- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Самакіраванне ў аздараўленчым лагеры

 

 

Трэцяя лагерная змена “Лесвіца поспеху” у аздараўленчым лагеры “Сузор’е” Гродзенскага раёна была накіравана на стварэнне ўмоў для развіцця дзіцячай ініцыятывы, лідарскіх якасцей, фарміравання актыўнай, адказнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі.

Патрэба дзяцей у рэалізацыі сацыяльнай актыўнасці, імкненне да сумеснай дзейнасці знаходзяць практычнае ўвасабленне ў рабоце органаў самакіравання лагера. Вопыт арганізацыйнай дзейнасці папярэдніх гадоў, традыцыйныя формы і метады работы апраўдалі сябе ў выхаваўчай рабоце і сёння захаваны ў рабоце органаў самакіравання ў “Сузор’і”.

На агульналагерным узроўні ў “Сузор’і” дзейнічае клуб “ЛАД” (“Лідар + Актыў + Дружба”). У клуб уваходзяць камандзіры атрадаў, намеснік начальніка па асноўнай дзейнасці і старшыня лагера (з ліку дзяцей), якога абралі рабяты на “Турніры кандыдатаў”. Клуб “ЛАД” займаецца арганізацыяй і дапамогай ў рэалізацыі мерапрыемстваў, каардынацыяй дзейнасці, падвядзеннем вынікаў і творча-інфармацыйным адлюстраваннем ходу праектаў праз афармленне прэс-рэлізу.

Камандзіры атрадаў на пасяджэнні клуба першымі даведваюцца пра важныя падзеі ў лагеры, выконваюць разам з атрадамі заданні, атрыманыя ад намесніка начальніка па асноўнай дзейнасці. Кожны атрад распрацоўвае і арганізоўвае свой праект-ініцыятыву. Гэта адукацыйныя, забаўляльныя, творчыя, гульнявыя, спартыўна-турыстычныя і іншыя праграмы і акцыі. Атрад прадстаўляе аўтарскі праект і прапануе ўсім выхаванцам змены прыняць у ім удзел. Пасля рэалізацыі праектаў праводзіцца інтэрактыўнае галасаванне “Аддай свой голас за Поспех!”, па выніках якога вызначаецца самы паспяховы атрад лагера – аўтар і арганізатар лепшага праекта.

Асноўным органам атраднага самакіравання ў лагеры з’яўляецца савет атрада. Ён ведае пытаннямі самаарганізацыі атрада, удзелу ў агульналагерным праекце змены. Самакіраванне пабудавана такім чынам, што кожнае дзіця можа выбраць тую сферу працы, у якой яно сябе адчувае камфортна і выяўляе свае асабістыя якасці. Так, у трэцяй змене “Лесвіца поспеху” дзейнічаюць наступныя групы: група “чысцёхі” адказвае за санітарны стан атрада, сочыць за запаўненнем экранаў настрою, сістэмы індывідуальнага росту; праектная група распрацоўвае і ўкараняе арыгінальныя мерапрыемствы; аналітычная група ажыццяўляе кантроль за валютай атрада (“сузоркамі”), удзельнічае ў правядзенні анкетавання і падлікаў галасоў у конкурсных праграмах; аrt-група афармляе атраднае месца, прымае ўдзел у конкурсах малюнкаў, арганізоўвае творчыя майстэрні, дапамагае вызначыць пераможцаў art-конкурсаў; спорт-група арганізуе правядзенне зарадкі, выбірае кандыдатаў для ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах; інфа-цэнтр праводзіць інфармацыйную працу з атрадам, паведамляе пра акцыі і мерапрыемствы, з’яўляецца сувязным звяном з клубам “ЛАД”; група “запалачак” стварае яркія нумары, складае запамінальныя “крычалкі”, актыўна падтрымлівае ўдзельнікаў конкурсаў і канцэртаў.

Кожнае дзіця з улікам яго інтарэсаў замацавана за якой-небудзь групай. Дзякуючы рабоце органаў самакіравання лагера “Сузор’е” кожны выхаванец развівае свае лідарскія здольнасці і якасці, уменне прымяніць іх у паўсядзённым жыцці. Падлетак набывае інструмент для асобаснага росту і развіцця, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі, талерантнасці, уменне дзейнічаць у інтарэсах удасканалення не толькі сваёй асобы, але і грамадства.

Валянціна СЕГЕНЬ,
педагог-арганізатар Гродзенскага раённага
цэнтра творчасці дзяцей і моладзі,
намеснік начальніка па асноўнай дзейнасці
аздараўленчага лагера “Сузор’е”

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ