- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

“Зорны паход” па месцах баявой славы

 

 

Педагогі і выхаванцы Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі правялі традыцыйны “зорны паход”, прымеркаваны да 76-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яго ўдзельнікамі сталі тыя, хто зацікаўлены ў даследаванні айчыннай гісторыі, падтрыманні традыцый ушаноўвання вайсковай доблесці і захаванні культурнай спадчыны.

Кіраўнік аддзела па асноўнай дзейнасці Наталля Кунцэвіч загадзя распрацавала маршрут. Ён ахопліваў Мазыр, вёскі Вялікі Бокаў, Камянка, Раманаўка, Слабада, Касцюковічы, Загорыны.

У вёсках Вялікі Бокаў і Каменка група мазырскіх турыстаў-краязнаўцаў наведала помнікі воінам Чырвонай Арміі, якія загінулі пры вызваленні Мазырскага раёна, і правяла добраўпарадкаванне пахаванняў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ля вёскі Раманаўка дыслацыраваліся партызанскія атрады. Вёскі Казіміраўка і Буда-Казіміраўская былі цалкам спалены разам з жыхарамі. Пасля вайны апошняя была адноўлена. У памяць пра тыя трагічныя падзеі недалёка ад дарогі ў гушчы леса створаны музей партызанскай славы, дзе ўдзельнікаў паходу чакала пазнавальная экскурсія.

Наступны пункт на карце – вёска Слабада. Там, недалёка ад школьнага двара, у гонар аднавяскоўцаў, якія аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць радзімы, створаны невялікі мемарыяльны парк. Побач – скульптура салдата і стэла з імёнамі пахаваных воінаў.

Далей маршрут праходзіў праз вёску Касцюковічы Мазырскага раёна. 30 ліпеня 1943 года тут адбылася жудасная трагедыя: нямецкія акупанты растралялі палову жыхароў, другую палову – жывымі скінулі ў студні, а вёску цалкам спалілі. Па словах месцічаў, пасля карнай аперацыі яшчэ некалькі дзён былі чутныя стогны людзей, але дапамагчы ім ужо не было магчымасці. У памяць пра гэтыя трагічныя падзеі ў цэнтры населенага пункта ўсталяваны помнік “Маці, якая смуткуе”.

Заключным пунктам на маршруце была вёска Загорыны. У гэтай мясцовасці знаходзіцца магіла юнгі Віля Краўчанкі. Да канца чэрвеня 1944 г. у Загорынах дыслацыраваліся вайсковыя часткі і падраздзяленні Дняпроўскай ваеннай флатыліі. 28 чэрвеня 1944 г. у баі на рацэ Прыпяць ля вёскі Скрыгалаў Мазырскага раёна загінула шэсць маракоў. Сярод іх – юнга-матрос Віль Краўчанка, якому споўнілася толькі 17 гадоў. Удзельнікі паходу даведаліся пра акалічнасці смерці юнака і некаторыя факты яго біяграфіі, прывялі ў парадак помнік.

На працягу ўсяго маршруту ўдзельнікі, калі наведвалі брацкія магілы і вайсковыя пахаванні, выказвалі павагу загінулым воінам хвілінай маўчання. Паход надоўга застанецца ў памяці выхаванцаў Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Наталля КУНЦЭВІЧ, загадчык аддзела,
Зінаіда ШАЛАМІЦКАЯ, метадыст
Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ