- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Стартуе тыдзень устаноў дадатковай адукацыі

 

 

Установы дадатковай адукацыі Магілёўшчыны расчынілі свае дзверы перад навучэнцамі і іх бацькамі. У рамках традыцыйнага Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі зараз паўсюдна праходзяць разнастайныя інфармацыйна-рэкламныя і прэзентацыйныя мерапрыемствы.

Адметнай асаблівасцю тыдня сёлета стала змястоўнае напаўненне мерапрыемстваў. Усе яны праходзяць па тэматычных блоках: “Рэклама – рухавік поспеху”, “Сельская школа, клуб па месцы жыхарства – культурнаадукацыйны цэнтр развіцця навучэнцаў”, “Радзіма ў сэрцы кожнага”, “Здаровы лад жыцця – падмурак будучых дасягненняў”, “Кансалідацыя з бацькоўскай грамадскасцю, з сацыяльнымі інстытутамі ў выхаванні падрастаючага пакалення”, “Метадычная падтрымка. Павышэнне прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў”, “Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – тэрыторыя развіцця творчасці”.

У аснове арганізацыі і правядзення ўсіх мерапрыемстваў – рэкламная дзейнасць. Ва ўсіх установах падрыхтаваны і эстэтычна аформленыя інфармацыйныя стэнды, банеры. РR-дзейнасць устаноў адбілася ў маляўнічых рэкламных праспектах, візітоўках, флаерах, якія будуць актыўна распаўсюджвацца сярод грамадскасці. У некаторых установах да арганізацыі рэкламы падышлі вельмі крэатыўна. Так, у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска стварылі рэкламны аўтобус “Планета KIDS”, які будзе курсіраваць па горадзе і распаўсюджваць інфармацыю пра аб’яднанні па інтарэсах. У Быхаўскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці арганізавана праца відэагасцёўні “Для творчых, яркіх, актыўных!”. У цэнтры творчасці “Эверэст” Магілёва правядуць ток-шоу “Топ-10 прычын прыйсці ў “Эверэст”, а ў многапрофільным цэнтры па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва наладзілі работу рэкламна-інфармацыйнага цэнтра ў рэжыме анлайн.

Прыярытэтным напрамкам у дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па-ранейшаму застаецца выхаванне грамадзяніна-патрыёта сваёй краіны. Таму ў разнастайным пераліку інфармацыйна-забаўляльных праграм асаблівую ўвагу паўсюдна надавалі арганізацыі тэматычных мерапрыемстваў “Радзіма ў сэрцы кожнага”. Так, у цэнтры дзіцячай творчасці Мсціслава правядуць гульню-прэзентацыю “Астравок малой Радзімы – Мсціслаў”. У Касцюковіцкім раённым цэнтры дзіцячай творчасці наладзілі працу майстэрні, накіраванай на папулярызацыю сярод падрастаючага пакалення беларускіх мастацкіх рамёстваў, знаёмства з мясцовымі народнымі ўмельцамі. У раённым цэнтры дзіцячай творчасці Дрыбіна ўсіх жадаючых запрашаюць на майстар-клас “Шапавальства – спрадвечнае дрыбінскае рамяство”. У Быхаўскім цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі пройдзе выстава-прэзентацыя фотаработ “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі”, а ў раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Ветразь надзей” Хоцімска пройдзе квест-гульня “Спазнаём родны край” .

Выхаванне культуры здаровага ладу жыцця, накіраванае на ўсведамленне значнасці здароўя як каштоўнасці – гэтыя аспекты закладзены ў серыі мерапрыемстваў, аб’яднаных у блоку “Здаровы лад жыцця – падмурак будучых дасягненняў”. Маштабнымі, масавымі абяцаюць быць матчавая сустрэча па міні-футболе “Фізкультура і спорт – наша здароўе”, паказальнае выступленне “Плыві хутчэй, грабі мацней”, арганізаваныя многапрофільным цэнтрам “Ветразь” Бялыніч. На далучэнне вучняў да заняткаў фізкультурай і спортам накіраваны спартыўна-гульнявыя праграмы “Быць здаровым – гэта стыльна”, “Мы разам” Круглянскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка”, велапрабег “Наперад за адкрыццямі!”  Краснапольскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці, спартыўнае свята “Маленькімі крокамі да алімпійскага п’едэстала” раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ветразь надзей” Хоцімска, спартыўна-турыстычная гульня “Вясёлыя старты з турыстычнымі перашкодамі” раённага цэнтра дзіцячай творчасці Дрыбіна, спартыўна-гульнявая праграма “У новы навучальны год са здароўем” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва.

       

Сучасная сістэма дадатковай адукацыі дае магчымасць усім навучэнцам у адпаведнасці са сваімі жаданнямі, інтарэсамі і патэнцыяльнымі магчымасцямі займацца мастацкай і тэхнічнай творчасцю, турысцка-краязнаўчай і эколага-біялагічнай дзейнасцю, спортам і даследчай работай. Серыя мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё здольнасцей дзяцей прадстаўлена блокам “Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – тэрыторыя развіцця творчасці”. Гэты разнастайны спектр будзе прадстаўлены шматлікімі масавымі мерапрыемствамі. Напрыклад, у цэнтры творчасці Глуска арганізуюць гульнявую пляцоўку “ArtЛабараторыя”, прэзентацыю аб’яднанняў па інтарэсах “ПраЦТ”, выставу творчых работ “Творчае ноу-хау”. Горацкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі правядзе танцавальную праграму “Dance City”. Клімавіцкі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі будзе ладзіць прэзентацыю экспазіцыі эколага-біялагічнага профілю “Водар роднай зямлі”. У Асіповіцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі правядуць праграму “Як выдатна, што ўсе мы тут сёння сабраліся”, у цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва створаць сапраўдны турысцкі гульнявы гарадок “Вяровачны лабірынт”, у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Родничок” Магілёва пройдуць майстар-класы “Роўны навучае роўнага”, “Творчасці – ура!”, гульнявыя пляцоўкі “Спазнавай! Гуляй! Весяліся!”, а ў Крычаўскім раённым цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі адбудзецца квест-гульня “Па слядах вопытных турыстаў”.

Вялікая ўвага будзе нададзена правядзенню мерапрыемстваў тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі ў сельскіх населеных пунктах, аграгарадках. Яны будуць накіраваныя на тое, каб сельскія школы станавіліся цэнтрам дзіцячай творчасці і каардынавалі сувязі з навакольным соцыумам і ўстановамі дадатковай адукацыі. Серыя масавых мерапрыемстваў запланавана на базе ўсіх сельскіх, раённых школ, на дваровых тэрыторыях Магілёўскай вобласці. Блок мерапрыемстваў па гэтай тэматыцы аб’яднаны агульнай назвай “Сельская школа, клуб па месцы жыхарства – культурна-адукацыйны цэнтр развіцця навучэнцаў”. Цікавыя інфармацыйна-забаўляльныя праграмы падрыхтавалі ў кожнай установе, а асабліва відовішчнымі абяцаюць быць мерапрыемствы цэнтра творчасці Бабруйскага раёна, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскага раёна, цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Чэрыкава, цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Чавус, Клічаўскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Адна з асноўных задач 2020/2021 навучальнага года заключаецца ва ўдасканаленні сістэмы павышэння прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў. Арганізацыйна-тэматычныя адукацыйныя мерапрыемствы гэтага кірунку аб’яднаныя ў блоку “Метадычная падтрымка. Павышэнне прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў”. Установамі прадугледжаны цэлы спектр форм работы з педагогамі. Для маладых педагогаў з мэтай адаптацыі арганізавана індывідуальная работа па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу. Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў ва ўсіх установах пройдуць майстар-класы “Майстэрства. Прафесіяналізм. Досвед”. У рамках тыдня запланаваныя разнастайныя метадычныя і семінарскія заняткі, інструктыўныя нарады, панарамы адкрытых заняткаў. Акрамя гэтага, пройдуць педагагічныя саветы, на якіх вызначацца прыярытэтныя напрамкі развіцця навучальных устаноў і асноўныя задачы на наступны навучальны год.

             

На пашырэнне выхаваўчай прасторы накіраваны мерапрыемствы, аб’яднаныя ў блоку “Кансалідацыя з бацькоўскай грамадскасцю, з сацыяльнымі інстытутамі ў выхаванні падрастаючага пакалення”. Да партнёрства актыўна прыцягваюцца службы МНС, ДАІ, УУС, цэнтры прафарыентацыі і занятасці насельніцтва, музеі, прафсаюзныя арганізацыі буйных прадпрыемстваў, грамадскія аб’яднанні. Для ўсіх арганізацый і ведамстваў, якія зацікаўлены ў карыснай занятасці дзяцей, пройдуць тэматычныя круглыя сталы. Ва ўсіх установах таксама адбудуцца бацькоўскія сходы “Занятак ў гуртку – першая прыступка да прафесіі”, “Маленькімі крокамі ў будучую прафесію”, “Прыступкі ў жыццё”, сустрэчы з выпускнікамі. Цікавымі абяцаюць быць бацькоўскія гасцёўні, якія пройдуць у інтэрактыўным рэжыме. У юбілейны год Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі адбудуцца разнастайныя тэматычныя раённыя і гарадскія мерапрыемствы.

Падрабязны анонс правядзення ўсіх запланаваных мерапрыемстваў размешчаны на сайце кожнай навучальнай установы, аддзела па адукацыі. У Магілёўскай вобласці тыдзень устаноў дадатковай адукацыі пройдзе на высокім арганізацыйна-змястоўным узроўні і дасць магчымасць навучэнцам і іх бацькам падрабязна пазнаёміцца са спектрам адукацыйных паслуг, каб выбраць справу па душы.

Наталля ЛАСТАЧКА,
метадыст інструктыўна-метадычнага аддзела
абласнога цэнтра творчасці
Фота Ганны СІНЬКЕВІЧ

На здымках: агульнагарадское дзіцячае свята ў Магілёве,
на якім ўстановы дадатковай адукацыі прэзентавалі сваю дзейнасць

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ