- Метадычка, Пачатковая школа. Iдэi

Фарміраванне чытацкіх кампетэнцый на ўроках літаратурнага чытання

 

 

Любоў БАЗЫЛЕВА,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 41 Магілёва

 

У сучасным пераменлівым свеце чалавек вымушаны вучыцца на працягу ўсяго жыцця. Адной з умоў паспяховай самаадукацыі з’яўляецца сфарміраванасць ключавых кампетэнцый. Галоўнае месца ў іх пераліку займае чытацкая кампетэнцыя. Яна вызначаецца валоданнем тэхнікай чытання, прыёмамі разумення прачытанага і праслуханага твора, веданнем кніг і ўменнем іх самастойна выбіраць, сфарміраванасцю духоўнай патрэбы ў кнізе і чытанні.

Паказчыкамі чытацкай цікавасці малодшых школьнікаў з’яўляюцца станоўчыя адносіны да самой чытацкай дзейнасці (“люблю чытаць”), зацікаўленнасць канкрэтнымі кнігамі (“хачу гэтыя кнігі”), захапленне самім працэсам чытання (“не магу адарвацца ад кнігі”), імкненне падзяліцца з іншымі радасцю ад зносін з кнігай (“хачу, каб іншыя даведаліся пра гэтую кнігу”).

Фарміраванне чытацкай кампетэнцыі навучэнцаў адбываецца на ўроках літаратурнага і пазакласнага чытання, на пазакласных занятках праз арганізацыю літаратурных гульняў, творчых конкурсаў, заняткаў з элементам тэатралізацыі, што стымулюе творчасць дзяцей.

Першы крок на шляху далучэння дзяцей да чытання павінен быць накіраваны на авалоданне тэхнікай чытання і, перш за ўсе, на запамінанне вучнямі літар, своеасаблівасцей іх спалучэнняў, на фарміраванне ўменняў хутка адрозніваць пэўную літару сярод іншых, суадносіць яе з гукам, пазнаваць, што яна азначае, калі аказваецца ў ланцужку іншых літар, якія ўтвараюць слова.

Навучэнцы пачынаюць прайграваць гукавую форму слова, развіваецца навык плаўнага складовага чытання, чытаюцца складовыя канструкцыі, словы, словазлучэнні, сказы і тэксты. Так у выніку сістэматычнай і мэтанакіраванай працы адбываецца фарміраванне навыку чытання.

Пад навыкам чытання маюць на ўвазе ўменне правільна прачытваць словы, разумець сэнс тэксту, выразна чытаць, вытрымліваць аптымальны тэмп чытання.

Мэта вучэбнага прадмета “Літаратурнае чытанне” на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі – залажыць асновы чытацкай культуры асобы, каб вучань усведамляў каштоўнасць літаратуры як мастацтва слова, мог ажыццяўляць самастойную чытацкую дзейнасць па асобным успрыманні і асэнсаванні адпаведных узросту твораў мастацкай літаратуры.

Для рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні літаратурнаму чытанню на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны і вырашаюцца задачы па фарміраванні і развіцці ключавых кампетэнцый вучняў:

  • сацыякультурнай:
  • прывучаць вучняў да паслядоўнага выканання культурных норм;
  • актывізаваць пазнавальныя памкненні вучняў у спасціжэнні беларускай нацыянальный культуры, захаванні нацыянальна-культурных традыцый;
  • асобаснай:
  • гарманічна фарміраваць навык чытання, комплекс чытацкіх уменняў, якія забяспечаць асэнсаванае ўспрыманне, поўнае, глыбокае разуменне і асобасную ацэнку маральнай праблематыкі і эстэтычнага плана твора;
  • стымуляваць імкненне да чытання кніг на беларускай мове;
  • выхоўваць павагу да кнігі як крыніцы самапазнання і развіцця.
  • маўленча-камунікатыўнай:
  • развіваць вобразнае ўяўленне, маўленчую актыўнасць, здольнасць да літаратурнай творчасці на падставе ўспрынятых твораў мастацкай літаратуры;
  • фарміраваць агульнавучэбныя ўменні працы з тэкставай інфармацыяй розных відаў.

З улікам вызначанных задач, змест вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» павінен быць скіраваны на фарміраванне прыкладных аспектаў чытацкай кампетэнцыі вучняў на беларускай мове:

  • навыкаў чытання на беларускай мове (здольнасць правільна агучваць графічна зафіксаваны тэкст з разуменнем яго зместу);
  • прадуктыўнай чытацкай дзейнасці з тэкстам, кнігай на аснове комплексу бібліятэчна-бібліяграфічных уменняў.

Чытацкая дзейнасць, фарміраванне якой адбываецца на ўроках літаратурнага чытання, з’яўляецца кампанентам (элементам) камунікатыўнай кампетэнцыі і забяспечвае апасродкаваную камунікацыю праз пісьмовы тэкст.

Для эфектыўнага выканання камунікатыўна-моўнай, чытацкай і літаратурна-мастацкай дзейнасці на ўроках літаратурнага чытання стараюся вырашаць гэту праблему комплексна: прымяняю розныя формы арганізацыі навучання. А каб у дзяцей было жаданне гаварыць на роднай мове, прымаю любыя адказы дзяцей, забяспечваю самастойнасць выбару і прыняцця рашэння школьнікамі, канстатую памылкі дзяцей як нечаканы погляд на нешта звыклае, выключаю крытыку асобы і адмоўную ацэнку дзейнасці школьнікаў, абапіраюся на паўсядзённы вопыт дзяцей.

Для развіцця сацыякультурнай кампетэнцыі выкарыстоўваю жанры вуснай народнай творчасці: прымаўкі, прыказкі, загадкі, чыстагаворкі, скорагаворкі, лічылкі, пацешкі, жарты. Усё гэта ўжываю на розных этапах урока: пры моўнай размінцы, пры вызначэнні і замацаванні тэмы, пры падвядзенні вынікаў. У кантэксце культуралагічнага падыходу стымулюецца пазнавальная актыўнасць вучняў у спасціжэнні гістарычных вобразна-мастацкіх звестак пра Беларусь, яе прыроду, традыцыі, побыт, міфалогію.

Прыказкі і прымаўкі здольныя забяспечыць фарміраванне ў вучняў элементаў ключавых кампетэнцый, неабходных для выкарыстання вынікаў навучання ў сацыяльным жыцці асобы, яе развіцці і сацыяльнай адаптацыі.

Вялікую ролю ў развіцці маўлення і папаўнення лексічнага запасу вучняў, іх інтэлектуальнага развіцця адыгрываюць розныя віды загадак: паліндромы (словы, якія чытаюцца як злева направа, так і справа налева); акразагадкі (вершы, у якіх пачатковыя літары вершаваных радкоў, прачытаныя зверху ўніз, утвараюць слова-адгадку); загадкі-метаграмы (у якіх з задуманага слова шляхам замены адной літары іншай атрымліваецца новае слова); анаграмы (словы, якія атрымліваюцца ў выніку перастаноўкі літар у слове); лагаграфы (словы-загадкі, якія змяняюць сваё значэнне пры адыманні або дадаванні літар).

Для эфектыўнага выканання літаратурна-мастацкай дзейнасці ў сваёй працы карыстаюся нестандартнымі прыёмамі работы, накіраванымі на развіццё сацыякультурнай, асобаснай і маўленча-камунікатыўнай кампетэнцый пры рабоце з творамі розных жанраў. Вось гэтыя прыёмы:

  • змяненне канцоўкі твора;
  • змена сітуацый у творы, з якім пазнаёміліся;
  • метад “новы погляд” (героі надзяляюцца іншымі якасцямі);
  • рэклама твора.

Вельмі карыснай лічу работу па складанні сваіх уласных апавяданняў:

  • “заканчваем твор”;
  • “інцэніроўка твора”;
  • “тэатр-экспромт” (калі адзін вучань распавядае, а другі з дапамогай жэстаў і мімікі абыгрывае сітуацыю);
  • “выратавальныя сітуацыі ў творах” (прыдумванне канцовак).

Пры рабоце над мастацкім творам выкарыстоўваю наступныя заданні:

  • скласці апавяданне ад імя героя;
  • скласці дыялог розных герояў;
  • апісаць адну і тую ж сітуацыю, прадмет з пункту гледжання розных яе ўдзельнікаў, інтарэсы якіх могуць быць і процілеглымі.

Для фарміравання чытацкіх уменняў выкарыстоўваю такія практыкаванні:

  • чытанне з прыпынкамі (вучні знаёмяцца з падзеленым на фрагменты творам павольна, пастаянна вяртаюцца да папярэдняй інфармацыі, аналізуюць яе, параўноўваюць з асабістым досведам);
  • “маланка” (чаргаванне розных відаў чытання);
  • “буксір” (дзеці напаўголасу чытаюць разам са мною, альбо з добра чытаючым вучнем);
  • “фініш” (знайсці адказ на пастаўленае перад пачаткам чытання тэксту пытанне);
  • “чырвоны святлафор” (падчас чытання я спецыяльна замяняю адно слова іншым, а дзеці павінны заўважыць памылку).

Неацэнную дапамогу ў развіцці маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў аказвае далучэнне іх да даследчай дзейнасці. У выніку вучэбна-даследчай работы яны набываюць бясцэнны вопыт самастойнай творчай дзейнасці па засваенні новых ведаў, вучацца адказваць на пытанні рознага характару, ставіць іх, весці дыялог, сцісла пераказваць тэкст, будаваць звязныя выказванні, выконваць асноўныя віды пісьмовых работ, што ў сукупнасці развівае вусную і пісьмовую мову навучэнцаў.

Стратэгія фарміравання чытацкіх кампетэнцый патрабуе сістэматычнага падыходу, ад яе выніку залежыць будучае дзіцяці, паколькі чалавек, які не валодае чытаннем як інтэлектуальнай тэхналогіяй, не можа адпавядаць патрабаванням сучаснага рынку працы.

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий