- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Адпачынак для душы

 

 

Лета – цудоўны час, калі свет становіцца ярчэйшым, прыгажэйшым і крыху шчаслівейшым! Для нашых дзяцей лета заўжды павінна быць добрым, светлым і бяспечным!

У чэрвені навучэнцаў Мішнеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы сустракаў летні аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Вясёлка”, у якім дзеці адпачылі з задавальненнем і карысцю для здароўя і душы.

Стварэнне летняга аздараўлечага лагера з дзённым знаходжаннем з экалагічным накірункам з’яўляецца актуальным у наш час. У сучасным свеце праблемы навакольнага асяроддзя набываюць сапраўды глабальны характар. Яны закранаюць асновы чалавечага грамадства і шмат у чым вызначаюць магчымасці яго выжывання. На першы погляд можна лічыць, што гэтыя праблемы маюць дачыненне толькі да гарадоў. Аднак на практыцы назіраецца змяненне характару глебы, нізкая ўрадлівасць і шмат чаго іншага. Таму захаванне асяроддзя набывае першараднае значэнне для ўсіх. Чым больш людзей будуць разглядаць прыроду як аб’ект свайго клопату, тым эфектыўней стануць намаганні грамадства па яе ахове.

Непасрэднае ўключэнне кожнага навучэнца ў прыродаахоўную і асветніцкую дзейнасць неабходна для фарміравання асобы, здольнай жыць у гармоніі з прыродай. Прыярытэтнай задачай нашага летніку з’яўлялася фарміраванне ў свядомасці навучэнцаў адзінага вобраза навакольнага свету як дома, агульнага для ўсіх людзей, для ўсяго жывога.

У цэнтры выхаваўчай работы лагера – дзіця і яго імкненне да рэалізацыі. Гэта час атрымання новых ведаў, набыцця новых навыкаў і жыццёвага вопыту. Усё гэта магчыма, дзякуючы прадуманай арганізаванай сістэме планавання.

Выхавальнікі пастараліся зрабіць адпачынак дзяцей арганізаваным і карысным. У лагеры дзейнічаў адзін атрад, які быў падзелены на дзве каманды “Юныя натуралісты” і “Эколагі”. Навучэнцы аформілі атрадны куток, дзе змясцілі свой дэвіз, крычалку, эмблему. Акрамя гэтага, быў створаны агульны стэнд, дзе размясціўся план работы, рэжым дня, рэфлектыўнае пано. Кожны дзень знаходжання ў летніку быў падпарадкаваны пэўнай тэматыцы. Вельмі ярка і займальна для дзяцей прайшлі дзень адкрыцця лагернай змены, дзень прыроды, дзень казак, дзень правіл дарожнага руху, дзень роднага краю, беларускай народнай культуры і іншыя.

Вялікая ўвага надавалася рухомым гульням на свежым паветры і ўмацаванню здароўя. Кожная раніца пачыналася з бадзёрай зарадкі для ўсіх навучэнцаў, праводзіліся таксама хвілінкі здароўя і бяспекі, а пасля дзяцей чакаў смачны і карысны сняданак, падчас якога выхавальнікі сачылі за выкананнем дзецьмі асабістай гігіены, правільнасцю карыстання сталовымі прыборамі і культурай харчавання.

У лагеры кожны дзень праводзілася спартыўная гадзіна, якая ўключала першынствы па гульнявых відах спорту, спартыўныя эстафеты, у якіх усе дзеці з вялікім задавальненнем прымалі ўдзел. Тут можна было праявіць моц, трываласць, цярпенне, уменне суперажываць, спачуваць. Пасля такіх мерапрыемстваў у навучэнцаў адбываўся выкід адмоўнай энэргіі і зарадка станоўчымі эмоцыямі. Пад дэвізам “Мы за чыстае паветра” прайшлі спартыўныя эстафеты ў рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь супраць тытыню”. Закончыўся той дзень святочным флэшмобам, дзе дзеці самі прыдумалі і развучылі рухі. У выніку атрымаўся вясёлы дружны танец.

Актыўна ўдзельнічалі выхаванцы ў канцэртах, прысвечаных адкрыццю і закрыццю летніка. У лагеры рабяты займаліся і грамадска-карыснай справай: сачылі за чысцінёй у пакоях, палівалі і палолі кветкі на тэрыторыі школы. Выхавальнікамі аздараўленчага лагера было праведзена шмат розных мерапрыемстваў, якія прадугледжвалі выкананне розных творчых заданняў: дзеці ляпілі, малявалі, чыталі, разгадвалі крыжаванкі, ператвараліся ў піратаў.

Вялікі зарад эмоцый быў атрыманы ў дванаццаты дзень, які меў назву “Дзень Майстра”. У гэты дзень было запланавана шоу “Паказ мод на Марсе”. Дзеці гэта ведалі і ўжо дома падрыхтавалі ўбранні. Для сваіх касцюмаў яны выкарысталі старыя газеты, пакеты для смецця, адходы пластыка. Усе праявілі фантазію, крэатыўнае мысленне, каб прыдумаць незабыўны вобраз. Навучэнцы ўдзельнічалі ў дэфіле, прадстаўлялі і абаранялі свае касцюмы.

Час у лагеры вельмі спадабаўся і запомніўся вучням. Яны правялі яго з карысцю для сябе і свайго здароўя. Дзеці адзначалі, што кожны дзень быў поўны эмоцый, насычаны мерапрыемствамі, зарадам бадзёрага настрою і здароўя. За актыўны ўдзел у конкурсах і мерапрыемствах хлопчыкі і дзяўчынкі ўзнагароджваліся граматамі, салодкімі прызамі і падарункамі.

Аздараўленне дзяцей на базе нашай установы адукацыі стварыла ўмовы для фізічнага развіцця і ўмацавання іх здароўя, спрыяла выхаванню дысцыпліны, працавітасці, дружбы і калектывізму, адказнасці, камунікабельнасці, талерантнасці. Кожны з навучэнцаў за час адпачынку знайшоў сабе справу па душы, праявіў свае лепшыя якасці. Аналіз вынікаў паказаў, што ў дзяцей і іх бацькоў склаліся станоўчыя ўражанні ад знаходжання ў аздараўленчым лагеры. Змена скончылася, але засталіся бадзёры дух, добры настрой і прыемныя ўспаміны.

Алеся НІКОЛЬСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мішнеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ