выражэння шырокай гамы самых розных пачуццяў: яго можна сыпаць, наносіць па ім ўдары, закопваць у яго розныя прадметы. Дзеці з цікавасцю пакідаюць на пяску адбіткі далоняў, геаметрычных формаў. Праца з пяском і вадой дазваляе ствараць новыя вобразы і не патрабуе дадатковых уменняў.

У пяску праводзяцца практыкаванні на развіццё дробнай маторыкі рук: пальцы “ходзяць, шпацыруюць” па пяску, “скачуць”, выконваюць зігзагападобныя рухі, граюць “на піяніна” і г.д. Гэтыя нескладаныя практыкаванні таксама маюць каласальнае значэнне для развіцця і захавання псіхікі дзіцяці.

Ганна Казіміраўна ўпэўнена ў неабходнасці выкарыстання пясочнай тэрапіі ў рабоце педагога-псіхолага. Яна лічыць, што такога роду ўзаемадзеянне з пяском стабілізуе эмацыянальны стан выхаванцаў, дзеці вучацца прыслухоўвацца да сябе і прамаўляць свае адчуванні, а гэта спрыяе развіццю мовы, адвольнай увагі, памяці. А яшчэ, як лічыць педагог, вельмі важна, што такая праца дазваляе дзіцяці атрымліваць першы вопыт рэфлексіі: вучыць разумець сябе і іншых.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий