Асаблівы дзень для кожнага

- 19:29МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

 

На Магілёўшчыне ўрачыста адзначылі Дзень ведаў. Дзверы кожнай навучальнай установы рэгіёну зноў расчыніліся, каб даць старт новаму навучальнаму году.

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова мерапрыемства, прысвечанае Дню ведаў, традыцыйна адбылося ў цёплай, нязмушанай атмасферы. Сёлета ва ўніверсітэце і яго структурных падраздзяленнях – Горацкім педагагічным каледжы і Сацыяльна-гуманітарным каледжы будуць навучацца 5259 маладых людзей. Павіншаваць навучэнцаў, студэнтаў і педагогаў з пачаткам новага навучальнага года прыйшоў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

– Першае верасня – асаблівы дзень для кожнага. Якіх бы вышынь не дасягаў чалавек, яго шлях пачынаецца са школы, з вучэбнай парты. Студэнцкія гады – лепшыя ў жыцці. Менавіта ў гэты час малады чалавек спрабуе знайсці сябе, становіцца больш разумным і адукаваным, атрымлівае прафесію. Хацелася б пажадаць студэнтам, каб вы былі ўпэўненыя ў сабе, добрасумленна працавалі на вучэбнай ніве. Ад таго, наколькі сур’ёзна і адказна вы паставіцеся да вучобы, залежыць не толькі ваша будучыня, але і будучыня ўсёй Беларусі, бо дасягненні нашай краіны трэба будзе замацаваць і працягнуць менавіта вам – моладзі, – сказаў Леанід Канстанцінавіч.

Асаблівыя словы падзякі кіраўнік рэгіёну выказаў у адрас педагогаў, падкрэсліўшы, што менавіта ад настаўнікаў шмат у чым залежыць, якімі вырастуць дзеці, які ўклад яны ўнясуць у развіццё Радзімы.

– Мне хочацца пажадаць, каб установы адукацыі выпускалі не проста граматных спецыялістаў, але і дастойных грамадзян нашай краіны, – адзначыў старшыня аблвыканкама.

У якасці святочнага падарунка ад выканаўчай улады кіраўніцтву ўніверсітэта быў уручаны сертыфікат на персанальны камп’ютар. Акрамя таго, шэраг педагогаў і студэнтаў УВА атрымалі ганаровыя граматы і падзякі за плённую працоўную і вучэбную дзейнасць.

З асаблівай урачыстасцю праходзілі лінейкі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Дарэчы, у новым навучальным годзе свае дзверы для вучняў адкрыла 341 установа гэтага профілю. Першага верасня за парты школ, гімназій і ліцэяў селі каля 113 тысяч вучняў. Самы першы званок празвінеў для 12 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, а свой апошні, адзінаццаты год у школе распачалі звыш 5 тысяч юнакоў і дзяўчат.

Святочна прайшла лінейка ў Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі № 1. Сёлета ў гэтай навучальнай установе сфарміравана 17 класаў па напрамках: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны, грамадазнаўчы, педагагічны. Усяго за вучэбныя парты тут сядуць 415 навучэнцаў. Адукацыйны працэс будзе арганізаваны сіламі 66 педагагічных работнікаў. Першы абласны ліцэй – адна з лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёну. Ліцэісты штогод паспяхова праяўляюць сябе ў алімпіядным руху, дэманструюць высокі ўзровень ведаў на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Падчас лінейкі настаўнікаў і навучэнцаў павіншаваў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, пажадаўшы ім далейшых поспехаў і дасягнення чарговых вучэбных перамог.

– Педагогі Магілёўшчыны – вельмі таленавітыя, творчыя. Кожны настаўнік – сапраўдны прафесіянал. Я шчыра віншую вас з пачаткам новага навучальнага года. Здольных, інтэлектуальных вучняў вам. Няхай усе вашы задумкі і жаданні спраўдзяцца, – пажадаў Андрэй Барысавіч.

На ўрачыстай лінейцы гучалі вершы, песні, музыка. Была і цырымонія ўзнагароджання. За плённую працу і дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення настаўнікі ліцэя былі адзначаны граматамі і ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. У якасці святочнага падарунка ад мясцовай выканаўчай улады кіраўніцтву першага абласнога ліцэя быў уручаны сертыфікат у памеры 25 тысяч рублёў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

…Аб пачатку новага навучальнага года абвясціў першы званок. Сонечнай вераснёўскай раніцай ён прагучаў для ўсіх навучэнцаў Магілёўшчыны. Паўсюдна першыя ўрокі прайшлі на тэму “Я вырас тут, і край мне гэты дарагі”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

На здымках: урачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў,
у МДУ імя А.А.Куляшова і Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі № 1

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий