Максім Багдановіч – геній беларускай літаратуры. Верш “Зімой”

- 21:55Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Урок беларускай літаратуры ў 5 класе
(урок-адкрыццё)

 

Ірына СЯЛЕЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Паселіцкай сярэдняй школы Хойніцкага райна,
Гомельская вобласць

 

 

Мэты:

  • пазнаёміць пяцікласнікаў з некаторымі звесткамі з біяграфіі паэта, адкрыць асобу таленавітага паэта М. Багдановіча;
  • выклікаць у вучняў пачуццё захаплення прыгажосцю і гармоніяй карцін прыроды, створаных паэтам у вершы “Зімой”, дапамагчы адчуць суладнасць карцін прыроды з пачуццямі паэта – адчуваннем паўнаты і радасці жыцця, бадзёрасцю, усхваляванасцю, захапленнем прыродай, казачнымі краявідамі, зімовым вечарам;
  • звярнуць увагу на інтанацыйны і вобразны лад верша, удасканальваць уменне выразна чытаць вершы;
  • выхоўваць гонар і павагу да спадчыны М. Багдановіча

Абсталяванне:

выстава кніг, папяровыя сняжынкі для ацэньвання працы, папяровыя сардэчкі, малюнкі вучняў, вянок з васількоў, выказванні пра паэта ў форме васілька.

 

Ход урока

І. Арганізацыйны момант

     1. Уступнае слова настаўніка

      – Дзень добры, сябры! Хачу ў вас адразу запытаць: дзённікі, сшыткі, жаданне, настрой – ці ўсё з табой?

(Адказы вучняў: “Усё са мной!”)

     – Рада вітаць вас бадзёрымі і здаровымі на ўроку роднай літаратуры.
     А працу вашу сёння на ўроку дапамогуць ацаніць вось гэтыя сняжыначкі. Чым больш вы іх атрымаеце, тым большая будзе ваша адзнака. І яшчэ, такім чынам мы парадуемся надыходу сапраўднай зімы. За працу, сябры! І першыя сняжыначкі ўжо ляцяць да вас, бо вы сёння прыгожа апрануты, беленькія і чысценькія, бы тыя сняжыначкі.

ІІ. Знаёмства з тэмай урока

     1. Уступнае слова настаўніка

     – А ўрок наш незвычайны – урок – адкрыццё генія беларускай літаратуры – Максіма Багдановіча. А ці ведаеце вы, што абазначаюць словы “адкрыццё”, “геній”?

     2. Праца з тлумачальным слоўнікам (Двое вуняў па жаданні працуюць з тлумачальнымі слоўнікамі)

     – Калі будзеце гатовы, падыміце васілёк.

     3. Тлумачэнне эпіграфа:

“Ён з намі – вечна малады і звонка, сонечна родны”.
Я. Брыль

      – Каб зразумець сэнс гэтых слоў, звернемся да партрэта паэта. На нас глядзіць сімпатычны і абаяльны юнак, сур’ёзны і засяроджаны, з правільнымі, прыгожымі рысамі твару, пышнымі валасамі, цёмнымі густымі брывамі, вачамі, што выпраменьваюць святло. Такім ён быў, і такім застанецца назаўсёды.

     4. Агучванне мэт урока (разам з вучнямі)

     – Як вы думаеце, што мы будзем рабіць на ўроку? На дошцы запісаны дзеясловы, якія дапамогуць нам сфармуляваць мэты:
     адкрываць – асобу пісьменніка;
     чытаць – выразна і інтанацыйна верш “Зімой”;
     ганарыцца – спадчынай, якую пакінуў нам паэт.

     5. Звесткі з жыцця. Паведамленне настаўніка

     – Лёс наканаваў яму толькі 25 вёсен і зім, але такое кароткае жыццё запаліла на літаратурным небасхіле вельмі яркую зорку, якая ззяе побач з зоркамі Я. Купалы, Я. Коласа.

     У дзяцінстве Максім быў вельмі ўражлівым хлопчыкам, з багатай фантазіяй. Бацька паэта, Адам Ягоравіч, вядомы беларускі фалькларыст, прывіў яму любоў да кніг, жывапісу, музыкі, далучыў да багатых скарбаў беларускага фальклору (народных песень, казак, паданняў). Маці, Марыя Панасаўна, аддала яму цеплыню і пяшчоту свайго сэрца, навучыла дабру і спагадлівасці. Але ёй было адпушчана мала жыцця. Максіму не было яшчэ і пяці гадоў, калі ён страціў самага дарагога чалавека. Развітанне з маці стала і развітаннем з Беларуссю, бо сям’я пераехала ў другі горад. Радзіма засталася ў яго памяці сінім васільком, загадкавай, таямнічай…

     А чаму васільком засталася Радзіма для паэта? Як вы думаеце?

(Адказы вучняў)

     – Так, кветка васілёк – сімвал Беларусі.

     – У апошні дзень жыцця побач з ім нікога не было: ні родных, ні блізкіх, ні сяброў. Каля ложка пасля яго смерці знайшлі невялікі ліст паперы, дзе было напісана:

     У краіне светлай, дзе я ўміраю,
     У белым доме ля сіняй бухты.
     Я не самотны, я кніжку маю…

     Так, ён быў не сумны, а шчаслівы. Шчаслівы ад таго, што паспеў выдаць адзіную пры жыцці кнігу вершаў пад назвай “Вянок”. “Вянок”– гэта споведзь душы паэта. Звярніце ўвагу на выставу кніг. Так выглядала адна з вокладак зборніка вершаў “Вянок”.

     Пахавалі М. Багдановіча ў Ялце чужыя людзі, а ў 1924 годзе беларускія паэты У. Дубоўка, А. Вольны, А. Александровіч адшукалі яго магілу, і пазней на ёй быў пастаўлены помнік. У 2000 годзе тут устаноўлены новы помнік з кароткім надпісам: “Беларускі паэт М. Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Мінску. Памёр 12 мая 1917 года ў Ялце”.

     На дваццаць шостым годзе жыцця паэта не стала. Памёр ўдалечыні ад Беларусі. Ён памёр і… жыве. Жыве ў памяці народнай. Жыве ў мудрых думках, у высакародных пачуццях, у вершах, у мастацтве, у музыцы.

     Давайце ж і мы збяром вянок паэту, з дня нараджэння якога сёння спаўняецца 128 год.

     6. Калектыўная праца. Ушанаванне памяці паэта. Вянок паэту

     – У вас на партах ляжаць кветачкі – васількі – любімыя кветкі паэта Давайце спляцём іх у адзіны вянок – вянок памяці і павагі да паэта.

(Вучні ўплятаюць васількі ў вянок. Настаўніца прымацоўвае вянок да шыльды з фотаздымкам паэта.)

     – Вялікі дзякуй вам, дзеці. У Максіма Багдановіча было вельмі тонкае і незвычайнае адчуванне прыроды. Ён стварыў цудоўныя творы пейзажнай лірыкі, якія і сёння здзіўляюць нас сваёй шчырасцю, лірызмам, высокай культурай пачуццяў.

     7. Праца з падручнікам (с. 123). Тлумачэнне назвы рздзела

     У любую пару года:
     У пагоду, непагоду
     Слухай родную прыроду,
     Слухай, сябра дарагі!

     – Дзеці, мы зусім забыліся на нашага сябра вожыка, які ўсю восень дапамагаў нам берагчы наш зрок. Усе вожыкі даўно заснулі, а ён шчыруе. Давайце правядзём фізкультхвілінку і адпусцім вожыка да наступнай восені.

     8. Зрокавая фізкультхвілінка “Вожык”

III. Праверка дамашняга задання

     – Я папрасіла вас у якасці дамашнягя задання падрыхтаваць малюнкі пра зіму. У вас гэта атрымалася вельмі хораша. Давайце ўсе разам яшчэ раз паглядзім на іх. А аўтараў малюнкаў прашу крышку іх пракаменціраваць. (Каментар малюнкаў вучнямі).

     Хачу звярнуць вашу ўвагу яшчэ на адны малюнкі. Парыжэлыя ўжо ад часу. Ім больш за 10 гадоў. Але я іх беражна захоўваю. Іх малявалі дзеці вашага ўзросту, выказваючы свае пачуцці і хваляванні, звязаныя з любімай парой года. Абяцаю, што зберагу і вашы шэдэўры.

     9. Музычны перапынак.

     – Ці пазнаеце вы зімку. Паслухайце музычныя ўрыўкі па чарзе і скажыце, пад якім нумарам “гучала зіма” (праслухоўванне музычных урыўкаў)

     – М. Багдановіча таксама асабліва прываблівала зіма. Магчыма, таму, што нарадзіўся паэт зімой.

     10. Знаёмства з вершам “Зімой”. Чытанне верша настаўнікам на памяць.

     11. Калектыўная гутарка.

      – Ці спадабаўся вам верш?
     – Які настрой ён у вас выклікаў?
     – З якой інтанацыяй патрэбна чытаць верш?
     – Ці сустрэліся незнаёмыя вам словы?

     12. Слоўнікавая праца.

     13. Рухальная фізкультхвілінка

     Надышла зіма.
     Раз, два (хадзьба на месцы)
     Адляцелі птушкі ў вырай.
     Тры, чатыры (становяцца на насок, рукі ўгору)
     Дома больш не ўсядзець.
     Пяць, шэсць (нахілы наперад)
     Мы сяброў сваіх запросім.
     Сем, восем (пляскаюць ў далоні)
     Зімка дзетак усіх пацешыць
     Дзевяць, дзесяць (развароты)

     14. Чытанне верша вучнямі

     15. Сродкі мастацкай выразнасці

     – Якія з прапанаваных ілюстрацый больш падыходзяць да верша “Зімой”?

     16. Замацаванне вывучанага. Заданне “Галоўнае слова”

     – На дошцы яшчэ ёсць адзін васілёк. На ім размешчаны словы. Кожны з вас павінен выбраць сабе пялёстак з тым словам, якое ён можа растлумачыць у дачыненні да нашага ўрока: ”Вянок”, васількі, Мінск, Ялта, зіма, “Зімой”, геній, фальклор, Марыя Панасаўна, снежань.

IV. Вынік.

     – Без чаго немагчыма жыццё?
     – Без здароўя, сяброў.
     – І што – ўсё?
     – Не.
     – Без мараў і шчасця.
     – Несустрэчы з нянасцем,
     – Без мамулі,татулі,
     – Каб спявалі нам “люлі”.
     – Без песень і плясак,
     – Без гумару, казак,
     – Без гульняў, вяселляў,
     – І дзён нараджэнняў.
     – Нават без гора,
     Але, каб не цэлае мора.
     – І без памяці, гонару, веры
     І каб наша жыццё
     Кожны дзень было – АДКРЫЦЦЁ!

 

     – Ці стаў наш сённяшні ўрок для вас адрыццём?
     – Ці захацелася вам чытаць вершы паэта?
     – Ці хваляваліся вашы чалавечыя сэрцы?
     – На календары дзявяты дзень зімы. За акном сцюдзёна і холадна. А на сэрцы ў нас цёпла і ўтульна. Я спадзяюся, што будзе разам з вамі геній беларускай літаратуры М. Багдановіч. Дык падорым жа агонь сваіх сардэчак чалавеку з вялікім сэрцам – М. Багдановічу. Прымацуйце папяровыя сардэчкі да таго дзеяслова, які вам больш даспадобы з вызначаных мэт нашага ўрока

(Дзеці прымацоўваюць папяровыя сардэчкі на дошцы)

Вучань:

     Беларусы табой ганарацца,
     Тут імя тваё дорага ўсім,
     І так хораша нам называцца
     Землякамі тваімі, Максім!

Ацэньванне працы. Выстаўленне адзнак.

      Дзякуй вам, дзеці, за працу. Вы сёння былі ўважлівымі, шчырымі і паслухмянымі. Палічыце свае сняжыначкі і пакладзіце іх у дзённікі, а я з задавальненнем пастаўлю вам адзнакі. І на развітанне хачу падарыць вам патрэбную і карысную рэч – закладку для падручніка “Беларуская літаратура”. На ёй размясціліся розныя зорачкі. Яны быццам прыляцелі з верша “Зімой”.  …У небе зоркі ад марозу, пахаладзеўшыя дрыжаць.

 

Дамашняе заданне. Вывучыць верш “Зімой” на памяць (с. 123–124)

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий