- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Пра дарожны рух гуляючы

 

 

Музычна-спартыўнае свята “Як дзеці навучылі Бабу Ягу правілам дарожнага руху” прайшло ў яслях-садзе № 42 Гродна. Дарослыя яшчэ раз хацелі нагадаць дзецям пра бяспечныя паводзіны на дарозе.

На вясёлым мерапрыемстве нашым педагогам сумесна з інспектарам ДАІ і дзеткамі давялося вучыць правілам дарожнага руху Бабу Ягу, якая шукала сваю хатку ў горадзе. Перабягаючы на чырвоны сігнал святлафора, яна стварыла на дарозе аварыйную абстаноўку. Аднак інспектар ДАІ заўважыў парушальніцу і зрабіў ёй заўвагу. Аказалася, Баба Яга зусім не ведае правілаў дарожнага руху. Супрацоўнік ДАІ прывёў яе на свята да рабят старшай групы і папрасіў іх дапамагчы казачнаму персанажу вывучыць гэтыя правілы.

З задачай дзеці паспяхова справіліся. Яны змаглі навучыць Бабу Ягу паводзіць сябе на дарозе так, каб не здарылася бяды: паказалі, дзе можна пераходзіць дарогу, што такое “зебра”, расказалі пра тое, што нельга гуляць паблізу праезнай часткі, як важна ведаць і выконваць сігналы святлафора, як арыентавацца па дарожных знаках.

Тэорыю рабяты з лёгкасцю ўжывалі на практыцы: на асфальце ў двары дзіцячага саду нанесеная дарожная разметка, ёсць і скрыжаванне з кругавым рухам. Выбраўшы транспарт па ўзросце – самакаты, малыя праехалі па маршруце, выконваючы правілы дарожнага руху, якія ім падказвалі педагогі. Разам з інспектарам ДАІ і Бабай Ягой дзеці ўдзельнічалі ў эстафетах з мячамі, “Уважлівы пешаход”, “Фігурнае кіраванне”, адгадвалі загадкі з каляровымі адгадкамі. Разам з педагогамі яны спявалі песні, танцавалі. Свята прайшло весела і цікава.

Нашы выхаванцы паказалі сябе добрымі знаўцамі ў пытаннях бяспекі на дарозе. Яны не толькі дапамаглі Бабе Яге засвоіць навыкі паводзін на дарозе, але і прадэманстравалі свае веды і ўменні.

Інспектар ДАІ расказаў малышам, хто такі рэгуліроўшчык, правёў майстар-клас “Асноўныя жэсты рэгулявання”, паказаўшы рухі, якія неабходна ведаць і пешаходам, і кіроўцам на выпадак неспадзяванай сітуацыі на дарозе, патлумачыў, што рэгуліроўшчык “размаўляе” толькі жэстамі, паварочваецца налева і направа, кіруе рухам, то падымаючы, то апускаючы жазло.

Праца па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму ў нашай установе з’яўляецца адной з самых важных і прыярытэтных работ, арганізуецца з выхаванцамі на пастаяннай аснове. Бо так важна ўсвядоміць, што, ведаючы і выконваючы правілы дарожнага руху, можна пазбегнуць непрыемнасцей на дарозе.

Надзея КОТ,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 42 Гродна

 

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ