- Маладзёжны прэс-цэнтр

Лета – на здароўе разам з “УмКам”

 

Дар’я ВАРАБ’ЁВА і Соф’я ЛОТЫШ,
члены гуртка “Юны журналіст”
Гезгалаўскай сярэдняй школы

 

Усіх вітаюць юныя карэспандэнты Гезгалаўскай школы Даша Вараб’ёва і Соф’я Лотыш! Сёння мы хочам пагаварыць пра летні школьны лагер “УмКа” (“Умные Каникулы”), бо гэта выдатнае рашэнне для тых бацькоў, якія ўлетку вымушаныя працаваць, а дзяцей без нагляду пакідаць не жадаюць.

Калі шчыра, мы самі ўжо не раз наведвалі і летнія, і вясновыя, і зімовыя школьныя лагеры. І нам вельмі падабалася! Але гэты год асаблівы: мы апранаем маскі, пальчаткі, бярэм дыктафон і ідзём у лагер, каб задаць пару пытанняў.

Першы, каго мы сустракаем, – дырэктар лагера Людміла Шпакава. Яна расказала, што ў лагеры сёлета праходзяць аздараўленне 18 чалавек з 2–8 класаў. Сфарміравана два атрады, якія практычна не перасякаюцца адзін з адным. Праводзіцца штодзённы кантроль (апытанне пра стан здароўя дзяцей і выхавальнікаў, тэрмаметрыя) медыцынскім работнікам, створаны ўсе ўмовы для захавання асабістай гігіены персаналам і дзецьмі. Большую частку часу выхаванцы праводзяць на адкрытым паветры.

Потым мы паразмаўлялі са старшым выхавальнікам Наталляй Ліцкевіч і даведаліся, што лагер дапаможа росту дзіцяці ў фізічным, інтэлектуальным, маральным i творчым плане. Рабяты змогуць здзейсніць “кругасветнае” падарожжа па краінах і кантынентах. Назва праекта, які рэалізуецца ў летнім лагеры, вельмі цікавая – “ЛінгваБокс”. Наталля Анатольеўна патлумачыла, што “лінгва” – гэта моўны, а “бокс” – шкатулка, скрынка. У гэтым “боксе” знаходзяцца неабходныя для падарожжа квіткі, візы і рэчы, якія з’яўляюцца пропускам у іншыя краіны. Але без ведання мовы дзеці скарыстацца “боксам” не змогуць.

У першыя два дні рабяты “наведвалі” Францыю. Спачатку яны атрымалі размоўнік турыста з базавымі фразамі на французскай мове, бо, знаходзячыся ў адной з самых прыгожых і цікавых краін Еўропы з найбагатай гісторыяй і пышнай культурнай спадчынай, неабходна неяк размаўляць. Таму “гіды” (выхавальнікі) запрасілі дзяцей на відэаўрок французскай мовы. “Падцягнуўшы” сваю французскую выхаванцы адправіліся “падарожнічаць” па гэтай цудоўнай краіне і знаёміцца з яе культурай і жыхарамі. Сумаваць не давялося, бо гіды падрыхтавалі для дзяцей сустрэчу ў інтэлектуальным батл-агенстве “Французскі поўдзень”, відэасалон “Віртуальнае падарожжа па Францыі”, квест “Францыя на далоньцы”, студыя фотабутафорыі “Французскі шык”, сэлфі-марафон “Французы” .

Сустрэцца з вандроўнікамі нам не ўдалося, бо ў нас не было ні віз, ні квіткоў у Францыю, але дырэктар лагера паабяцала, што ў наступны раз мы абавязкова зможам пагутарыць і задаць свае пытанні.

Дарагія бацькі, не хвалюйцеся, педагогі імкнуцца, каб дзецям было весела, і каб кожны дзень быў для іх незабыўны. Займальных вам канікул, рабяты!

 

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ