Лета – час яркіх уражанняў, новых знаёмстваў, прыемнага правядзення вольнага часу. Штогод у Макараўскім яслях-садзе – сярэдняй школе Бераставіцкага раёна педагагічны калектыў стараецца зрабіць адпачынак навучэнцаў не толькі цікавым, але і карысным. Гэты год не стаў выключэннем.
На базе ўстановы адкрыта летняя моладзевая пляцоўка “Здаровы лад жыцця – гэта крута”, у час наведвання якой можна прыняць удзел у квест-гульнях, спартыўных спаборніцтвах, велапрабегах, праглядзець і абмеркаваць відэафільмы.
Так, надаўна шэсць навучэнцаў прынялі ўдзел у велапрабегу “Люблю свой край, старонку гэту”. Маршрут пралягаў праз вёскі Белакозы, Русакі, затым уздоўж дзяржаўнай мяжы да вёсак Рэпавічы, Кудрычы, апошні прыпынак – аг.Макараўцы.
Па дарозе дзеці не толькі любаваліся прыгажосцю сваёй малой радзімы, але і папоўнілі веды пра гісторыю навакольных вёсак, прынялі ўдзел у працоўным дэсанце “Чысты бераг”, і, вядома ж, умацавалі сваё здароўе. Стомленыя, але задаволеныя, веласіпедысты вярнуліся дахаты.
Алена БУДНІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Бераставіцкага раёна