- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Змена “Travel-тур Беларусь” у лагеры “Непаседы”

 

 

У Смаргонскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі завяршыла працу лагерная змена “Travel-тур Беларусь” летняга аздараўленчага лагера “Непаседы”.

Змена праходзіла на працягу 18 дзён з 13 ліпеня па 5 жніўня. Падчас змены навучэнцы падарожнічалі па Беларусі, кожны дзень пазнаючы нешта новае пра сваю краіну, знаёмячыся з яе культурай, традыцыямі і дасягненнямі знакамітых людзей.

Больш за ўсё дзецям запомніліся гульнявы квест “Сцежкамі Смаргоншчыны”, забаўляльна-гульнёвая праграма “Смаргонскія замалёўкі”, гульня-агляд “Па старонках Чырвонай кнігі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсных праграмах “Містэр лагера” і “Міс лагера – 2020”. Шмат станоўчых эмоцый выклікалі гульні-віктарыны “Таямніцы беларускай мовы”, “Мая краіна – Беларусь”.

Акрамя пазнавальных падарожжаў у лагеры праводзіліся творчыя майстэрні, майстар-класы, на якіх падлеткі навучыліся новым творчым тэхнікам, стваралі прыгожыя малюнкі, паштоўкі і вырабы. За час змены дзеці асвоілі розныя мастацкія тэхнікі, працавалі з паперай, стваралі арыгамі, аплікацыі, шылі цацкі, працавалі з глінай.

Таксама за гэты час яны сустрэліся з супрацоўнікамі АДАІ Смаргонскага РАУС, Смаргонскага РАНС, што дазволіла ім паглыбіць веды пра бяспечныя паводзіны на дарогах і ў транспарце, замацаваць правілы паводзінаў у выпадку пажару ці іншай надзвычайнай сітуацыі.

У апошні дзень работы лагера, на ўрачыстым закрыцці змены, выхаванцы парадавалі ўсіх творчымі нумарамі: спявалі песні, чыталі вершы, паказвалі сцэнкі. Завяршыўся дзень развітання фотасесіяй “Расстаёмся сябрамі”.

На працягу змены дзеці пазнаёміліся і пасябравалі адно з адным, зблізіліся ў сваіх атрадах, весела і карысна правялі час. Змена атрымалася яркай і насычанай, напоўненай цікавымі мерапрыемствамі і творчымі справамі.

Анжэла АСКІРКА,
дырэктар лагера

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий