- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Каляровае жыццё ў лагеры “Малышок”

 

 

“Лета ў Мегаполісе” – так называецца сюжэтна-ролевая гульня, якая дала магчымасць цікава праводзіць час усім, каго аб’яднаў сёлета лагер “Малышок”. Педагогі СШ № 1 Карэліч, пры якой працаваў лагер, добра разумеюць, што самы кароткі шлях да арганізацыі цікавага і карыснага летняга адпачынку – гэта шлях праз гульню. Таму для развіцця ведаў, уменняў і навыкаў выхаванцаў у працу лагера былі ўключаны разнастайныя тыпы гульняў.

Слоўнічак лагера: лагер – Мегаполіс, усе дзеці ў лагеры – жыхары Мегаполіса, начальнік лагера – губернатар, выхавальнікі лагера – мэры, атрады – раёны, камандзір атрада – кіраўнік раёна. Усе дзеці (жыхары) Мегаполіса дзяліліся на два атрады (раёны), Рамонкавы і Бярэзнікі. У кожнага атрада былі свае сімвалы: назва, дэвіз, гімн, свой атрадны куток. Гульня ішла на працягу 18 дзён, кожны з якіх меў свае асаблівасці.

Уся інфармацыя пра удзел жыхароў у той ці іншай справе была прадстаўлена на інфармацыйным стэндзе, аформленым як пазл (з якога збіралася карта горада). Карта нашага Мегаполіса была спачатку чорна-белай, бо каронавірус “скраў” летні настрой дзяцей, але дзень за днём яна станавілася больш каляровай, настрой дзяцей падымаўся, яны гулялі і весяліліся.

У лагеры створана тэлестудыя “Мы ў эфіры”. Яе работа аб’ядноўвала жыхароў Мегаполіса ў час змены.

Кожны дзень у лагеры быў асаблівы, меў сваю назву і кірунак. Напрыклад, у Дзень святочны, прысвечаны адкрыццю лагернай змены, мы святкавалі і шукалі таленавітых дзяцей. Дзень патрыятычны і Дзень Памяці былі накіраваныя на фарміраванне патрыятычнай свядомасці дзяцей, любові да Радзімы, свайго народа і гатоўнасці да яго абароны. У гэтыя дні дзеці віртуальна наведалі экспазіцыйныя залы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны “Перамога–75: дарогамі мужнасці і славы”, паглядзелі ваенны фільм, даведаліся пра юных герояў Вялікай Айчыннай вайны, спявалі ваенныя песні, а таксама паўдзельнічалі ў ваенізаванай гульні “Зарніца” і ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу “Зорка”.

Ні адна змена аздараўленчага лагера не абыходзіцца без спартыўных мерапрыемстваў. Для фізічнага развіцця і папулярызацыі фізічнай культуры ў лагеры “Малышок” былі праведзены Дзень алімпійскі, Дзень спартыўны, Дзень чэмпіёнаў і Дзень моцных, смелых, спрытных. Дзеці весела і з карысцю правялі час на свежым паветры, паўдзельнічалі ў лёгкаатлетычным кросе, спартыўных эстафетах, спаборніцтвах па фрысбі, футболе і футбэгу, у спартыўных святах “Спорт-шоу” і “Беларусіяда”.

Пытанням бяспекі заўсёды надаецца павышаная ўвага. У нашым лагеры прайшоў Дзень бяспекі. У гэты дзень дзеці пабывалі ў Царстве Гігіены, даведаліся самае важнае пра каронавірус і яго прафілактыку, пра шкоду наркотыкаў, паўдзельнічалі ў гульні на мясцовасці “Сцежка небяспечных месцаў”, а работнікі МНС падарылі дзецям памяткі і займальныя матэрыялы.

Дзень славянскі быў накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, распавядаў пра традыцыі, нацыянальныя каштоўнасці, гістарычнае мінулае нашага краю. У гэты дзень хлопцы і дзяўчаты спявалі песні на беларускай мове і гулялі ў беларускія гульні.

Каб павысіць цікавасць да чытання кніг, а таксама ўспомніць пра паэтаў-юбіляраў, у лагеры былі праведзены Дні кніжны, юбілейны і прыгод. Выхаванцы ўдзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў вершаў паэтаў-юбіляраў Ф.Багушэвіча, А.Пысіна, П.Броўкі, У.Дубоўкі, паглядзелі мультфільмы і зрабілі інсцэніроўку “Ажыві кнігу” (да 55-годдзя публікацыі кнігі “Нязнайка на Месяцы” М.Носава).

Таксама ў “Малышку” прайшлі Дні музычны, разумнікаў, шакаладу, дружбы. Дзеці ўдзельнічалі ў цікавых гульнях, віктарынах і конкурсах.

Кожная праца павінна быць узнагароджана. Так і ў нас. Кожны дзень дзеці атрымлівалі прызы і дыпломы. А заключным этапам быў Дзень развітальны са святочнай канцэртнай праграмай “За развітаннем будзе сустрэча”.

Іна СУДНІК,
начальнік дзіцячага аздараўленчага лагера “Малышок”

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ