- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Сцежкамі малой радзімы

 

 

Сцежкамі малой радзімы падарожнічаюць штотыдзень у летні час выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту Гезгалаўскага ясляў-сада.

Аграгарадок Гезгалы– гэта невялікі куточак Дзятлаўчшыны, які славіцца сваёй непаўторнай прыгажосцю: сасновы бор, вялікае вадасховішча, куды кожны год прылятаюць белыя лебедзі, жывапісная рака Моўчадзь.

Прыроднае асяроддзе дзіцячага сада дазваляе педагогам максімальна карысна выкарыстоўваць летні час для пашырэння ўяўленняў выхаванцаў пра непаўторнасць і прыгажосць роднага краю, выхавання беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў. Традыцыйнай формай работы сталі тэматычныя экскурсіі, прагулкі-паходы пад агульнай назвай “Падарожжы сцежкамі малой радзімы”.

Кожны выхад за тэрыторыю дзіцячага сада выклікае ў выхаванцаў вялікую радасць і эмацыянальны ўздым. Дзецям цікава наведаць незнаёмыя мясціны, атрымаць новыя веды, сабраць прыродны матэрыял і, зразумела, проста пагуляць на прыродзе.

Падарожнічаючы па родных сцежках, дзеці вучацца назіраць, мысліць, устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць вывады. Развіць у выхаванцаў назіральнасць і дапытліваць дапамагае прыём “Скарбонка цікавых пытанняў”, якая папаўняецца дзіцячымі малюнкамі-пытаннямі і пусцее, калі знаходзяцца адказы. Праблемныя пытанні часцей за ўсё ўзнікаюць падчас назіранняў, у ходзе экскурсій, прагулак: “Што лечыць трыпутнік?”, “Чаму расліна падбел па-руску называецца “мать-и-мачеха”?”, “Чым падобныя расліны чарніцы і буякі (голубика)?”, “Чаму дзятла называюць лекарам?”. Каб знайсці адказы на пытанні, дзеці назіраюць, чытаюць разам з дарослымі мастацкую і энцыклапедычную літаратуру, займаюцца доследна-эксперыментальнай дзейнасцю.

                   

Сёлета педагогамі распрацаваны і рэалізоўваецца з выхаванцамі рознаўзроставай групы пазнавальна-даследчы праект “Калючыя прыгажуні”, мэта якога знайсці адказы на пытанні “Чым адрозніваюцца і падобныя ёлка, хвоя і ядловец?”, “Што такое ігліца?”, “Як людзі выкарыстоўваюць хваёвыя дрэвы?”. Экскурсія ў лес дазволіла дзецям уважліва разгледзець і параўнаць будову хваёвых дрэў, іх ігліцу, зрабіць схематычныя малюнкі, і, такім чынам, самастойна знайсці адказ на першае пытанне.

У час правядзення тэматычнага дня “Зялёная аптэка” дзеці зрабілі падарожжа да ракі Моўчадзь. Каля берага ракі ўважлівыя назіральнікі хутка знайшлі ўжо знаёмыя па малюнках лекавыя расліны: рамонак, трыпутнік, чабор. Разам з выхавальнікамі дзеці сабралі прыродны матэрыял, а потым на занятках ручной працай зрабілі гербарыі для сюжэтна-ролевых гульняў “Фітааптэка” і “Бальніца”.

Але якое падарожжа без вясёлых рухомых гульняў, забаў, сонечных ваннаў?! Гэта абавязковая і самая любімая дзецьмі частка прагулак-паходаў. Весела і гуляючы выхаванцы загартоўваюць свой арганізм, атрымліваюць зарад бадзёрасці і пазітыву.

Педагогі ўпэўненыя, што падарожжы сцежкамі малой радзімы маюць вялікае выхаваўчае значэнне: дзеці вучацца любіць, берагчы багацці прыроды, разумна імі карыстацца. І пачынаць такія падарожжы трэба як мага раней, калі сэрцы дзяцей найбольш адкрытыя для дабра.

Алена ЛУКІЯНЕЦ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Гезгалаўскага ясляў-сада Дзятлаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ