- Метадычка, Пачатковая школа. Iдэi

Гульнёвы і займальны матэрыял да ўрокаў навучання грамаце ў 1 класе

 

 

Святлана САЛДАТАВА,
настаўнік пачатковых класаў
гімназіі № 6 Гродна

 

Фарміраванне ў дзяцей творчага падыходу да справы, актыўнасці і самастойнасці ў пошуках ведаў застаецца адной з важных задач школьнага навучання. Неабходным спецыяльным сродкам, які пабуджае пазнавальную дзейнасць дзіцяці, з’яўляецца займальны матэрыял.

Дзеці, захопленыя гульнёй, лягчэй засвойваюць праграмны матэрыял. Гэта асабліва значна ў перыяд навучання грамаце, таму што гульнёвая дзейнасць яшчэ застаецца адной з вядучых. Уключэнне ва ўрок гульняў, скарагаворак, загадак, рэбусаў робіць працэс навучання цікавым, стварае ў вучняў бадзёры рабочы настрой, знімае стомленнасць.

Дыдактычная гульня, з аднаго боку, спрыяе развіццю творчых здольнасцей вучняў, фарміруе ў дзяцей кемлівасць, уяўленне, памяць, дапытлівасць, увагу, а з другога – вырашае дыдактычную задачу: вывучэнне новага матэрыялу або замацаванне і паўтарэнне пройдзенага, фарміраванне вучэбных уменняў і навыкаў.

Гульня “Слухай уважліва”

Настаўнік гаворыць сказ. Калі ён інтанацыйна закончаны, то дзеці ставяць “кропку”: кулачком рукі стукаюць па парце і гавораць: “Кропка”. Калі сказ не закончаны, яны яго дапаўняюць.

     – Па шашы едзе (машына).

     –Тата чытае газету.

Гульня “Шыфравальшчыкі”

Дзеці слухаюць сказ і будуюць на парце яго схему.

Гульня “Рэха”

Настаўнік вымаўляе слова, вучні хорам паўтараюць толькі націскныя склады, як рэха.

Гульня “Сапсаваны тэлефон”

Настаўнік гаворыць, што сапсаваўся тэлефон і некаторыя склады зусім прападаюць. Дзецям трэба правільна назваць усё слова:

     – машы(на), бу(сел), (ба)бёр.

Гульня “Магазін”

“Прадавец”адпускае тавар толькі ў тым выпадку, калі “пакупнік” правільна называе першы гук у слове, якое пазначае “куплю”.

Магчымыя варыянты гульні “Магазін”. На дошцы выстаўляюцца прадметныя малюнкі цацак. Педагог – прадавец, дзеці – пакупнікі. Каб купіць цацку, выконваецца заданне: 1) прадаецца цацка, у назве якой 2 склады; 2) другі склад націскны; 3) назва слова пачынаецца на адпаведны гук.

Гульня “Адгадай слова”

Настаўнік вымаўляе слова з паўзай паміж гукамі. Вучні павінны назваць слова цалкам:

     – с-ы-р,  д-ы-в-а-н.

Гульня “Наадварот”

Настаўнік прапануе склады з двума гукамі, дзеці павінны памяняць месцамі гукі:

     – ам-ма, ту-ут, бо-об, ан-на.

Гульня “Галава-хвост”

Настаўнік пачынае слова, а вучні павінны прыдумаць слова з гэтым пачаткам:

     – ка(ва), ка(мар), ка(рась).

Гульня “Расстаў кветкі”

У першую вазу трэба паставіць кветкі, назва якіх пачынаецца з мяккага гука, у другую- з цвёрдага:

     – півоня, фіялка, рамонак, ружа.

Гульня “Падбяры пару”

Прыклад: м-м’, с-с’ або б-п, д-т.

Гульня “Знайдзі пару”

На дошцы напісаны ўроскід друкаваныя і прапісныя літары. Трэба злучыць іх крэйдай.

Гульня “Тэатр літар

Настаўнік загадзя павінен падрыхтаваць двух вучняў, каб яны паказалі літару з дапамогай свайго цела.

Гульня “Знайдзі адрозненне”

Настаўнік паказвае 2 малюнкі, дзеці вымаўляюць назву прадметаў і гавораць, у чым адрозненне гэтых слоў:

     – каза-каса, кіт-кот.

ГульняПрыдумай слова

Настаўнік піша на дошцы (або на картцы) склады: на, но, ны, ні, ну, нэ, а дзеці прыдумваюць словы з гэтымі складамі.

ГульняКапітаны

Па “моры” з портамі А, О, У, І, Э, Ы “праплывае” карабель з літарай Н, прыпыняючыся перад галоснай, а вучні чытаюць атрыманы склад.

ГульняЗ кветкі на кветку

На дошцы размешчаны “кветкі” са складамі. Настаўнік указкай паказвае кветку, а дзеці чытаюць. Да ўказкі прымацаваны малюнак пчалы.

Гульня “Адрамантуй літары”

Настаўнік кажа, што літары, якія запісаны на дошцы, аб’еў жучок, трэба іх адрамантаваць і назваць. (Літары не дапісаны).

ГульняКім вы будзеце па прафесіі?

Дзеці называюць прафесіі, дзе ёсць гук [т]:

     – настаўнік, сталяр, токар, кантралёр, машыніст, лётчык.

Гульня “Правядзіце вавёрку ў дупло”

Да дошкі прымацаваны малюнак дупла, вакол “надрукаваны” знаёмыя дзецям склады. Настаўнік паведамляе задачу: “Вавёрка можа трапіць у дупло, скачучы па складах з літарай С. Дапамажыце ёй”.

Гульня “Слова заблудзілася”

Знайсці “чужое” слова сярод “сваякоў”:

     – рачушка, рачны,рак, рака.

     – вада, вадаправод, водар, водны.

     – ліс, лісяня, ліска, ліст, лісіны.

Гульня “Камень – вата”

Клас дзеліцца на дзве каманды. Настаўнік называе слова з цвёрдым гукам – устае каманда “камня”, з мяккім – каманда “ваты”.

Гульня “Уважлівы пакупнік”

Дзеці павінны назваць прадукты харчавання, у назвах якіх ёсць гукі [л], [л’]:

     – хлеб, малако, масла, соль, кісель.

Гульня “Слова ў слове”

Вучні чытаюць словы і знаходзяць сярод іх другія словы:

     – тканіна, слімак, салата.

ГульняШто вырасла на градцы?

Назваць гародніну, у назве якой ёсць гукі [б], [б’]:

     – боб, цыбуля, бурак, бульба, гарбуз.

Гульня “Паштальён”

На дошцы размешчаны малюнкі домікаў з літарамі, якія абазначаюць галосныя і зычныя гукі. Вучань-паштальён павінен разнесці пошту толькі ў тыя дамы, дзе літара абазначае зычны (галосны) гук. Замест літар можна напісаць склады.

ГульняЛітары рассыпаліся”

Неабходна з літар скласці слова:

     – а з к а к (казка), д о в р а (водар).

Загадків учаць задумвацца над заканамернасцямі, якія адбываюцца ў прыродзе, актывізуюць мысленне, прывучаюць да назіральнасці, развіваюць мастацкі густ.

     Што гарыць без полымя?  (Зара)

     Кругленька, беленька ўсяму свету міленька. (Сонца)

     Ідзе-ідзе, а з месца не сойдзе. (Гадзіннік)

     Вусаты, хвастаты, драплівы, пухнаты.
     Завецца Вуркот. Хто гэта? (Кот)

     Яна ў бары жыве ў нары,
     Яркая рыжуха, здатная хітруха. (Ліса)

Развіццю фанематычнага слыху, дыкцыі, выразнаму вымаўленню гукаў, узбагачэнню слоўнікавага запасу дапамагаюць скарагаворкі і чыстагаворкі.

     Рыбак Рыгор рыбачыў на рацэ.

     Вадавоз вёз ваду ад вадаправода.

     Маша шыла шапку Сашу. Шапку Сашу шыла Маша.

     На дыване – канапа, на канапе – Ян, споўз Ян з канапы на    дыван.

     Скача чапля па балоце, чачотачка ў чароце,

     А чубаты чачот топча, топча агарод.

Патрэбна памятаць, што выкарыстанне займальнага матэрыялу не павінна супярэчыць мэтам і задачам урока. Займальны матэрыял павінен несці навучальны, развівальны і выхаваўчы характар.

 

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий