- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Уборка хлеба на ўласных палях агралесатэхнічнага каледжа

 

 

Пра тое “што летні дзень год корміць” у Магілёўскім дзяржаўным агралесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага ведаюць не па чутках. Штогод тут аказваюць працоўную дапамогу сельгаспрадпрыемствам рэгіёну. На Магілёўшчыне сёлета плануюць сабраць звыш мільёна тон хлеба. У гэтую гарачую пару дапамога каледжа будзе вельмі патрэбнай. Але спачатку трэба ўбраць ўласныя збожжавыя палі.

Усебаковую дапамогу на ўборцы аказвае навучэнец Яўген СМАЛЯНКОЎ

– На сённяшні дзень у каледжа 273 га сельгасугоддзяў. З іх 120 га – гэта ворныя землі. Усе яны засеяны збожжавымі культурамі. Сёлета мы вырасцілі азімую пшаніцу, яравыя ячмень і авёс, ёсць таксама крыху кукурузы і гародніна: бульба, кармавая буракі. На астатніх землях у нас лугі, дзе мы нарыхтоўваем корм для жывёл заасаду. Сабраныя збожжавыя і гародніна таксама ў асноўным выкарыстоўваюцца ў якасці кармоў. Калі застаюцца лішкі збожжа, мы рэалізуем яго дзяржаве, – распавёў намеснік дырэктара каледжа па вытворчым навучанні Пётр Іванавіч Скрылёў.

Уборка хлеба на ўласных палях у агралесатэхнічным каледжы ў самым разгары. Ва ўстанове разумеюць: у такой справе марудзіць нельга, бо ад гэтага наўпрост залежыць будучы ўраджай. Ва ўборачнай задзейнічаны восем чалавек. Майстры вытворчага навучання Уладзімір Пятровіч Барашка, Аляксандр Уладзіміравіч Каташкоў, Міхаіл Адамавіч Лемцюгоў і Аляксандр Уладзіміравіч Дорахаў, а таксама навучэнцы Аляксандр Койпіш, Павел Рэут, Яўген Смалянкоў і Максім Малаш. Праца наладжана пазменна, кожная змена за дзень адпрацоўвае па шэсць гадзін.

Майстар вытворчага навучання Аляксандр Уладзіміравіч КАТАШКОЎ і навучэнец каледжа Аляксандр КОЙПІШ працуюць у адным экіпажы

 

– Многія землі ў нас не асабліва ўрадлівыя. Але агульнымі намаганнямі мы збіраем досыць нядрэнныя ўраджаі. Сёлета сярэдняя ўраджайнасць на ўзроўні 30 ц/га, а ўсяго плануем сабраць каля 300 тон збожжа, – адзначыў Пётр Іванавіч.

Дарэчы, уборку збожжавых у каледжы вядуць уласнай тэхнікай. На балансе ўстановы ёсць камбайн “Палессе КЗС-1218”. Навучэнцы сумесна з выкладчыкамі загадзя рыхтуюць яго да ўборачнай кампаніі. Гэта, як і праца на ўборачнай, ідзе юнакам у залік вучэбнай практыкі. Адвозка сабранага ажыццяўляецца на вучэбным аўтамабілі. Далейшую апрацоўку збожжа ў каледжы таксама вядуць самастойна. Для гэтага ва ўстанове ёсць дзве зернеачышчальныя машыны.

                                     

                    На ачыстцы збожжа задзейнічаны майстар вытворчага навучання Уладзімір Пятровіч  БАРАШКА  
                    і навучэнец Павел РЭУТ

 

– Праца камбайнерам цяжкая, але гэта нядрэнная магчымасць падзарабіць. Акрамя таго, калі глядзіш у бункер камбайна і бачыш, як ён запаўняецца збожжам, адчуваеш невымоўныя пачуцці маральнага задавальнення. Разумееш, што сапраўды робіш важную і патрэбную справу, – гавораць майстар вытворчага навучання Аляксандр Уладзіміравіч Каташкоў і навучэнец каледжа Аляксандр Койпіш, якія працуюць у адным экіпажы.

Уборку ўласных збожжавых палёў у Магілёўскім дзяржаўным прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага плануюць завяршыць да панядзелка. Пасля зернеўборачны камбайн установы з выкладчыкамі і навучэнцамі накіруецца на дапамогу ва ўборцы хлеба ў сельгаспрадпрыемства “Сервалюкс-Агра” Магілёўскага раёна. Акрамя таго, каледж акажа дапамогу жыхарам усіх навакольных вёсак ва ўборцы ўраджаю на іх прысядзібных участках.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

На галоўным фота (злева направа): майстар вытворчага навучання Аляксандр Уладзіміравіч КАТАШКОЎ, а таксама навучэнцы каледжа Яўген СМАЛЯНКОЎ і Аляксандр КОЙПІШ

 

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ