Масты ўзаемадзеяння

- 18:45ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Для Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі лета – гэта самая гарачая пара. Надыходзіць час для рэалізацыі праекта летняй аздараўленчай кампаніі Масты ўзаемадзеяння.

Наш цэнтр творчасці ўжо другі год працуе ў рамках гэтага праекта. Сёлета работу па праекце ўдасканалілі. Час не стаіць на месцы, і нашы педагогі заўсёды крочаць з ім у нагу. На працягу ўсяго лета ў планы работы цэнтра былі ўключаныя анлайн-мерапрыемствы. Нашы педагогі працавалі і працягваюць працаваць з дзецьмі ў сацыяльных сетках. Вялікая колькасць конкурсаў была праведзена ў інтэрнэце. Рабяты з задавальненнем прымалі ўдзел у фотаконкурсах, інтэрнэт-квестах і чэленджах.

Да ўдзелу ў конкурсах далучаліся і бацькі, якія разам са сваімі дзецьмі здзяйснялі сямейныя паходы і прагулкі. Бацькі і дзеці выкладвалі фота ў Інстаграме з расповедамі пра сямейныя паходы. У выніку атрымаўся вельмі цікавы конкурс фатаграфій “Мой лепшы сямейны паход”.

 

У рамках праекта “Масты ўзаемадзеяння” педагогі Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі арганізоўвалі для навучэнцаў цікавыя, пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы. З велізарнай цікавасцю дзеці прынялі ўдзел у “Імперыі інтэлектуальных гульняў Intelkids”, у паласе перашкод “ВелаДрайв”, у бумерангу гульняў “Прыгоды на сонечнай планеце” і многіх іншых мерапрыемствах.

Кульмінацыйным момантам летняй аздараўленчай кампаніі стала мерапрыемства, прысвечанае фарміраванню навыкаў здаровага ладу жыцця. Педагогі Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі падрыхтавалі для дзяцей горада спартыўную квест-гульню “Здорава.by”. Колькі цікавых і складаных этапаў давялося прайсці камандам, каб дабрацца да фінішу! Старт быў дадзены на этапе “Вітамінавы mix”, дзе капітаны каманд з завязанымі вачыма павінны былі сабраць вітаміны пэўнага колеру. Азарт, цікавасць і хваляванне ахапілі не толькі вучняў, але і іх бацькоў, якія прыйшлі пахварэць за сваіх дзяцей.

Каманды змагаліся за званне лепшых. Ім неабходна было прайсці этапы “Насустрач здароўю”, “Павуцінне”, “Здораўскі баскетбол”, “Сэнсарная пляцоўка” і “Снайпер”. На кожным этапе дзецям патрэбны былі пэўныя якасці: уважлівасць, акуратнасць, трапнасць, цярпенне, інтуіцыя. Але без узаемадапамогі і падтрымкі каманды вучні наўрад ці змаглі б прайсці ўсе выпрабаванні.

Хваляванне ахапіла не толькі каманды, але і нашых педагогаў. Усе з нецярпеннем чакалі, калі ўдзельнікі прыйдуць да фінішу і хто ж будзе лепшым. І вось усе этапы пройдзеныя, журы падводзіць вынікі, а бацькі і дзеці чакаюць заканчэння гульні. Усе каманды пастараліся на славу, таму ў спартыўным квесце “Здорава.by” перамагла дружба! Усе каманды пайшлі дадому з дыпломамі і выдатным настроем.

Наталля РАДКЕВІЧ,
загадчык аддзела Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий