- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Выступілі на “ЭкаТрыбуне”

 

 

Навучэнцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна – члены раённага экалагічнага клуба “Абуджэнне”, прынялі ўдзел у рэспубліканскім інтэрнет-форуме “Праваслаўная моладзь за ўстойлівае развіццё”, арганізаваным экалагічным аддзелам Гродзенскай Епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы сумесна з Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі ў рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2020–2025 гады.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел 24 каманды з усёй рэспублікі. Асноўная ідэя форуму – шырокае прыцягненне каманд з ліку вучняў устаноў адукацыі, старэйшых за 14 гадоў, сумесна з маладзёжнымі брацтвамі прыходаў Праваслаўных храмаў да абмеркавання надзённых праблем экалогіі, пошуку аптымальных шляхоў іх вырашэння.

На спецыяльнай старонцы ў Instagram прайшла “ЭкаПеразагрузка”, дзе ўдзельнікі выказалі свой “ЭкаПогляд”, распавялі пра добрыя справы па ахове прыроды, падрыхтавалі пытанні для “ЭкаСтрыма” і выступілі на “ЭкаТрыбуне”.

У першы дзень форуму на старонцы “EKO4POST” былі размешчаны фотавізіткі пад дэвізам “Што мы мяняем у сабе, каб зрабіць свет лепшым”. Наша каманда таксама размясціла свае прапановы і пытанні па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі як у раёне, так і ў цэлым на планеце. Членаў нашай каманды хвалявалі пытанні павелічэння колькасці мікрапластыка ў вадзе, абароны жывёл ад лабараторных доследаў, а таксама штучныя кветкі на могілках.

Другі дзень форуму быў адзначаны правядзеннем анлайн-канферэнцыі “Арганічнае адзінства чалавека і планеты”, экатрыбуны па абмеркаванні пытанняў праблемнага поля форуму. Падчас канферэнцыі нашы ўдзельнікі актыўна ўключыліся ў агульную размову, уносілі свае прапановы. Мы вельмі рады, што нашы прапановы ўвайшлі ў выніковы дакумент мерапрыемства – анлайн-зварот да моладзі “Каб стаць прыкметней, трэба аб’яднацца”.

Па выніках форуму каманда Казлоўшчынскай сярэдняй школы, як адна з самых актыўных каманд, адзначана дыпломамі ў намінацыях “Інфармацыйная ЭкаАдкрытасць”, “Актывіст”.

Каманда выказвае падзяку дырэктару Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігару Уладзіміравічу Данільчыку, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Вользе Віктараўне Яфімік за аказаную дапамогу ў падрыхтоўцы каманды. Каманда ў складзе Настассі Антончык, Ганны Антончык, Марыі Кавальчук, Арцёма Мазаля і Артура Мазаля кажа дзякуй усім арганізатарам, асабліва Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі Дзятлава ў асобе дырэктара Таццяны Пятроўны Ваніслаўчык і загадчыцы эколага-біялагічнага аддзела Ірыны Вікеньеўны Лагун за прадстаўленую магчымасць удзельнічаць у такім вельмі патрэбным мерапрыемстве і аказаную метадычную дапамогу.

Інтэрнет-форум прымусіў нас задумацца над тым, каб дэвізам нашага жыцця сталі словы Серафіма Сароўскага: “Купі мяцёлку, купі венік ды часцей мяці келлю, таму што як будзе вымецена твая келля, так будзе вымецена твая душа”.

Тамара БУЯК,
настаўнік біялогіі Казлоўшчынскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна

 

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ