- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Пра мілы родны кут

 

 

У кожнага з нас ёсць малая радзіма. Няма даражэй месца, чым тое, дзе ты нарадзіўся і вырас. Для мяне і маіх выхаванцаў гэта наш родны горад Навагрудак.

У нашай дашкольнай установе прайшоў тэматычны тыдзень “Мой родны кут”, калі выхаванцы пазнавалі малую радзіму праз вывучэнне родных мясцін, дасягненняў землякоў, гістарычнага мінулага роднага краю і яго сучаснага развіцця, нацыянальна-культурных традыцый і духоўных набыткаў продкаў. У сваёй дзейнасці педагогі прытрымліваюцца прынцыпу “праз малое – да вялікага”.

Цэнтральнае месца ў знаёмстве з родным краем і малой радзімай займае краязнаўчая работа. З дзецьмі быў праведзены шэраг мерапрыемстваў па знаёмству з родным краем. Гэта і гутаркі, і гульні, і віктарыны, і вандроўкі, і розныя экскурсіі. Асабліва цікавай была анлайн-экскурсія па славутых мясцінах Навагрудчыны. Выхаванцы пазнаёміліся з Навагрудскім замкам, помнікамі Якубу Коласу, Невядомаму салдату, Адаму Міцкевічу, Рыцару, пабывалі на гары Міндоўга, на алеі ліхтароў.

Падчас конкурсу малюнкаў “Мой родны кут, як ты мне мілы” дзеці малявалі родны горад, свой дом, сваю вуліцу, любімыя кветкі, дрэвы, што растуць побач, свой дзіцячы сад, сваіх сяброў.

З вялікай цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у даследчай дзейнасці на тэму “Адкуль твой род”. Яны з захапленнем складалі свае радаводныя дрэвы.

Уся работа па азнаямленні з родным краем вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі. Асабліва важнымі з’яўляюцца сумесныя прагулкі бацькоў і дзяцей, наведванне музеяў, помнікаў, славутых месцаў, якія адлюстраваны ў анлайн-фотавыставе “З бацькамі па родным краі”.

Таксама для бацькоў праведзены анлайн-кансультацыі “Разнастайнасць форм работы з дзецьмі па выхаванні любові да роднага краю і яго гісторыі”, “Каб мова беларуская гучала”.

Любоў дзяцей да роднага краю выхоўваем праз мастацкую літаратуру, беларускія народныя гульні, сюжэтна-ролевыя гульні “Сям’я” і “Беларуская хатка”, а таксама праз азнаямленне з фальклорнымі творамі і фальклорныя святы.

У нашым дзіцячым садзе створаны ўсе неабходныя ўмовы, якія забяспечваюць рэалізацыю комплекснага падыходу ў рашэнні задач патрыятычнага выхавання: фарміраванне ведаў, пачуццяў, адносін і патрэбнасцей у дзейнасці, накіраванай на захаванне і памнажэнне багаццяў роднага краю.

Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 12 Навагрудка

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ