- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Непаседы падарожнічаюць па Беларусі

 

 

У аздараўленчым лагеры Непаседы Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адпачываюць 22 навучэнцы школ горада. У аснове развіцця лагернай змены ляжыць ідэя падарожжа па Беларусі. Кожны дзень удзельнікі змены адпраўляюцца ў новае падарожжа па роднай краіне, вывучаюць яе гісторыю і традыцыі, знакамітых людзей, культуру, сучасныя дасягненні. Свой шлях вандроўцы адзначаюць на карце беларускімі брэндамі і тэматычнымі ілюстрацыямі.

Адкрыццё змены з’яўляецца адным з самых яркіх і запамінальных мерапрыемстваў, да якога вельмі старанна рыхтуюцца ўсе. На ўрачыстым адкрыцці з вулічнай сцэны цэнтра творчасці гучалі песні, вершы, разыгрываліся сцэнкі, былі флэш-мобы і нават акрабатычныя нумары. Яшчэ адно мерапрыемства адзначыла гэты дзень – сустрэча са старшым дзяржінспектарам аддзела ДАІ Смаргонскага РАУС Віталіем Кандратовічам. Разам з ім дзеці замацавалі веды пра правілы бяспечных паводзін на дарогах і ў транспарце, што вельмі важна для юных падарожнікаў.

Акрамя пазнавальных падарожжаў кожны дзень у лагеры праводзяцца творчыя майстэрні, заняткі гурткоў, на якіх дзеці вучацца новым творчым тэхнікам, ствараюць прыгожыя малюнкі, паштоўкі і іншыя вырабы.

                   

17 ліпеня ў летнім лагеры прайшоў тэматычны дзень пад назвай “Этнаграфічная Беларусь”. Дзеці прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў на асфальце “Герб нашага атрада”, прыдумалі дызайн атрадных гербаў.

Шмат цікавых гульняў арганізуецца на свежым паветры, у іх з задавальненнем прымаюць удзел і педагогі. За першыя дні змены ўжо з’явілася гульня з мячом, якую любяць усе, – “Адзінаццаць”.

Змена абяцае быць вельмі цікавай і пазнавальнай. Рабяты не толькі адпачнуць і набяруцца сіл, але таксама больш даведаюцца пра асаблівасці культуры беларускага народа.

Анжэла АСКІРКА,
дырэктар лагера

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ