Вандроўка ў сталіцу XXVII Дня беларускага пісьменства

- 18:19ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 

У першую восеньскую суботу вучні 7–9 класаў нашай школы здзейснілі завочную вандроўку ў Бялынічы, сёлетнюю сталіцу беларускага пісьменства, пагарталі старонкі багатай гісторыі Бялыніцкай зямлі.

На першай станцыі “Назад у мінулае” вучні даведаліся пра ўзнікненне Бялынічаў. Асабліва ўразіў іх кляштар кармелітаў, які быў заснаваны Львом Сапегам у 1624 годзе.

На наступнай станцыі “Бялынічы: гісторыя і легенды” затрымаліся надоўга, бо сапраўды існуе шмат паданняў пра гісторыю гэтага населенага пункту, усе яны вельмі цікавыя. Але найбольш уразіла легенда пра манахаў Кіева-Пячэрскай лаўры, якія, ратуючы сваё жыццё, узялі з сабою візантыйскую ікону, ад якой ноччу сыходзіла свячэнне. Тады насталі для іх ясныя дні і светлыя (белыя) ночы. З часам паселішча, што ўзнікла вакол манастыра, атрымала назву Белы Ночы (ці “нічы”, як казалі манахі, бо былі яны родам з Украіны). Адсюль і ўзнікла назва Бялынічы.

Станцыя трэцяя “Беларускі Левітан” адкрыла ўдзельнікам Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулю, беларускага жывапісца-пейзажыста, аўтара шматлікіх палотнаў, якія можна ўбачыць зараз у музеях Беларусі і іншых краін. А музей Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах – гэта не толькі галерэя мастака, але і поле сучасных мастацкіх эксперыментаў.

Станцыя чацвёртая “Гісторыя з геаграфіяй: ваколіцы Бялыніччыны” пазнаёміла з многімі цікавымі месцамі Бялыніцкай зямлі. Так, даведаліся пра Ліпавы Гай, парк у Бялынічах, закладзены на плошчы ў шэсць гектараў у сярэдзіне XVI стагоддзя на сродкі Крыштафа Агінскага, уладальніка мястэчка. А вось сяло Галоўчын, якому ўжо 940 гадоў! Тут сышліся полацкі князь Усяслаў Чарадзей і Яраполк Ізяслававіч. На паўночным захадзе Бялыніцкага краю знаходзіцца гідралагічны заказнік “Заазерскі”, які ўключае ў сябе каскад з пяці азёр ледніковага паходжання. У мястэчку Вішаў захаваліся руіны двухсотгадовай Петрапаўлаўскай царквы. У Эсьмонах – цікавае старажытнае надмагілле ў выглядзе круглага каменнага жорнава.

На пятай станцыі “Бялыніцкай паэзіі рачулкі” даведаліся пра таленты, “што паэтычнымі радкамі славяць край”. Так, у гэтым краі нарадзіўся Ігар Іванавіч Шклярэўскі, аўтар перакладу “Слова пра паход Ігаравы” на рускую мову.

Удзельнікі і госці мерапрыемства даведаліся многа новага пра сталіцу XXVII Дня беларускага пісьменства.

Падарожнічаць па родным краі – вельмі прыемны занятак, бо ў нас цікавая гісторыя і багатая спадчына, якой мы ганарымся!

Марыя КОЎШЫК,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий