- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Адкрылі абноўлены басейн

 

 

У сярэдняй школе № 18 Магілёва пасля капітальнага рамонту адкрылі басейн. Значная падзея аб’яднала прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, педагогаў, навучэнцаў установы адукацыі і дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ.

Басейн васемнаццатай школы з’яўляецца цэнтрам спартыўнага жыцця цэлага гарадскога мікрараёна, таму яго рамонт быў праведзены ў рэкордна кароткія тэрміны. Усяго за тры з нечым месяцы басейн, які знаходзіўся ў аварыйным стане, ператварыўся ў сучасны спартыўны аб’ект.

На рамонтныя работы было затрачана звыш 1 млн бюджэтных сродкаў. Зараз у 25-мятровым басейне 5 дарожак замест чатырох. Тут устаноўлены новыя сістэмы водападрыхтоўкі і вентыляцыі, заменена плітка ва ўсіх памяшканнях, абноўленыя душавыя, раздзявальні. Сучасныя магчымасці басейна – гэта пачатак новага этапу ў развіцці фізічнай культуры ў Кастрычніцкім раёне Магілёва. 

– Абнаўленне басейна дазволіць нам арганізоўваць больш якасны адукацыйны і трэніровачны працэс. Акрамя нашых вучняў, у басейне займаюцца рабяты з гарадскіх ДЮСШ, ён з’яўляецца асноўнай базай для правядзення трэніровак па водным пола і трыятлоне. Імёны нашых навучэнцаў вядомыя па ўсёй рэспубліцы. Сярод іх – Мікіта Цмыг, Уладзіслаў Лапо, Вольга Раманенка і многія іншыя. Акрамя гэтага, басейн карыстаецца вялікай папулярнасцю ў жыхароў мікрараёна. Цяпер мы можам пашырыць і палепшыць тыя паслугі, якія прадстаўляем насельніцтву, – распавёў дырэктар школы Сяргей Боніч.

Адметна, што за апошнія гады была праведзена істотная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы васемнаццатай сярэдняй школы. Ва ўстанове абнавілі фасад, добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю, цалкам рэканструявалі лыжную базу.

Як адзначыў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, гэта вынік таго, што развіццю і ўдасканаленню ўстаноў адукацыі ў горадзе надаецца прыярытэтная ўвага.

– Усяго месяц таму ў сярэдняй школе № 46 быў адкрыты новы спартыўны комплекс з сучасным басейнам і дадатковымі памяшканнямі. Літаральна на днях завяршыўся чацвёрты этап рэканструкцыі вучэбна-педагагічнага комплексу № 12. Наогул, для падрыхтоўкі навучальных устаноў горада да новага навучальнага года выкарыстоўваюцца розныя магчымасці. Гэта і бюджэтнае фінансаванне, і шэфская, спонсарская дапамога, падтрымка апякунскіх саветаў. Усе гэтыя сродкі кансалідуюцца і ідуць на рашэнне надзённых задач, якія стаяць перад установамі адукацыі, – падкрэсліў Уладзімір Міхайлавіч.

На ўрачыстае адкрыццё басейна госці прыйшлі з падарункамі. Ад мясцовых выканаўчых уладаў кіраўніцтву школы былі перададзеныя сертыфікаты на набыццё камплекта падводнага пыласоса для ачысткі басейна і корпуснай мэблі для гардэроба. Значна, што ў ходзе мерапрыемства ганаровымі граматамі былі адзначаны будаўнікі, дзякуючы плённай працы якіх капітальны рамонт завяршылі паскоранымі тэмпамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ