- ВІЦЕБШЧЫНА, Рэгiёны

Па-маладзёжнаму ярка і незабыўна

 

 

Штогод сталіца Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ператвараецца ў цэнтр маладзёжнай ініцыятывы і творчасці самых актыўных, пазітыўных, энергічных юнакоў і дзяўчат нашай краіны: горад над Дзвіной у рамках афіцыйнай праграмы фестывалю сустракае Дзень моладзі, ідэйным натхняльнікам якога з 2014 года выступае грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Сёлета да маштабнага форуму далучыліся ўдзельнікі Рэспубліканскага маладзёжнага цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”.

Па традыцыі асноўныя падзеі разгарнуліся ў сэрцы Віцебска – на плошчы Перамогі, адной з буйнейшых у Еўропе. Пасля энергічнай танцавальнай размінкі, арганізаванай школай бальнага танца “Паўночная сталіца”, на старт выйшлі ўдзельнікі “#Маладзёжнага забегу”. Цікава, што першым да фінішу ў масавым марафоне здаровага ладу жыцця на дыстанцыю 6,5 кіламетра даімчаўся мінулагодні пераможца Дзяніс Воляк, такім чынам ён у другі раз заваяваў галоўны прыз спаборніцтва – веласіпед. Тым часам на плошчы пачалі работу інтэрактыўныя пляцоўкі “#БеларусьПомнит!”, “За Беларусь!”,“#ЧтиТрадиции!”, “#ЖивиЯрко!”, “#БудьЗдоров!”, “#ТвориДобро!”, “#БудьсНами!”.

Гасцямі цырымоніі адкрыцця Дня моладзі сталі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” Дзмітрый Варанюк і рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Шчасны, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранкін і генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” Глеб Лапіцкі. Падчас урачыстасці адбылася прэзентацыя рэспубліканскага праекта “Паштоўка.БЕЛ”, які накіраваны на папулярызацыю дасягненняў краіны і будзе рэалізаваны ў фармаце посткросінгу.

– Маладосць – час надзей, пошуку свайго жыццёвага шляху, імкнення дзейнічаць і здзіўляць свет самымі смелымі ідэямі і дасягненнямі, – адзначыў у звароце да моладзі Ігар Карпенка. – Маладыя людзі разумеюць, што ў сучасным свеце паспяховы той, хто мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, трывалыя веды, навыкі, эрудыцыю, здаровыя амбіцыі ў спалучэнні з адказнасцю, займаецца спортам, пастаянна развіваецца і самаўдасканальваецца. У нашай краіне робіцца ўсё магчымае, каб у жыццё ўвасабляліся самыя смелыя вашы мары і планы. Вам пашчасціла нарадзіцца і вырасці ў суверэннай дзяржаве, пабудаванай на моцным фундаменце шматвяковай гісторыі беларускага народа і папярэдніх пакаленняў беларусаў. Вы дастойныя нашчадкі і прадаўжальнікі слаўных традыцый гераічнага пакалення. У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, нават пад мірным небам. А подзвіг сёння – гэта працаваць і ствараць на карысць свайго народа, роднай краіны. Росквіт і моц Радзімы, яе сённяшні і заўтрашні дзень залежаць ад вашай ініцыятывы, мэтанакіраванасці, прафесіяналізму і адказнасці. Гледзячы на вас, мы бачым новыя дасягненні Беларусі, верым у яе паспяховую будучыню. Змяняюцца людзі і пакаленні, але энергія моладзі застаецца нязменнай. Моладзь – рухавік устойлівага развіцця нашай краіны. І ў гэты дзень я хачу пажадаць руху толькі наперад, у імя стварэння, у імя нашай любімай Беларусі!

У Мемарыяльным комплексе ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны ўдзельнікі ўрачыстасці аддалі даніну памяці загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны за вызваленне роднай зямлі, усклалі кветкі да Вечнага агню і разгарнулі палотнішча “Беларусь памятае!” з імёнамі Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Міністр адукацыі прыняў удзел у старце рэспубліканскага праекта БРСМ пад слоганам “Захоўваючы – прымнажаць!” – адкрытага дыялогу з моладдзю “Беларусь: учора, сёння, заўтра”, а таксама азнаёміўся з лакацыямі і фотазонамі Дня моладзі, наведаў пляцоўкі “Славянскага базара ў Віцебску”.

На працягу дня кожны жадаючы мог стаць удзельнікам фестывалю дваровых гульняў “Альтэрнатыва” і першага адкрытага абласнога турніра па кіберспорце, успомніць любімыя гульні, такія як “Квадрат”, “Я ведаю пяць імёнаў”, “Сапсаваны тэлефон”, “Квач”, “Ядомае – неядомае”, пабываць на фестывалі кавераў “Копія верная”, паназіраць за працай сталічных мастакоў-графіцістаў Івана Калтовіча і Іллі Трускоўскага (аўтары палатна 350 м “#раЗам” у Мінску). На пляцоўцы каля Летняга амфітэатра адбыліся спаборніцтвы па хуткасным бегу на ролікавых каньках, адкрыты чэмпіянат Belarus Skateboard Challenge, абласны турнір па баскетболе 3×3, паказальныя выступленні наймацнейшых гіравікоў Беларусі і адкрыты абласны турнір па гіравым спорце “Кубак губернатара”. Тых, хто аддае перавагу рову матораў і ўдарнаму гуку, у парку імя Савецкай Арміі сабраў аўтафэст “Hotweekend”. Завяршылі форум начны парад удзельнікаў рэспубліканскага праекта “Маладзёжны цягнік “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” і ўрачысты ад’езд стылізаванага сімволікай праекта састава з чыгуначнага вакзала “Віцебск”.

Арганізатарам Дня моладзі выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Цэнтра культуры “Віцебск” і Дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Таццяна БОНДАРАВА

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ